Каталіцкія вернікі адзначаюць Вербную нядзелю

Духовность Общество

Уваход Гасподні ў Іерусалім (Вербная або Пальмовая нядзеля) адзначаецца ў апошнюю нядзелю перад Вялікаднем. Сёлета ў каталіцкім календары гэта – 28 сакавіка.
Касцёл, падрыхтаваны саракадзённым велікапосным пакаяннем, у Пальмовую нядзелю пачынае перажываць цэнтральную таямніцу хрысціянскай веры – пасхальную таямніцу смерці і ўваскрасення Хрыста. У гэты дзень на ўспамін уваходу Хрыста ў Іерусалім адбываецца працэсія або ўрачысты ўваход перад святой Імшой, а таксама асвячаюцца галінкі пальмаў і іншых дрэваў. Гэта могуць быць, як здаўна прынята ў нас, галінкі вярбы, адкуль ідзе звычная назва свята – Вербная нядзеля.
Святкаваць Вербніцу пачалі ў Іерусаліме ў VI стагоддзі. Тады ўрачыстая працэсія з галінкамі пальмаў праходзіла з Віфаніі да Іерусаліма. Традыцыя грунтуецца на Евангельскім апісанні ўваходу Месіі ў Іерусалім. «У той час мноства людзей, якія прыйшлі на свята, калі пачулі, што Езус ідзе ў Іерусалім, узялі пальмовая галінкі і выйшлі Яму насустрач, усклікаючы: Гасанна! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана, Валадар Ізраэля!» (Ян 12, 12-13). У Пальмовую нядзелю ў касцёле разважаюць над мукай Хрыста, Евангельскае апісанне якой чытаюць на святой Імшы.
Па народных звычаях прынесенымі дамоў асвячонымі галінкамі вярбы прынята было злёгку ўдараць блізкіх, прыгаворваючы: «Вярба б’е – не заб’е, а здароўе дае». Вярбой выганялі на першы выпас жывёлу. Асвячоныя галінкі захоўвалі ў доме, а на наступны год спальвалі – атрыманым ад іх попелам у Папяльцовую сераду перад Вялікім постам пасыпалі галовы вернікаў.
З Вербнай нядзелі ў каталіцкай царквы пачынаецца Вялікі тыдзень – сем дзён да Вялікадня. Хаця свята прыпадае на час Вялікага посту, у яго радасны характар – з гэтых падзей пачынаецца выратаванне свету.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *