Экскурсія па Верхнядзвінску

Актуально Наш край

Дзе б я ні блукаў па жыццёвых абшарах,

Які б там Парыж ні рукаўся са мной –

Ды выплыве знічкаю ў снах маіх-марах

Мястэчка над светлай красуняй Дзвіной…

средняя школа №1

 

Экскурсію па горадзе такога маштабу, як Верхнядзвінск, зручней ладзіць пешкі: тады не спатрэбіцца траціць час на пагрузкувыгрузку экскурсантаў з аўтобуса. Праблема адпадае, калі вы на легкавушцы. Вашай невялікай кампаніі нядоўга выбрацца з лімузіна. Толькі не ўздумайце разглядаць рэкамендаваныя аб’екты, не вылазячы з машыны. Паза гэтай клеткай на колах вы больш убачыце, а заадно і разамнеце зацеклыя ногі. Экскурсію пачнем ад сэрца горада – з будынка райвыканкама.

IMG_9441-1 копия

Будынак, у якім месціцца райвыканкам са сваімі службамі, называюць “белым домам”. Ён пабудаваны на былой пустцы напрыканцы 1970х і сапраўды ўзведзены з белай сілікатнай цэглы з чырвонай аздобай. Трохпавярховы гмах глядзіцца класічнастрога і досыць лёгка і светла ў акружэнні блакітных елак. Перад “белым домам” прыгожыя, дагледжаныя кветнікі. Інтэр’ер пасучаснаму прэзэнтабельны, і вам будзе прыемна пасля гутаркі з кіраўніцтвам аддзела па справах горада менавіта адсюль кіраваць на шпацыр па гарадскіх вуліцах.

Паміж прасторнай плошчай і Дзвіной ляжыць старая частка горада, якая мае асобны статус. Новыя пабудовы мусяць быць такімі, каб не парушаць архітэктурны воблік гэтага кутка, не вытыркацца занадта па вертыкалі, без размаху ўпісвацца ў ранейшую цеснаватую забудову.

IMG_4809 копия

На рагу вуліц Качкара і Савецкай стаіць будынак раённай бібліятэкі. Да ліквідацыі структураў былой КПСС тут месціўся райкам партыі. Удалы збег акалічнасцяў дазволіў бібліятэцы займець прыстойнае памяшканне, якое руплівыя працаўніцы ўстановы падтрымліваюць у выдатным стане і насычаюць жывой, разнастайнай дзейнасцю. На сценах уздоўж лесвіцы можна паглядзець гравюры, серыя якіх была выдадзена да 600годдзя Верхнядзвінска ў 1986 г. На іх адлюстраваны відарысы куточкаў нашага горада. У чытальнай зале бібліятэкі багата краязнаўчай літаратуры, у тым ліку пра гісторыю і сучаснасць былой Дрысы.

Ад бібліятэкі будзе лагічна прайсціся да былой паромнай пераправы праз Дзвіну. Тут  яшчэ нядаўна хадзіў дызельны паром. Гэткія самыя паромы былі каля сучаснага льнозавода, у Шатрове, Балінах ды Луначарскім. Да 1980х гг. паром быў ручны, ён рухаўся за кошт мускульных высілкаў пасажыраў, якія браліся за своеасаблівыя “пранікі” з прарэзамі і цягнулі пасудзіну, перабіраючы імі па сталёвым тросе пад бурлацкае “Ўзялі!”. У даваенны час побач з сучасным “пантонам” існаваў драўляны мост, спалены падчас гарматнага абстрэлу Дрысы пры наступленні савецкай арміі ў ліпені 1944г. Палі колішняга моста тырчаць з ракі пры невысокай вадзе ніжэй ад былой пераправы. На мяжы тысячагоддзяў функцыі пераправы выконваў пантонны мост, абслугаваны ваеннымі. Сёння ўвесь транспарт кіруе на новы мост за паўднёвай аколіцай горада, а сувязь пешаходаў з зарэчнай Слабадой ажыццяўляецца толькі па дамоўленасці з лодачнікамі.

10 копия

Цяпер мы выйдзем на вуліцу Гагарына і звернем налева.Гэту вуліцу жартам клічуць “французскай”, намякаючы на неславянскі склад яе жыхароў. Насамрэч тут да вайны канцэнтравалася яўрэйскае насельніцтва. У лютым 1942г. фашысты расстралялі насельнікаў гета, якое было зладжана пры паўночным канцы вуліцы, ля сутоку рэк. Паданне сведчыць, нібыта ўплаў праз Дзвіну з гета выратаваўся юнакспартовец. Але гэта, бадай, толькі няздзейсненая мара ахвяр жахлівай расправы. Зараз яўрэйскіх сем’яў у горадзе зусім мала.

Паміж вуліцамі Гагарына і Савецкай месціцца Мікалаеўская царква. Храм пабудаваны ў 1819 года ў стылі класіцызму. У ягонай кампазіцыі вылучаюцца званіца, трапезная, асноўны аб’ём і апсіда. Асноўны аб’ём квадратны ў плане. Ён завершаны высокім буйнамаштабным цыліндрычным барабанам з сферычным купалам і галоўкай у завяршэнні. У сілуэце царквы дамінуе трохярусная чацверыковая званіца з шатровым пакрыццём.  Архітэктурны дэкор стрыманы. Яго гарманічна аздабляюць прафіляваны карніз ніжняй часткі будынка і пояс сухарыкаў на барабане, арачныя праёмы  верхніх вокнаў, балюстрадная ніша званіцы.

У інтэр’еры пануе падкупальная прастора светлавога барабана ветразевай апорнай канструкцыі. Скляпеністая трапезная і апсіда з конхай расчынены ў асноўнае памяшканне шырокімі арачнымі прасветамі. У 2005 годзе царква ўзбагацілася на сяміпудовы звон.

Царкоўны пляц у наш час “акультураны” – пазбаўлены акружэння з ліпавых шатаў; замест іх створаны газон, перасечаны дарожкамі, выкладзенымі пліткай. Храм страціў у сваім вобліку нешта лірычнае, стаў выглядаць больш грувастка, прыземлена.

Вузкай вуліцай дойдзем да моста. Ніжні мост праз Дрысу не вылучаецца сярод іншых рачных мастоў. Затое адметныя краявіды, якія адкрываюцца адсюль. Як лічыць большасць даследчыкаў, менавіта тут, пры сутоку Дрысы і Дзвіны, узнікла старажытнае паселішча Дрыса. На захадзе праглядаюцца лясістыя ўзгоркі, дзе месціўся Дрыскі ўмацаваны лагер 1812 года. Адразу ад моста з маляўнічым паваротам пачынаецца вуліца Савецкая, на якой кідкую заявачку на гарадскую архітэктуру ўяўляюць сабой карпусы ААТ “Міла” – былой фабрыкі мастацкіх вырабаў. Яны  стаяць адной сцяною з будынкам ранейшага кінатэатра “Радзіма”.

Цяпер мы ўжо ідзем вуліцай Савецкай у паўднёвым напрамку. Тут стаяць у большасці аднапавярховыя цагляныя і драўляныя дамкі, некаторыя з іх захавалі рысы былой местачковасці. З Савецкай пановаму выглядае царква, якая выходзіць сюды круглай апсідай. З усяе ж астатняй забудовы вылучаецца чырвонакарычневага колеру будынак злева наперадзе.

IMG_1108

Двухпавярховы дом насупраць бібліятэкі, на рагу вуліц Савецкай і Качкара – помнік грамадзянскай архітэктуры, зафіксаваны ў ахоўных рэестрах як жылы дом пачатку ХХ стагоддзя. Прамавугольны ў плане будынак накрыты вальмавым дахам. Сцены першага паверха адразу мелі рознавялікія (па шырыні) ваконныя праёмы, дэкараваныя арачнымі броўкамі, на другім паверсе – рытмічна размешчаныя лучковыя праёмы, упрыгожаныя сандрыкамі. Фасады дома крапаваныя падваконнымі філёнгамі і прафіляваным карнізам на кранштэйнах. Планіроўка першага паверха была анфіладнай, другога – калідорнай. У гэтым тыповым для беларускіх мястэчкаў помніку грамадзянскай архітэктуры выкарыстаны элементы псеўдаготыкі і стылю “мадэрн”. Як сведчаць дакументы, некалі другі паверх быў драўляны, а сам дом, на думку архітэктараў, займаў увесь квартал уздоўж вуліцы Качкара, дзе зараз стаяць прыватныя крамкі.

IMG_2174 копия

Функцыянальнае прызначэнне будыніны зараз зусім іншае. Тут месцяцца некалькі крамаў, майстэрняў і арганізацый. У пасляваенныя гады тут доўгі час месціўся райкам партыі. Таму не дзіва, што будынак страціў шмат з свайго ранейшага аблічча як звонку, так і ў інтэр’еры. Частка вокнаў першага паверха была замураваная ці пазбаўленая арачнага завяршэння, што парушыла агульны рытм элементаў сцяны. Былі знятыя балконы. Першы паверх унутры перакроены з дапамогай усялякіх перагародак, скляпенні перасталі чытацца, анфілады зніклі. Перафарбаваны ў карычневы колер з белымі броўкамі дом быў пазбаўлены абрамлення з дрэвавых шатаў, а заадно страціў і ранейшы рамантычнасентыментальны флёр.

Адразу за скрыжаваннем вуліц вырастае яшчэ адзін помнік архітэктуры. Касцёл Нараджэння Панны Марыі пабудаваны ў 1809 г. на месцы старажытнага драўлянага. У 1860 г. вакол яго быў узведзены комплекс будынкаў, большасць з якіх захавалася да нашага часу. У памяшканнях сучасных крамаў раней месціліся касцельныя лаўкі, плябальны дом з вучылішчам і нават вазоўня ды стайня.

Знешнія абрысы касцёла маюць выгляд шасцігранніка, да якога з усходняга боку прымыкае квадратная ў плане рызніца. Над галоўным уваходам узвышаецца пяціярусная вежа, пакрытая чатырохгранным шатром. Асвятленне інтэр’ера ажыццяўляецца праз восем вокнаў, у прасценках паміж якімі зладжаны паўцыркульныя нішы. Архітэктурнае аздабленне храма простае. Увогуле ж у ягоным абліччы прасочваюцца рысы неаготыкі з элементамі барока.

IMG_8783

Пасля аднаўлення амаль разбуранага ў пасляваенны час касцёла (планавалася стварыць тут раённы краязнаўчы музей) храм з навакольным пляцам стаў найпрыгажэйшым куточкам Верхнядзвінска. На цэнтральную вуліцу выходзіць мураваная брама з каванымі варотамі і агароджай, праз якія відаць  пышныя кветнікі, мініфантан, каплічкі і іншае начынне, з любоўю дагледжанае вернікамі і іхнім пастырам.

Гэты і наступны кварталы вуліцы Савецкай найбольш ажыўленыя, бо тут размешчаны шэраг крамаў, памяшканні школы мастацтваў, банк, пошта, рэстаран “Дрыса”, будынкі службы быту, памадэрноваму адрэстаўраваны ўнівермаг, на жоўтым з бардовай аздобай фоне якога весела глядзіцца сіні пластыкавы павільёнчык аўтобуснага прыпынку. За былым кінатэатрам абапал вуліцы раскінуўся гарадскі сквер.

Сквер у цэнтры горада з’яўляецца важным арганізуючым акцэнтам гарадской архітэктуры. Яго выява відаць на самых ранніх паштоўках дарэвалюцыйнай Дрысы. Пастаўлены тут у 1912 годзе гранітны абеліск у гонар стагоддзя падзей вайны з Напалеонам дасюль стаіць на ранейшым месцы. Насупраць помніка Леніну з другога боку стаяла статуя Сталіна, скінутая з п’едэстала ў гады развянчання культу асобы правадыра-тырана.У 1980я гг. масіў старых дрэў прыдзвінскай часткі сквера быў спляжаны. З часам гараджане звыкліся з новым, больш цывілізаваным выглядам гэтага аазіса, які, трэба прызнаць, страціў некаторыя свае інтымна-патаемныя куточкі пад шатамі вячыстых дрэў, сярод якіх быў і пяціствольны кустгігант таполяў, пасаджаных царыцай Кацярынай і яе фаварытам Пацёмкіным.

У супрацьлеглай частцы сквера знаходзіцца комплекс помнікаў на магілах савецкіх воінаў і пагранічнікаў. Тут у святочныя дні ладзяцца ўрачыстыя цырымоніі, па суботах спыняюцца вясельныя картэжы. У 2015 годзе і гэта частка сквера была рэстаўравана, наўзамен цяністай правінцыяльнасці яна набыла воблік строгай, чыстай прасторы. Мемарыяльны характар гэтай мясціны ўзмацніўся з устаноўкай бронемашыны – помніка нашым землякам, якія загінулі ў Афганістане.

У межах наступнага квартала варты ўвагі будынак былой СШ № 1 (беларускай), цяперашняй школы мастацтваў. Ён быў узведзены яшчэ ў дарэвалюцыйныя часы. Стыль будынка можна было б назваць класічным, калі б не прыбудова 1960х гадоў з сілікатнай цэглы. У апошнім дзесяцігоддзі была зменена і дрэвавая аздоба школы, на змену высокіх старых клёнаў, пад шатамі якіх будынак выглядаў рамантычна, паўсталі невысокія абстрыжаныя прадстаўнікі стандартнага азелянення. Зменены не ў лепшы бок і інтэр’ер школьнага клуба – прыбудовы, узведзенай самімі школьнікамі ў даваенныя гады. У зале раней быў вялікі балкон, на якім зазвычай месцілася аўдыё- і праекцыйная тэхніка. Гэта цікавінка даўніх часоў была дэмантаваная ў 1980я гг. ці не ў мэтах захавання тэхнікі бяспекі, калі на школьных вячорках пачалі грукаць дыскатэкі, здольныя выклікаць абвал канструкцый.

Побач са школай у драўляным дамку месціцца дом рамёстваў. Невялікія  памяшканні  тут займаюць майстэрні, асобныя куткі адведзены пад выставачныя экспазіцыі. Творчы профіль гэтай цікавай установы шырокі: саломка і ткацтва, кераміка і вышыўка, выцінанкі, батык і інш. Большасць прац хоць зараз выстаўляй на продаж, сярод іх, асабліва ў дачыненні да саломапляцення, ёсць сапраўдныя шэдэўры народнай творчасці.

Далей за школай, у былой “пажарнай”, зараз атабарыўся шэраг крамак, гаспадары якіх надалі ўсяму будынку цывілізаваны выгляд. Цераз вуліцу стаіць будынак аптэкі, пабудаваны некалі пад паліклініку..

Наступны квартал – гэта тая частка горада, якую ўсе верхнядзвінцы ведаюць пад назвай Пяскі. Гэдак, нягледзячы на афіцыйныя шыльды, называюцца таксама дзяржаўная і прыватная крамы, размешчаныя паблізу ваенкамата і аптэкі. Тут у тапаніміцы адлюстраваныя прыродныя асаблівасці тэрыторыі гарадской забудовы. Адвечныя пустыя пяскі засталіся, бадай, толькі на агародах, вуліцы ж і перавулкі апранутыя ў асфальт. На рагу вуліц “Пяскі” ўпрыгожваюць дубволат з КатомБаюном на “залатым” ланцугу ды  новы мікраскверык з церамком.

Наперадзе вуліца шырэе, апісваючы дугу. Там ужо праглядаюцца могілкі. Гарадскія могілкі, якія паслужылі апошнім прыстанкам для месцічаў на працягу шасці стагоддзяў, зараз зачыненыя для новых пахаванняў. Аздобленыя прыгожай чыгуннай агароджай, яны захоўваюць на сваёй дзюннабугрыстай тэрыторыі пад кучаравымі соснамі нямала таямніц з мінулай гісторыі. Чытаючы надпісы паруску і папольску, можна знайсці сярод старых помнікаў імёны паважных асоб. Асаблівыя пачуцці выклікае эпітафія на помніку надворнага саветніка ДарэўскагаВярыгі, высечаная нябожчыкам на шэрым граніце самому сабе яшчэ пры жыцці. Да 1990х гг. на могілках стаяла старажытная драўляная цэркаўка, адзіны ў раёне помнік драўлянага дойлідства, знесены без узгаднення з органамі, якія адказваюць за ахову помнікаў, на будаўнічы матэрыял для царквы ў Асвеі.

Праз могілкі, а потым па адной з прыдзвінскіх вулак мы прыходзім да парку.

Гарадскі парк правільней будзе назваць лесапаркам, бо ён сфармаваны ў натуральным баравым масіве над Дзвіной. Рукатворнай тут стала толькі ліпавая алея па надбярэжжы ракі. За апошнія гады парк аздоблены шматлікімі альтанкамі, пляцоўкамі для адпачынку. У 2006 годзе да 620гадовага юбілею горада новы воблік набыла канцэртная эстрада. Падарункам Дзвіны з’яўляецца раскошны пляж, роўных якому на Дзвіне не сустрэнеш ад самага вытоку.

Да парку прымыкае тэрыторыя Верхнядзвінскага лясгаса. Паблізу прамысловай зоны пабудаваныя добрыя драўляныя дамы для працаўнікоў прадпрыемства. Нажаль, у будынку лясгаса ўжо няма музея прыроды з яго славутым экзатычным экспанатам – чучалам беркута, які трапіў у пастку на Асвейшчыне.

Тутсама побач – гарадок гімназіі. Яна займае будынак былой школы глухіх дзяцей. Тая школа была выдатна аснашчана і ўкамплектавана прафесійным калектывам педагогаў. Профіль і праграмы, стыль навучальнавыхаваўчай працы ў гімназіі цалкам адпавядаюць статусу гэтай навучальнай установы. Кароткая экскурсія па будынку дасць уяўленне пра будучыню школьнай сістэмы ў цэлым.

Усё, што датычыць узброеных фармаванняў, вядома ж,– ваенная тайна. Аднак зараз ужо не сакрэт, што побач з гарадскім паркам, проста ў горадзе месцілася ракетная частка. Зараз тут памежная камендатура з сваім кантынгентам ваеннаслужачых. Як сведчаць тубыльцы, недзе ў 1960х быў выпадак незапланаванага пуску ракеты, якая прызямлілася ў сцірту сыравіны льнозавода.

Ад пералічаных “лясных” аб’ектаў лагічна выйсці на вуліцу Кабзуна. Яна  названая ў гонар Героя Савецкага Саюза Івана Міхайлавіча Кабзуна, які нарадзіўся ў блізкай да горада вёсцы Барсукі. Высокае званне было яму прысвоена за гераічныя ўчынкі падчас савецкафінскай вайны. Вуліца, якая носіць імя героя, з’яўляецца галоўнай у паўднёвым мікрараёне. З ініцыятывы былога старшыні райвыканкама І.М.Палачаніна з пыльнай і бязладнай навабудоўлі яна ператварылася ў прыгожы квяцісты праспект. Шарэнгі пабудоў тут ажыўляе нестандартная архітэктура аднаго з кааператыўных дамоў.

Калі ваш шпацыр па гарадскіх вуліцах выпаў на суботу, цалкам лагічна будзе заглянуць на рынак – самую людную штотыднёвую тусоўку ў нашым райцэнтры. Як і паўсюль, тут можна набыць па прымальнай цане любую з тысячы дробязяў. Па святах ураджаю кірмашы ладзяцца на гарадскіх плошчах.

За новым, даволі пампезным, будынкам Беларусбанка гуртуюцца пабудовы паўднёвага прамысловага раёна. Тэрыторыя з кожным годам набывае ўсё больш дагледжаны выгляд, а сажалка з масткамі ды альтанкамі інтэнсіўна выкарыстоўваецца для адпачынку жыхарамі “пяціпавярховак”. Ладзяцца ў ёй і заплывы “маржоў”. Крыху наводдаль, на ўзлеску справа ад дарогі яшчэ не так даўно віднелася карункавая разьба па дрэве, якая аздабляла альтанку з прыступкамі на месцы некалі славутай “забягалаўкі” з народнай назваю “Белачка”, згарэлай пры нявысветленых абставінах.Альтанку зладзіў таленавіты майстарразьбяр Мікалай Гарбуза. Яе выгляд можна пабачыць у раённым музеі. На месцы той ажурнай прыгажуні зараз стаіць пабудова іншага стылю.

Увесь мікрараён індывідуальнай забудовы ў паўднёвай частцы горада носіць неафіцыйную назву вуліцы Дзям’яна Беднага. Гэты дабрадушны жарт падкрэслівае, што забудоўшчыкамі тут сталі гаспадары, якія хочуць і могуць жыць большменш заможна. Тут няма неахайных дамоў і прысядзібных участкаў. Празандаваўшы загадзя пытанне наконт згоды гаспадароў, можна дамовіцца на кароткую экскурсію па садах і дворыках еўрапейскага ці хаця б псеўдаеўрапейскага стылю, падчас з басейнамі і фантанчыкамі, пасядзець у альтанцы над Дрысайракою.

Зваротны шлях пачнем ад юдэйскіх могілак.  Клады  вялікія і густа “населеныя”. Большасць надпісаў на помніках-камянях зроблена на іўрыце, і для наведнікаў інфармацыя пра пахаваных застаецца таямніцай. Пасляваенныя пахаванні адзначаны ўжо не традыцыйнымі для юдэяў, а звычайнымі, як і ў хрысціян, памятнымі знакамі з надпісамі паруску. Групуюцца яны ў бліжнім да ўваходу сектары. Сярод пахаваных – заслужаны доктар Макс Тунік і шмат іншых паважаных асоб. Бліжэй да рачнога берага знаходзіцца самая вялікая і самая ахвярная магіла Верхнядзвіншчыны, у якой пахаваны расстраляныя фашыстамі 759 яўрэяў – мірных жыхароў Дрысы, Расіцы і некаторых іншых паселішчаў. Тут пастаўлена новая стэла з надпісамі на іўрыце, беларускай і англійскай мовах.

Язык, які “вядзе да Кіева”, правядзе вас і лабірынтам вуліц па раёне індывідуальнай забудовы, што вырас вакол былога льнозавода. Пытайцеся пры гэтым, як выйсці на вуліцу Пралетарскую. Гэта вуліца – яшчэ нядаўна была поўнай супрацьлегласцю “вуліцы Дзям’яна Беднага”. Вуліца вузкая, на ёй захаваліся старыя дамы. Шмат якія з хат стаяць на высачэзных падмурках – так гаспадары змяншаюць небяспеку псавання дамашняга скарбу ў выпадку высокай паводкі. На гэтай вуліцы яшчэ нядаўна можна было здымаць фільмы пра якіянебудзь гарадскія ўскраіны з патаемнымі канспіратыўнымі яўкамі. Але гэта прыбярэжная ўтульная вуліца ўжо апранулася ў асфальт, на ёй павыраслі новыя дамы. Урэшце гэта тыпова местачковая вулка выведзе вас да былога высокага моста праз Дрысу, які звязваў горад са слабадой Гейжанава. Той мост даўно не існуе, затое наперадзе ўзнесліся ажурныя канструкцыі пешаходнага моста, які наўпрост звязвае Гейжанава з цэнтрам. Паміж гэтым і неіснуючым сёння мастамі на высокім правым беразе ў мінуўшчыне стаяла гейжанаўская царква. Высозныя “быкі” пешаходнага моста падкрэсліваюць авантурны характар Дзвіны і Дрысы, якія ў месцы сустрэчы падчас веснавых паводак могуць уздыбіцца водамі на вышыню ў чортаў тузін метраў!

Вуліца ўпіраецца ў нейкую дарэвалюцыйную пабудову. Будынак з чырвонай цэглы на беразе Дрысы пры вуліцы Ленінскай часцяком клічуць “пакгаузам”. Тут сапраўды ў старыя часы, калі Дзвіна і Дрыса з’яўляліся ажыўленымі транспартнымі шляхамі, былі таварныя сховішчы. У вялікую ваду “пакгауз” служыць своеасаблівай “мернай лінейкай” узроўню веснавой паводкі.

Цяпер звернем Ленінскай вуліцай да цэнтра. Хутка справа з’явіцца двухпавярховы будынак з чырвонай цэглы. Гэта – адзін з найстарэйшых будынкаў горада, у якім месціцца Дом піянераў, а дакладней, цэнтр пазашкольнай працы. Да рэвалюцыі тут месціліся вучылішчы рознага кшталту, ранг якіх паступова павышаўся з пашырэннем асветы, а да 1970х гг. – сярэдняя школа № 2 (руская). Уласна цэнтр знаходзіцца ў сілікатнай прыбудове да былой школы, якая выходзіць на Ленінградскую вуліцу глухой, а таму непрыгожай, сцяною. У старой частцы будынка, архітэктура якога пры ўважлівым разглядзе нават крыху какетлівая, размешчаны вытворчыя і гандлёвыя памяшканні. У пакоі ЦВР мае сэнс зайсці на кароткую экскурсію, бо тут заўсёды ёсць экспанаты вучнёўскай мастацкай творчасці, падчас непаўторна арыгінальныя.

Сучасны будынак сярэдняй школы № 2 знаходзіцца бліжэй да пешаходнага моста. Начынне і наваколле школы таксама цалкам сучаснае. Ад іншых школ яе адрознівае хіба тое, што з адчыненых вокнаў часта гучыць музыка, якая засведчвае колішні музычнахаравы ўхіл навучальнай установы, традыцыі якога жывуць дагэтуль.

Побач – маляўнічы двор суседняга дзіцячага садка. Усяго ў горадзе іх чатыры. За школай знаходзіцца гарадскі стадыён.

Скарыстаўшы праход паміж школай і райвыканкамам, падыдзем да раённага дома культуры. Новы ягоны будынак выглядае палацам. Ён быў пабудаваны на пачатку 1980х на месцы старога рынку. Інтэр’ер РДК багаты. Тут ёсць дзве глядзельныя, танцавальная, спартовая, выставачная і камінная залы, дастаткова спецыяльных пакояў. Галоўная зала прыдатная для пастаноўкі самых эфектных відовішчаў. У прасторных холах арганізоўваюцца мастацкія выставы. На вашу замову экскурсія можа быць завершана праглядам якойнебудзь імправізаванай праграмы падчас рэпетыцыі шматлікіх творчых калектываў або адпачынкам за самаварам у каміннай зале. Тады ўражанні ад экскурсіі па Верхнядзвінску будуць замацаваныя прыемнай сяброўскай гутаркай.

А.Бубала.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *