На крыжовых шляхах

Духовность

Боркавічы


Царква ў імя прападобнага Ануфрыя была пабудавана ў 1742 годзе. А. М. Кулагін піша пра яе: «Твор народнага дойлідства. Гонтавы дах завяршалі дзве галоўкі. Фасады былі абшаляваны цёсам, чляніліся шасцю аконнымі і трыма ўваходнымі праёмамі». Гэта царква была запісана яшчэ і ў рэестры культавых устаноў 1925 г.
Царква ў імя жыватворчага Крыжа Панскага (Узвіжання Святога Крыжа) была пабудавана ў 1858 г. У апісанні таго ж аўтара яна выглядала наступным чынам: «Бляшаны дах зялёнага колеру завяршала цыбулепадобная галоўка, фасады чляніліся шасцю прамавугольнымі аконнымі і двума ўваходнымі праёмамі.»
Па статыстычных звестках 1884 г. царква ў імя прападобнага Ануфрыя ў Боркавічах была «штатная, драўляная, халодная, старая», а прыпісная Крыжаўзвіжанская царква — «драўляная, халодная, крэпкая».
У прыходскай Ануфрыеўскай царкве святаром быў Максіміліян Ігнатавіч Даўгяла. Ён нарадзіўся ў 1818 г., Благачынным стаў у 1864 г., меў нагрудны крыж і ордэн Святой Анны 3-й ступені.
Дыяканам на вакансіі псаломшчыка служыў 50-гадовы Рыгор Карзоў, псаломшчыкам — 59-гадовы Гаўрыла Шостак.
Царква мела 41 дзесяціну зямлі і новыя казённыя драўляныя пабудовы.
Прыхаджан у Боркавічах было 3202 чал. (1610 — мужч., 1592 — жанч.).
Вялікую ролю ў праваслаўным жыцці Боркавічаў адыграла дынастыя святароў Даўгялаў. Клопатам айца Максіміліяна была пабудавана Крыжаўзвіжанская царква. У 1888 г. прыступіў да службы яго сын Іаан. За 18 гадоў службы ў гарадоцкіх Казьянах ён пераўтварыў прыход, а ў Боркавічах пабудаваў дзве царквы і школу.
У 1893г. была пабудавана царква ў імя Раства Прасвятой Багародзіцы. Энцыклапедычны даведнік паведамляе: «Манументальны храм быў вырашаны ў рэтраспектыўна-рускім стылі. У яго сілуэце панавалі светлавы барабан пад сферычным купалам і макаўка над шатром званіцы. Атынкаваныя сцены апяразвалі аркатурныя фрызы, прарэзвалі 26 аконных праёмаў. Царква мела тры ўваходы. Малітоўная зала ацяплялася трыма грубкамі.»
У 1897 г. была пабудавана новая Крыжаўзвіжанская царква.
У 1909 г. у Боркавічах святарыў Васіль Іванавіч Багдановіч, у 1914 г. — Пётр Іосіфавіч Мігай, у 1932 — 1936 гг. — Павел Андрэевіч Даўгяла, асуджаны 5 снежня 1937 г. да 10 гадоў лагераў.
Заслугоўвае асобнай размовы дзейнасць аднаго з сыноў айца Іаана — Дзмітрыя Даўгялы, які стаў славутым гісторыкам, архівістам і археографам ХХ стагоддзя.
Дзмітрый Іванавіч Даўгяла нарадзіўся ў 1868 г. у Віцебску. Пасля заканчэння Казьянскага народнага вучылішча 14-гадовы юнак паступіў у Віцебскую духоўную семінарыю, а праз шэсць год — на казённы кошт у Пецярбургскую духоўную акадэмію. На апошніх курсах ён адначасова быў яшчэ і слухачом археалагічнага інстытута. Акадэмію Д.І.Даўгяла скончыў з вучонай ступенню кандыдата багаслоўя. Гэта вызначыла яго далейшы жыццёвы шлях. Яшчэ студэнтам, а пасля на пасадах памочніка інспектара духоўнай семінарыі, рэдактара «Полацкіх епархіяльных ведамасцяў», загадчыка архіва старажытных актаў у Віцебску ён паказаў сябе як сур’ёзны навуковец-даследчык і краязнаўца, які спалучаў у сабе шырокія веды ў грамадзянскай і царкоўнай гісторыі з адначасовым валоданнем палеаграфіяй, дыпламатыкай, архівазнаўствам і інш. Глыбокім аналізам вызначалася яго публікацыя «Крыж прападобнай Ефрасінні».
Пікам кар’еры Д.І.Даўгялы стала ўзначаленне Віленскай камісіі для разбору і выдання старажытных актаў. Тут ён актыўна ўдзельнічаў у працы Рускага геаграфічнага таварыства, археалагічнага з’езду ў Ноўгарадзе.
Першая сусветная вайна перакінула навукоўца ў Магілёў, дзе ён перажыў усе пераломныя падзеі бурлівага часу, працуючы ў сферы народнай адукацыі, загадчыкам абласнога архіва.
У 1925 г. Д.І.Даўгяла быў запрошаны на пасаду члена-супрацоўніка Інбелкульту ў Мінск. Яго краязнаўчыя і этнаграфічныя публікацыі, якія мелі яскрава выражаны нацыянальны характар, выклікалі жывы інтарэс у айчынных і замежных даследчыкаў. Плённа працаваў ён і дацэнтам на кафедры гісторыі беларускай культуры ў БДУ. 16-я кніга запісаў Літоўскай метрыкі, археалагічная карта Беларусі, экспедыцыі па вывучэнні археалогіі і гісторыі беларускіх гарадоў і мястэчак — толькі частка грунтоўнай дзейнасці Д.І.Даўгялы, заключным акордам якой стала выданне двух тамоў «Гісторыі Беларусі ў дакументах і матэрыялах».
Аднак пільнае вока спецслужбаў высачыла і ў дзейнасці аўтарытэтнага навукоўца варожыя намеры. Яму прыпісалі сувязі з арыштаванымі ў 1933 г. «ворагамі народа» — прадстаўнікамі татарскай і беларускай інтэлігенцыі. Д.І.Даўгяла быў звольнены з усіх пасад, а 10 снежня 1937 г. арыштаваны «як актыўны ўдзельнік шпіёнскай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і асуджаны да высылкі. Там сталінскі вязень і памёр у 1942 г. у 74-гадовым узросце. Арыштаваны ў Дрысе І.І.Даўгяла быў яго родным братам.
Ад боркавіцкіх святынь, як кажуць, не засталося камня на камені. Багародзіцкую царкву, парушаную падчас вайны, разабралі пасля вызвалення на пабудовы вёскі. На зарослым былым пагосце на асобных камянях яшчэ можна разабраць надпісы.
А. БУБАЛА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *