Росіцкі касцёл стаў Санктуарыем благаслаўлёных мучанікаў

Актуально Духовность

У Росіцкім касцёле Святой Троіцы адбыліся юбілейныя ўрачыстасці памяці благаславёных мучанікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.

Мінула 20 гадоў з часу беатыфікацыі росіцкіх святароў каталіцкай царквой. 13 чэрвеня 1999 года ў Варшаве Папа Ян Павел ІІ абвясціў акт беатыфікацыі росіцкіх мучанікаў у ліку іншых ахвяраў Другой сусветнай вайны. Так быў увекавечаны подзвіг святароў, якія ў 1943 годзе загінулі ў Росіцы разам з вернікамі, адмовіўшыся пакінуць іх і да канца падтрымліваючы на апошнім шляху.


За два дзесяцігоддзі месца служэння і пакутніцкай смерці благаславёных Антонія і Юрыя стала мэтай паломніцтва тысяч людзей, якія прыходзяць сюды пакланіцца самаахвярным апосталам веры, памаліцца аб іх нябесным заступніцтве, паразважаць над сэнсам свайго зямнога жыцця і зачэрпнуць сіл і мужнасці з крыніцы высокай духоўнасці Росіцы.
На юбілейную сустрэчу ў Росіцкі храм прыбылі высокія духоўныя асобы, прадстаўнікі раённай улады, сотні пілігрымаў з розных куткоў Беларусі. Усіх гасцінна сустракаў на парозе святыні яе клапатлівы і добры гаспадар айцец Часлаў Курэчка.
Удзел у росіцкіх урачыстасцях прымалі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, правінцыял ордэна айцоў-марыянаў правінцыі Божага провіду ў Варшаве айцец Тамаш Навачык, Апостальскі візітатар грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, святары і кансэкраваныя асобы.
Гасцей прывітаў старшыня райвыканкама Ігар Марковіч. Ён падзякаваў за памяць, якая прывяла людзей у гэта асаблівае месца на верхнядзвінскай зямлі, каб памаліцца да благаславёных пакутнікаў Юрыя і Антонія, нагадаць усіх, хто аддаў жыццё ў імя міру, успомніць нявінных ахвяраў вайны. Наша зямля дорага заплаціла за перамогу над фашызмам – у раёне спалена 426 вёсак, загінуў кожны другі яго жыхар.


Сёлета адзначаецца 75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Кіраўнік раёна нагадаў, што ў гонар гэтай знамянальнай даты зацверджаны юбілейны медаль. Прынята рашэнне ўзнагародзіць ім пробашча Росіцкага касцёла айца Часлава Курэчку. Святар шмат працуе над захаваннем памяці, займаецца патрыятычным выхаваннем моладзі, стварыў у Росіцы сапраўдны цэнтр духоўнасці, куды імкнуцца людзі з усёй Беларусі і замежных краін. Пад бурныя апладысменты прысутных кіраўнік раёна ўручыў медаль “75 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў” ксяндзу Чаславу Курэчка.
Кветкі ад верхнядзвінцаў у знак прызнання за візіт і ўвагу да духоўнага выхавання жыхароў раёна ўручаны біскупу Алегу Буткевічу.
Горача віталі прысутныя пілігрымаў, якія адолелі нялёгкі шлях у Росіцу пешшу або на веласіпедах. 115 кіламетраў на працягу чатырох дзён ішлі 48 чалавек з Полацка. За тры дні адолелі амаль 90 кіламетраў пілігрымы з Друі. 14 вернікаў прыехалі на веласіпедах з Верхнядзвінска. І больш за 400 кіламетраў на працягу пяці дзён дабіраліся на веласіпедах да Росіцы пілігрымы з Барысава. На аўтобусах прыбылі сюды госці з Мінска, Віцебска, Полацка, Браслава, Міёр, іншых мясцін.


На працягу двух дзён, калі доўжыліся малітоўныя ўрачыстасці, святыня была перапоўнена людзьмі, удзячнымі Богу і благаславёным пакутнікам за магчымасць папрасіць дапамогі і заступніцтва ў розных патрэбах. Менавіта аб гэтым гаварыў да вернікаў у сваёй прамове святар Ілля Саўчанка. Ён адзначыў, што мы часам шукаем Бога недзе далёка, у святых мясцінах. А Бог побач, у гэтай святыні, у тваёй душы, трэба толькі здолець адкрыць Яму сваё сэрца, даверыцца так шчыра, каб дазволіць дзейнічаць у сваім жыцці. Варта спытаць у сябе, ці настолькі глыбокая мая вера, каб быць упэўненым, што Бог можа перамяніць маё жыццё?!
Цэнтрам духоўных мерапрыемстваў у Росіцы былі паўночная Імша і працэсія да Пляца мучаніцтва. Напачатку Літургіі генеральны вікарый ксёндз Францішак Кісель зачытаў Дэкрэт біскупа Віцебскага аб устанаўленні ў пара-фіі Найсвяцейшай Троіцы ў Росіцы Дыяцэзіяльнага Санктуарыя росіцкіх пакутнікаў. Гэта азначае, што Росіцкі касцёл стаў месцам наймацнейшай сілы заступнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.


Пасля Імшы працэсія вырушыла на месца мучаніцтва і смерці ахвяраў вайны – вялікая жывая рака агню ад запаленых знічак пацякла па дарозе да Крыжа, які стаў для росіцкіх пакутнікаў брамай у неба.
Урачыстасці працягваліся на наступны дзень малітоўнымі практыкамі і святой Імшой.
Па заканчэнні духоўных мерапрыемстваў гаспадар святыні запрасіў гасцей на пачастунак у імправізаванае кафэ “У бусла”. Айцец Часлаў сардэчна прапаноўваў удзельнікам сустрэчы адпачыць на прыгожай тэрыторыі касцёла і прыязджаць сюды зноў і зноў, каб памаліцца, атрымаць фізічнае і духоўнае аздараўленне, якімі славіцца Росіца.
Храм, сапраўды, выпраменьвае велічнасць і цалебную сілу. Яго тэрыторыя стараннямі пробашча і яго добраахвотных памочнікаў ператворана ў райскі куточак, дзе гарманічна спалучаюцца дзівосы прыроды і здабыткі рук чалавечых. У разнастайных дэкаратыўна-ландшафтных кампазіцыях адчуваецца любоў да ўсяго жывога і захапленне створанай Богам зямной прыгажосцю. У сотнях зелянеючых кустоў і яркіх кветак, бусліных гнёздах і німфеях на воднай гладзі возера сцвярджаецца жыццё ва ўсіх яго праяўленнях – тое самае, што некалі перамагло тут смерць і сёння працягваецца ў гэтых выявах любові і дабрыні.
Яніна Пакульневіч.
Фота Ларысы ЗАЙЦАВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *