1812 ГОД НА ВЕРХНЯДЗВІНШЧЫНЕ

Наш край

(Працяг. Пачатак у №№ 49, 51).


22 ліпеня Удзіно падышоў да пакінутага Дрыскага лагера і, разбурыўшы яго, рушыў левым берагам уверх па Дзвіне. Напалеон 24 ліпеня прыйшоў у Бешанковічы. 26 ліпеня Удзіно без бою ўвайшоў у Полацк.
Князь Вітгенштэйн, пакінуты для абароны шляхоў на Пецярбург, не чакаў, што прынясе лёс. Апынуўшыся між двух агнёў, ён вырашыў актыўна супрацьдзейнічаць іх злучэнню. Авангард увесь час вёў актыўную разведку па абодвух берагах Дзвіны. Ля Друі і пакінутага лагера ладзіліся часовыя масты, у Ляшкове 20 ліпеня разведчыкі пераправіліся ўброд. У выніку карціна прасоўвання французаў была зразумелай, і генерал манеўраваў па Дрысеншчыне, штодзень выбіраючы найлепшую пазіцыю, каб не толькі даць адпор, але і адсунуць праціўніка, які пагражаў як з боку Дынабурга, так і з боку Дзісны ды Полацка. Найчасцей штаб і асноўныя сілы стаялі ў Расіцы, у Бабах знаходзіўся рэзерв, дазоры стаялі па ўсёй Дзвіне.
25 ліпеня авангард Кульнева рассеяў некалькі французскіх атрадаў, узяўшы ў палон 434 чалавекі. Ад палонных рускія даведаліся, што Удзіно, якому не ўдалося прарвацца на Пецярбург праз Дынабург ці Друю, плануе ісці на Себеж, імкнучыся абысці з поўначы і адрэзаць ад тылу пакінуты Барклаем корпус. Да раніцы 29 ліпеня разведка данесла, што Удзіно рушыў на поўнач ад Полацка па Себежскім тракце.
Клясціцкая бітва. Генерал-герой Кульнеў.
Апынуўшыся ў адчайным становішчы і асцерагаючыся злучэння Удзіно з Макдональдам, Вітгенштэйн вырашыў скарыстаць адзіны шанц — нягледзячы на няроўнасць сіл, атакаваць корпус Удзіно.
Князь вырашыў атакаваць ворага ў Клясціцах 31 ліпеня і ўначы з 29 на 30 ліпеня рушыў з Расіцы на Каханавічы і Марачкова (Кацярынава, Катрынава). Мост праз Свольну ў Марачкове быў слабенькі, пераправа ішла з асцярогай, марудна; артылерыю разбіралі і пераносілі па частках. Пераправа больш за 20 тысяч чалавек і больш за сотню гармат заняла б занадта шмат часу, але хутка быў пабудаваны новы мост з бярвення разабраных хат. Адпачынак паспрыяў асвяжэнню сіл, і бой, завязаны рускімі ў Якубове, быў паспяховым. Развіваючы поспех, Вітгенштэйн пайшоў на штурм французаў у Клясціцах.
Рашучасць Вітгенштэйну надавала разуменне сітуацыі. Армія Барклая ўжо пакінула Віцебск і рухалася к Смаленску, што дазволіла Напалеону паслаць падмацаванне Удзіно. Таму марудзіць рускім не выпадала.
Пра Клясціцкую бітву 31 ліпеня 1812 года, у якой абодва бакі страцілі па чатыры тысячы чалавек забітымі, напісана шмат навуковых прац, мастацкіх кніг і одаў, створана нямала жывапісных палотнаў. Цікаўны можа прачытаць захапляльныя старонкі пра гэту бітву, набраўшы ў Інтарнэце адно толькі слова: Клясціцы. Ставячы мэтай больш падрабязна расказаць пра менш вядомыя падзеі 1812 года ў нашых мясцінах, абмяжуемся толькі вывадам аб значэнні Клясціцкай бітвы. Гэта бітва перакрэсліла напалеонаўскі план лёгкага паходу на Пецярбург. Усе далейшыя спробы рэалізаваць план удара па абедзвюх сталіцах былі марнымі. Акрамя таго, бітва паказала, што перамога над апантаным заваёўнікам свету — цалкам рэальная задача.
Ад Клясціц гнаныя Вітгенштэйнам французы вымушаны былі адступіць да Полацка. Іх спробы замацавацца ля Галоўчыц, Сакалішча, Баяршчыны не мелі поспеху, бо ваяры Вітгенштэйна няспынна насядалі на праціўніка. Падчас такой гарачай пагоні 1 жніўня загінуў генерал-герой Я.П. Кульнеў. Да нашага часу на стромкім беразе ракі Дрысы непадалёк ад моста на Полацка-Себежскай шашы захавалася першасная магіла адважнага ваяра.
Якаў Пятровіч Кульнеў быў з найслаўнейшых рускіх генералаў. Ён нарадзіўся 6 жніўня па новым стылі 1764г. у Люціне Віцебскай губерні (зараз горад Лудза ў Латвіі). Біяграфія Кульнева вывучана дэталёва; вершы, оды і песні пра яго складуць не адзін том. Генерал-суворавец вызначыўся бліскучымі перамогамі ў войнах з туркамі, шведамі, французамі, а таксама пры задушэнні паўстання Касцюшкі.
Прах Кульнева ад Сівошынскага пераезду на Дрысе быў перанесены ў 1816 годзе на радзіму генерала, у хатнюю царкву ў маёнтку Ільзэнберг ягонага швагера Мікалая Мантэйфеля пад Люцінам. У 1832 годзе адбылося яшчэ адно перазахаванне. Паблізу маёнтка над магілай генерала яго братамі быў узведзены храм-пахавальня ў імя Маці Божай Балеснай. Па ўказе Сінода 6 лістапада 1899 года гэты храм быў перайменаваны ў Кульнеўскую царкву. З часам маёнтак Ільзэнберг атрымаў латышскую назву Ілзэскалнс. Зараз ён знаходзіцца ў Рэзэкненскім краі, паштовы адрас Лачы. Турысты прыязджаюць да станцыі Ілзэні, адсюль да храма 3 кіламетры.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *