Выпускнікі гімназіі ўспомнілі школьныя гады

Актуально Молодёжная страница "Ветразь"

Як цудоўна, што ёсць такі дзень, калі можна на імгненне перанесціся ў дзяцінства, сустрэць сваіх сяброў-аднакласнікаў, успомніць тыя шчаслівыя моманты, якія пакінулі ў памяці самыя светлыя ўражанні пра школьнае жыццё. Традыцыйна гэты дзень адзначаецца ў першую суботу лютага, калі праходзяць сустрэчы выпускнікоў.

Сёлетнія выпускнікі з класным кіраўніком          Т. І. Скрыпко выступалі гаспадарамі ўрачыстасці.
Сёлетнія выпускнікі з класным кіраўніком
Т. І. Скрыпко выступалі гаспадарамі ўрачыстасці.

Вечарам 7 лютага ў Верхнядзвінскай гімназіі было шматлюдна. Павіншаваць родную навучальную ўстанову з дзесяцігоддзем сабраліся выпускнікі 2005 – 2014 гадоў. А іх агульная колькасць складае 320 чалавек! Канешне, па розных прычынах не ўсе змаглі наведаць родныя сцены, але абноўленая актавая зала радасна сустрэла каля сотні былых гімназістаў. Многія з іх ужо не проста студэнты прэстыжных ВНУ нашай краіны, а спецыялісты ў розных сферах дзейнасці: педагогі, урачы, юрысты, ваенныя, журналісты, навукоўцы, эканамісты, спецыялісты ў сферы кап’ютарных тэхналогій.

Першы выпуск гімназіі 2005 года    з класным кіраўніком Л. Л. Паўлючонкам.
Першы выпуск гімназіі 2005 года
з класным кіраўніком Л. Л. Паўлючонкам.

Геаграфія выпускнікоў таксама ўражвае. Маладыя людзі працуюць не толькі ў рэгіёнах нашай краіны, але і ў Расійскай Федэрацыі, Літве, Польшчы, Чэхіі, Германіі.
Да сустрэчы дарагіх гасцей рыхтаваліся загадзя і вельмі адказна. Хваляваліся ўсе: і адміністрацыя, і класныя кіраўнікі, якія рабілі прэзентацыі сваіх выпускаў, і ўдзельнікі канцэртнай праграмы. Але, як нам здаецца, больш за ўсіх хваляваліся мы – сённяшнія адзінаццацікласнікі. Менавіта на нас і нашага класнага кіраўніка Таццяну Іванаўну Скрыпко лягла адказная місія стварэння святочнага настрою. Мы з радаснай усмешкай віталі гасцей на ўваходзе, прымацоўвалі сімвалічны школьны званок з годам выпуску на прыгожыя сукенкі ці строгія касцюмы былых гімназістаў, праводзілі рэгістрацыю, былі вядучымі і ўдзельнікамі канцэрта. А таксама з гордасцю слухалі пра тое, якіх поспехаў дасягнулі нашы папярэднікі: 12 чалавек скончылі школу з залатымі медалямі, 4 – з сярэбранымі, 30 дыпломаў атрымалі гімназісты на абласным этапе рэспубліканскіх алімпіяд. Выпускнік 2012 года Антон Куруза здаў цэнтралізаванае тэсціраванне па рускай мове на 100 балаў, выпускніца 2013 года Паліна Дзенісёнак стала прызёрам алімпіяды Саюзнай дзяржавы.
Са словамі прывітання да выпускнікоў звярнуліся дырэктар гімназіі Галіна Мікалаеўна Васёха і былы дырэктар Аляксандр Віктаравіч Шыпіла. Кожны выпуск меў магчымасць са сцэны сказаць словы падзякі гімназіі, адміністрацыі, настаўнікам, класным кіраўнікам. Асаблівая ўвага была скіравана на юбілейныя выпускі 2005, 2010 і 2014 гадоў.
Прыемна, што на святочным канцэрце гучалі не толькі нумары ў выкананні гімназістаў Вольгі Васёха, Анжэлы Казловай, Канстанціна Круклінскага, Паліны Нарубінай, Андрэя Дудко, Аліны Рыжай, Паліны Качатковай, Паўла Казачонка, Кацярыны Рачыцкай, але і музычныя віншаванні былых выпускніц Анастасіі Ганчаровай, Веранікі Саўчанка, Аляксандры Венгер. Не засталіся ў баку і настаўнікі: ветэраны і маладое пакаленне сваімі спевамі расчулілі сэрцы гледачоў.
Атмасфера ў зале склалася цёплая, сяброўская, даверлівая. Пра гэта сведчаць і шчырыя словы, пакінутыя на развітанне выпускнікамі: “Дзякуем за арганізацыю цудоўнага і незабыўнага вечара! Такое адчуванне, як быццам і не развітваліся з гімназіяй. Жадаем далейшых поспехаў і таленавітых вучняў, а настаўнікам – цярплівасці і здароўя!”
Пасля заканчэння ўрачыстай часткі былыя вучні мелі магчымасць разысціся па сваіх кабінетах, яшчэ раз пасядзець за школьнай партай і абмеркаваць уражанні з любімымі аднакласнікамі. Многія з цікавасцю разглядалі фотаздымкі, на якіх бачны незабыўныя моманты юнацтва.
Мы, будучыя выпускнікі 2015 года, вельмі рады, што вечар атрымаўся. Падчас мерапрыемства стала зразумела, што нашымі папярэднікамі закладзены надзейны фундамент, а нам трэба працягваць іх справу і сваімі імёнамі таксама праслаўляць родную гімназію. Каб яшчэ праз дзесяць год на нас з такой жа гордасцю і павагай глядзелі нашы прадаўжальнікі.
Вучні 11 класа Верхнядзвінскай гімназіі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *