Пажары важна папярэдзіць

Актуально Райисполком

На чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжана пытанне аб проціпажарным стане суб’ектаў гаспадарання і населеных пунктаў раёна.

Падкрэсліваючы важнасць абмяркоўваемай тэмы, старшыня раённага выканаўчага камітэта І.І.Марковіч адзначыў, што яна пастаянна ў цэнтры ўвагі раённай улады. Штогод пытанні проціпажарнай бяспекі разглядаюцца ў райвыканкаме, дэтальна аналізуецца кожны факт гібелі людзей. Праводзімая прафілактычная работа, безумоўна, дае эфект, але поўнасцю пазбегнуць трагічных выпадкаў усё яшчэ не ўдаецца. Таму неабходна акрэсліць вузкія месцы і намеціць меры, якія надзейна прадухіляюць прычыны пажараў.
Як паведаміў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях А.П.Шук, у мінулым годзе здарылася 28 пажараў, у агні загінула 8 чалавек. Асноўныя прычыны загаранняў — неасцярожнае абыходжанне з агнём, парушэнні ў эксплуатацыі пячнога ацяплення і электраправодкі. Усе загінуўшыя сталі ахвярамі агню, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення. Звычайна бяда здаралася з-за курэння ў ложку. Рост пажараў адзначаны ў Боркавіцкім, Дзёрнавіцкім, Бялькоўшчынскім і Валынецкім сельсаветах.
Для папярэджання пажараў супрацоўнікі РАНС сумесна з іншымі суб’ектамі прафілактыкі абследуюць вытворчыя аб’екты і домаўладанні, правяраючы наяўнасць проціпажарнай сігналізацыі і аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, стан будынкаў, электраправодкі, ацяпляльных установак, умовы пражывання і гаспадарання грамадзян.
Асаблівая ўвага ў жылым сектары ўдзяляецца асобам, якія злоўжываюць спіртным, праблемным сем’ям, адзінокім і састарэлым людзям. Такім чынам праверана 2076 домаўладанняў, 36 грамадзян прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні супрацьпажарнай бяспекі, забаронена эксплуатацыя небяспечных печаў і электраправодкі.
Больш поўна выяўляць праблемныя аб’екты пажарным дапамагаюць супрацоўнікі тэрытарыльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, няштатныя пажарныя інспектары, сходы грамадзян, аглядавыя камісіі, у якія ўваходзяць старэйшыны населеных пунктаў. Пры гэтым мэтай з’яўляецца не толькі запыт з гаспадароў за пажарную бяспеку, але і аказанне практычнай дапамогі. Па выніках абследванняў быў складзены план аказання дапамогі ветэранам вайны, інвалідам, адзінокім і маламаёмным грамадзянам. Рашэннем райвыканкама вызначаны адказныя за яго рэалізацыю. У выніку за кошт бюджэту ў жылым фондзе ўстаноўлена 80 АПА, адрамантавана 7 печаў і 9 электраправодак. Гэтай работай займаліся і гаспадары ведамаснага жылля.
Сярод галоўных прэтэнзій, якія прад’яўляюцца супрацоўнікамі РАНС да суб’ектаў гаспадарання, — няспраўныя пажарныя гідранты, не ачышчаныя і не абазначаныя вадаёмы, недахоп пярвічных сродкаў пажаратушэння, парушэнні ў эксплуатацыі ведамаснага жылога фонду. Не заўсёды ўладальнікі вытворчых аб’ектаў клапоцяцца аб тым, каб ачысціць іх ад хламу, выдаліць снег з дахаў, расчысціць і падсыпаць пад’езды да будынкаў і вадаёмаў.
Як паведаміў намеснік старшыні райвыканкама С.П.Валковіч, праверкі суб’ектаў гаспадарання ІДПН РАНС выявілі адсутнасць на шэрагу збудаванняў маланкааховы, няспраўнасць воданапорных вежаў, неўкамплектаванасць пажарных шчытоў. Не ўсюды ёсць абучаны дзеянням у надзвычайных сітуацыях персанал, не хапае парадку ў вядзенні дакументацыі. Патрэбна ажыццявіць знос самавольных забудоў у жылым сектары.
Важным звяном прафілактыкі з’яўляецца выхаваўчая работа: выступленні ў СМІ, рознага зместу акцыі, наглядная агітацыя, сустрэчы ў школах, вучэбныя семінары.
На пасяджэнні заслуханы кіраўнікі ўстаноў, прадпрыемстваў, сельвыканкамаў, дзе ёсць праблемы з супрацьпажарнай работай. Прадугледжана паўсюдна актывізаваць яе, задзейнічаць пры гэтым усіх суб’ектаў прафілактыкі і грамадскасць. Канкрэтныя задачы па кантролі і забеспячэнні супрацьпажарных мер пастаўлены перад РАНС, РАУС, іншымі адказнымі службамі і арганізацыямі .
Патрабуючы пастаяннай і пільнай работы па засцеражэнню ад агню, кіраўнік раёна адзначыў, што гэта — агульная справа, у якой няма дробязей.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *