У Асвеі паказалі майстар-клас па вырабу страў з бульбы

Актуально Жизнь сельских Советов

У Асвейскім ГДК стала добрай традыцыяй праводзіць майстар – класы. Так, у гэтым годзе падзяліліся вопытам з землякамі прызнаныя знаўцы бісерапляцення, вышывання, вязання, квілінгу, арыгамі, выцінанкі.

А ў кастрычніку атрымалася сапраўднае свята кулінарнага майстэрства “ Мой край, мой рай, бульбяна – жытны”.
На мерапрыемства былі запрошаны вучні Асвейскай сярэдняй школы, дзеці, што прыехалі на канікулы да бабуль і дзядуль, бібліятэкары мясцовай бібліятэкі, жыхары пасёлка.
Праводзіўся майстар-клас з мэтай папулярызацыі беларускай нацыянальнай кухні, лепшых рэцэптаў прагатавання ежы і перадачы ведаў моладзі.

Удзельнікі майстар-класа
Удзельнікі майстар-класа

Свята рыхтавалі і праводзілі дырэктар ГДК Вольга Пятроўна Навіцкая, акампаніятар Святлана Віктараўна Ашэйчык, мастацкі кіраўнік Алена Адамаўна Аляхновіч.
Эпіграфам стала выслоўе “чалавек галодны – ні на што не годны”.
Вялася гаворка пра тое, наколькі беларуская нацыянальная кухня цікавая і смачная, бяздушным да яе заставацца вельмі цяжка.
Шмат беларускіх празаікаў і паэтаў прысвяцілі ёй свае вершы і творы. Напрыклад, Якуб Колас у паэме “Новая зямля” расказаў, як маці пякла бліны “спаднізу наздраватыя, угору пышна, пухла ўзнятыя”. А Уладзімір Караткевіч у сваім нарысе “Зямля пад белымі крыламі” сказаў так: “Беларусы ведаюць каля тысячы страў з бульбы. Ад звычайнай, печанай на начлезе, якую так добра выкаціць з прыску, абскрэбсці, разламаць, і калі яна яшчэ дыміцца, саліць і, захлынаючыся, глытаць – ад гэтай печанай, і да клёцак з душамі, да бульбы, фаршыраванай сушанымі грыбамі і запечанай у гарачай печы. Але і проста вараная, з падгарэлымі вяршкамі, высыпаная на абрус на стале, яна – дзіва”.
Кулінарнае майстэрства заўсёды цесна звязана з бытам, культурай, традыцыямі народа. Асабліва разнастайнымі ў беларусаў здаўна былі стравы з бульбы. У нашай кухні гаспадарыць каралева – бульба, таму і гаворка падчас свята ішла пра яе.
Загадзя быў абвешчаны конкурс “Пакаштуйце – смачна”. І яго вынікамі сталі поліўка, аладкі, бабка, клёцкі, камы з мясам, піражкі, раўгеня, прыгатаваныя ўмелымі жаночымі рукамі.
У асобным пакоі была аформлена тэматычная выстава “Народны лад беларусаў”.
Кулінарны майстар – клас правяла Яўгенія Васільеўна Анінская. Яна і расказала, і паказала, як гатавалі раней дранікі, як выціскалі і чым цёрлі бульбу, колькі чаго варылі і пяклі, якім посудам карысталіся, што гатавалі на святы з бульбы і як беражліва адносіліся да яе, каб хапіла да новага ўраджаю; з чаго рабілі драўляныя лыжкі і чым мяшалі ў чыгунчыках, калі ўсё гатавалася ў печы.
На свяце гучалі беларускія песні і прыпеўкі пра бульбу, хуткавымаўлянкі, загадкі, прыказкі, былі гульні і забавы. Падзяліліся гаспадыні і сваімі карыснымі парадамі, якія дапамогуць прыгатаваць бульбу, а таксама рэцэптамі страў з яе. З задавальненнем паўдзельнічалі ў конкурсах, хто хутчэй пачысціць бульбу, драбней нарэжа бурак, хто ведае, што пакласці ў беларускі боршч, і іншых.
Анна ЗІМАЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *