Чым жыве аддаленая вёска?

Актуально Жизнь сельских Советов

Наша чарговая гутарка — са старшынёй Чапаеўскага сельскага выканаўчага камітэта, дэпутатам раённага Савета па Дуброўскай выбарчай акрузе № 29 А. В. ЛАЎРЫНОВІЧАМ.
-Аркадзь Валяр’янавіч, з чаго пачынаецца Ваш рабочы дзень?
-Звычайна — з «разбору палётаў» (што не паспелі зрабіць учора і чаму) і вызначэння праблем, на якіх трэба засяродзіцца сёння.
-А праблем хапае?
-Яшчэ б: тэрыторыя сельсавета вялізная, 27 паселішчаў, у самых аддаленых пражывае не больш 15 чалавек. Але ў кожнага свае інтарэсы, просьбы і запыты, з якімі людзі ідуць ў сельвыканкам.
-Ідуць ці едуць?
-Вось вам і адна з праблем: дарогі і аўтобусныя зносіны. Большасць дарог — з натуральным пакрыццём, вясной і восенню бездараж, зімой здараюцца заносы. З расчысткай памалу спраўляемся.
Што датычыць грамадскага транспарту, то раней гэта быў галаўны боль. Аўтобус з Ігналіна даязджаў толькі да Асвеі. А калі чалавеку трэба трапіць у райцэнтр? З дапамогай раённых улад мы дабіліся адкрыцця дадатковага маршруту «Асвея-Верхнядзвінск», на які ігналінцы трапляюць своечасова. Праўда, пакуль што два разы на тыдні.
Агульнымі намаганнямі ліквідавана, дзякуй Богу, і пагроза закрыцця Асвейскай аўтазапраўкі. Нейкая структура «наверсе» палічыла, што ўтрымліваць яе нерэнтабельна. Выходзіць, аўтаўладальнікам з Гаўрыліна трэба ехаць за бензінам аж у райцэнтр! Сваю пазіцыю мы адстаялі.
-Гандаль не крыўдзіць мясцовых жыхароў?
-Дуброўскі, Ліснянскі і Ігналінскі магазіны забяспечаны неабходным асартыментам тавараў, прадаўцы там вопытныя. Аддаленыя вёскі, як, напрыклад, Сукалі і Валясы, наведваюць аўтакрамы. Іх экіпажы выконваюць усе персанальныя заяўкі, дастаўляюць не толькі прадукты на любы густ, але і лякарствы.
-Дарэчы, аб леках і медабслугоўванні наогул…
-Дзверы Ігналінскага і Дуброўскага фельчарска-акушэрскіх пунктаў расчынены для ўсіх, ёсць пэўныя медпрэпараты. Загадчыкі ФАПаў А. М. Кураш і А. П. Пятровіч справу сваю ведаюць дасканала. А калі патрэбна больш кваліфікаваная дапамога, прыязджаюць спецыялісты з Асвейскай бальніцы.
-А як жывецца мясцовым ветэранам вайны і працы?
-Удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны засталося трое. На жаль, час няўмольны… Рэгулярна праводзім абследванне бытавых умоў пажылых людзей, пры патрэбе ім аказваецца канкрэтная дапамога. Напрыклад, у доме ветэрана вайны Ул. Ф. Слесаронка заменена электраправодка, на сядзібе П. С. Андручонка адрамантавана агароджа.
Быў і такі выпадак. Прыехаў да нас на пастаяннае месца жыхарства пажылы чалавеск з Латвіі. Без дакументаў і без пенсіі. Пакуль не атрымаў яе, падтрымлівалі, чым маглі. Прадуктамі, у тым ліку, дапамагалі ўладальніца магазіна «Макс» Людміла Сіманенка і СП «Каханавічы».
-Да слова, як складваюцца адносіны з кіраўніцвам гэтага прадпрыемства?
-Дзелавыя ў нас адносіны, існуе ўзаемаразуменне, як і з адміністрацыяй «Інтэрсэрвісу». Выдзяляюцца сродкі на ўпарадкаванне могілак, тэхніка для апрацоўкі прысядзібных участкаў, расчысткі дарог.
-Пэўна, застаюцца праблемы, вырашэнне якіх уласнымі сіламі немагчыма?
-Асфальтаванне вясковых вуліц было праведзена ў васьмідзесятыя гады. Сёння патрэбен значны рамонт. А ўпарадкаванне ўсяго дзвюх ігналінскіх вуліц каштуе больш мільярда рублёў. Гэта тры гадавых бюджэты сельсавета…
Але мы не адчайваемся і не апускаем рукі. Паўтаруся: сумеснымі намаганнямі вырашаюцца ўсе праблемы.
М. КАТКОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *