70 год Асвейскай трагедыі

Актуально Память

Сёння мы пачынаем друкаваць успаміны сведкі Асвейскай трагедыі М. Л. Букевіча. Пры жыцці Міхаіл Людвігавіч часта наведваўся ў рэдакцыю, прыносіў свае допісы і многа расказваў аб перажытым. Ветэран пайшоў ужо з жыцця, але яго ўспаміны будуць захоўвацца ў ствараемым у раёне музеі. Навуковы супрацоўнік музея А. Ф. Бубала прапанаваў рэдакцыі ўрыўкі з рукапісу аўтара.
Люты 1943 года паказаў свой люты нораў напоўніцу. Людзі, старыя і малыя, ведаючы, што з імі ва ўсім свеце яшчэ ніхто і ніколі не ваяваў, рабілі сваю справу: рамантавалі сохі, ладзілі драўляныя бароны, плялі лапці, радаваліся, што глыбокія снягі надзейна захаваюць ад марозу пасеяную азіміну. На Асвейскім возеры быў вялізны замор рыбы, і мужчыны вазілі яе цэлымі вазамі на продаж: два мяхі рыбы за паўбохана хлеба. Але ўжо ў паветры навісала нейкая зласлівая, нібы перад вялікай навальніцай, цішыня. Сонейка ж свяціла шчодра, весела паглядаючы на рупную працу людзей. Яно нібы ведала, што свеціць для іх у апошні раз…
… На досвітку прыбегла да нас суседка Ганна Саўлук. «Хадзем, Марыя,- узрушана казала яна,- паслухаем. Мяцеліца так не лямантуе. Гэта ж людзі!». Хуценька вярнуўшыся, яны, хрысцячыся, пачалі похапкам апранаць нас, чатырох малых, а тады цётка Ганна кінулася да сваіх.
Усю ноч мы прасядзелі ў бульбяной яме за агародамі. Нас вярнулі ў хату ўранку. Мяцеліца сціхла, праз аблокі нясмела пачаў прабівацца блакіт. Раптам у хату прыбег Паўла Букевіч, ззаду за ім цягнулася абора ад лапця. «Унучок!- звярнуўся ён да мяне,- залезь хутчэй на Стапанаў ток, паглядзі, ці не Ладэлева гарыць!».
Ускараскаўшыся на страху, я ўбачыў жудасны малюнак: за вярсту ад нас, у Ладэлеве, аж да Пушчы цягнуліся рознакаляровыя языкі дыму і агню. Каля мяне засвісталі кулі, і я скаціўся ў снегавую гурбіну. «Дзед! Яно гарыць!»- пракрычаў я. А з боку таго пекла раздалася страляніна. Як пазней стала вядома, пярэпалах узнік, калі з агню нечакана для карнікаў выскачыў нямы волат Адольфа. Вартавы-фашыст не паспеў нічога ўцяміць, як мігам апынуўся ў полымі. Пакуль ён, выскачыўшы, збіваў агонь з маскхалата, нямы ўжо скаціўся ў яр. Дабегшы да гасцінца, босы, ён бег праз вёскі, а за ім цягнуўся шлейф дыму ад ватоўкі, якая курадыміла. І гэта стала сігналам жахлівай небяспекі для ўсіх, хто яго бачыў. Адольф дабег да партызан і толькі тады заваліўся беспрытомным. Яго адправілі самалётам на Вялікую зямлю. Гэты «вогненны чалавек» дачакаўся мірнага жыцця…
Наша вёска Гісялёва мігам апусцела. Людзі кінуліся хто куды: у бульбяныя ямы, у бліжнія кусты, у прыгатаваныя яшчэ да першага фронту схованкі. З Ладэлева адваротны шлях карнікаў у Латвію пралягаў праз нашу вёску. Але было ціха. Мяне ж, відаць, абстралялі на даху гумна, прыняўшы здалёк за партызанскі дазор. Гэта, пэўна, прымусіла фашыстаў абысці Гісялёва паводдаль.
У вечаровым змроку вяскоўцы павярталіся ў свае хаты. Нехта з сівых дзядоў супакойваў людзей. Ён паспеў у час першай вайны пабываць у нямецкім палоне і зараз даводзіў, што нямецкая нацыя — гуманная, тамтэйшы народ працавіты і разумны і не стане ствараць дзікунства над бязвіннымі старымі ды дзецьмі. Але хутка праз вёску прабеглі тры задыханыя дзяўчыны і бабуля, якія з плачам засведчылі, што ў Ладэлеве спалілі ўсіх мужчын, старых, малых і калек. Засталося адно — уцякаць. Гэту неабходнасць пацвердзілі і ўзброеныя людзі ў маскхалатах — латышскія партызаны. Размова была кароткай. Выбар быў адзін: загінуць лёгкай смерцю падчас бою, які назаўтра вырашылі даць карнікам гэтыя дзядзькі, альбо загінуць у агні.
Людзі пачалі ліхаманкава збірацца, закопваючы хоць нейкае дабро ў снег, хаваючы ў ямы. Запрагалі коней, нехта прычапляў да саней карову. Эвакуацыяй кіраваў Франц Бубала. На коней было загадана пасадзіць малых, старэнькіх ды нямоглых; мужчыны і падлеткі мусілі адыходзіць апошнімі па Асвейскім гасцінцы — у Канчанах былі партызаны. Той-сёй з багацейшых не падпарадкаваўся гэтаму рашэнню. Не пасадзіўшы нікога з слабейшых на падводы, яны рушылі самастойна. Як потым аказалася — насустрач смерці. Усе яны загінулі.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *