Гістарычны каляндар Верхнядзвінскага раёна

Наш край

У мінулым годзе ў «Дзвінскай праўдзе» быў надрукаваны каляндар юбілейных дат Верхнядзвіншчыны. Удзячныя чытачы звяртаюцца з просьбай апублікаваць падобны каляндар і на гэты год. Адгукаемся на гэту просьбу, выкарыстоўваючы тыя матэрыялы, якія маем у сваім распараджэнні. Як і летась, напачатку прыводзяцца юбілеі, якія не маюць дакладнай даты і могуць адзначацца на працягу ўсяго 2012 года. Канкрэтныя даты «распісаны» па месяцах. Будзем удзячныя, калі чытачы дапоўняць або ўдакладняць гэты каляндар.
Юбілеі Верхнядзвіншчыны — 2012

800 год таму, у 1212 г., паміж Полацкам і Рыгай была падпісана дамова аб свабодным плаванні па Дзвіне, што дазволіла паселішчу пры вусці ракі Дрысы з часам увайсці ў летапісы як аднайменны замак.
465 год таму, у 1547 г., у Дрысе была пабудавана мытня, што засведчыла значнасць гандлёвага пункта на грэка-варажскім шляху. На той час на тэрыторыі сучаснай Беларусі была пастаўлена, акрамя Дрысенскай, толькі яшчэ адна «лясная камора» — у Брэсце.
240 год таму, у 1772 г., мсціслаўскі ваявода Мікалай Лапацінскі набыў Сар’ю, а Дрыса ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай увайшла ў склад Расійскай імперыі.
235 год таму, у 1777 г., Дрыса стала павятовым горадам Полацкай губерні.
230 год таму, у 1782 г., у Асвейскай сядзібе мінскага ваяводы Я.А. Гільзэна пабудаваны палац і касцёл.
225 год таму, у 1787 г., у тэатры пры Забельскім калегіуме ў Валынцах пастаўлена першая беларускамоўная «Камедыя» Каятана Марашэўскага.
220 год таму, у 1792 г., ваявода брэст-літоўскі Мікалай Лапацінскі пабудаваў у Расіцы ўніяцкую царкву і драўляны касцёл.
200 год таму, у 1812 г., на тэрыторыі Дрысенскага павета адбыліся баі з французскімі войскамі, у выніку якіх ім быў перакрыты шлях на Пецярбург.
180 год таму, у 1832 г., памёр Фаўстын Іванавіч Цяцерскі, мемуарыст, доктар філасофіі і тэалогіі, выкладчык Забельскага калегіума, удзельнік паўстання 1794г.
175 год таму ў Дрысенскім павеце было 18 уніяцкіх цэркваў. 1837 стаў апошнім годам вольнага існавання ўніяцкай царквы.
170 год таму, у 1842 г., у казну былі забраны маёнткі Забельскага дамініканскага кляштара. У тым жа годзе адбыліся хваляванні вернікаў Расіцкай парафіі супраць рэлігійнага прымусу і ўцёкі сялян у Дынабургскі павет.
155 год таму, у 1857 г., архітэктар Густаў Шахт на замову Ігната Лапацінскага завяршыў пабудову выдатнага помніка архітэктуры — Сар’янскага касцёла.
145 год таму, у 1867 г., на тэрыторыі Дрысенскага павета быў знойдзены скарб арабскіх манет Х — ХІ ст.
130 год таму, у 1882 г., каля вёскі Ахрэмцы знайшлі скарб арабскіх манет ІХ ст.
110 год таму, у 1902 г., у Асвеі нарадзіўся Іван Восіпавіч Яркоўскі, інжынер-тэхнолаг, даследчык у галіне фізікі, хіміі, метэаралогіі, паветраплавання, стваральнік кінетычнай тэорыі прыцягнення. Пахаваны ў навуковай сталіцы Германіі — горадзе Гейдэльбергу.
100 год таму, у 1912 г., у скверы г. Дрысы быў пастаўлены абеліск у памяць аб падзеях вайны з Напалеонам.
90 год таму, у 1927 г., была распачата «ударная будоўля» па асушэнні Асвейскага возера пад плантацыі кок-сагыза.
80 год таму, у 1932 г., адбыўся масавы выхад сялян з калгасаў. Узровень калектывізацыі ў Асвейскім раёне знізіўся да 30%.
75 год таму, у 1937 г., адбыліся масавыя арышты «ворагаў народа». За гэты год былі рэпрэсаваны 24 члены Дрысенскай раённай партарганізацыі і сотні беспартыйных. Пад рэпрэсіі трапіў і першы сакратар райкама Кацельнікаў. У кнізе «Памяць. Верхнядзвінскі раён» пералічаны 1475 імёнаў нашых рэпрэсаваных землякоў, якія ўдалося ўстанавіць рэдакцыйнай камісіі.
60 год таму, у 1952 г., званне прафесара, доктара геолага-мінералагічных навук атрымаў наш зямляк, ураджэнец вёскі Накоўнікі Мікалай Іванавіч Накоўнік (1895 — 1975).
55 год таму, у 1957 г., было пачата стварэнне міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі (зараз ПМК-44). У гэтым жа годзе адкрыты Бігосаўскі зааветэрынарны тэхнікум і пабудаваны Бігосаўскі завод «Зааветінструмент».
45 год таму, у 1967 г., закрыты Бігосаўскі зааветтэхнікум.
35 год таму, у 1977 г., адкрыты мемарыял Памяці ў в. Яніна. У гэтым жа годзе заснаваны Асвейскі паляўнічы заказнік.
30 год таму, у 1982 г., здадзены ў эксплуатацыю новы будынак школы глухіх дзяцей у Верхнядзвінску. У гэтым жа годзе быў закладзены Верхнядзвінскі дэндрапарк, а пры раённым Доме культуры створаны духавы аркестр, які з часам заслужыў званне народнага.
25 год таму, у 1987 г., распачаты работы па аднаўленні будынка Верхнядзвінскага касцёла з мэтай усталявання ў ім раённага музея. Храм быў вернуты вернікам.
20 год таму, пры РДК заснаваны народны вакальна-харэаграфічны ансамбль «Ярыца» (званне народнага прысвоена ў 1996 г.).
15 год таму, у 1997г., на могілкі вёскі Каханавічы клубам «Белыя вароны» вернуты надмагільныя камяні на ўшанаванне памяці Ігната Храпавіцкага і яго жонкі Саламеі.

Па месяцах
СТУДЗЕНЬ
90 год таму, у студзені 1922 г., у Дрысе адбыўся павятовы з’езд Саветаў.
10 студзеня 1927- 85 год чарговага зняволення ксяндза-пробашча Замашанскага касцёла (Савейкі) Адольфа Філіпа, які быў прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў і сасланы на Салаўкі. Яго арыштоўвалі кожную «пяцігодку» — у 1922, 1932, 1937 гг. З апошняга зняволення не вярнуўся.
ЛЮТЫ
70 год таму фашысты пакаралі смерцю ўдзельнікаў Боркавіцкага падполля У.Беляя, У.Бернатовіча, І.Дукшынскага, М.Паўлёнка, Л.Свіржэўскага, С.Цыру.
2 лютага спаўняецца 70 год з чорнага дня расправы фашыстаў над вязнямі Дрысенскага яўрэйскага гета.
90 год таму, 22 лютага 1922 г., ЦВК прыняў дэкрэт аб канфіскацыі царкоўнай маёмасці.
САКАВІК
70 год таму, 2 сакавіка 1942 г., у лесе Барок каля Беразвечча фашысты расстралялі ксяндза Дрысенскага касцёла Мечыслава Багаткевіча разам з двума іншымі святарамі.
295 год таму, 4 сакавіка 1717 г., Маршалак Вялікага Княства Літоўскага Аляксандр Сапега выдаў даравальную грамату Базылянскай уніяцкай царкве ў Расіцы наўзамен акта, выдадзенага яго яснавяльможным продкам Львом Сапегам і страчанага падчас маскоўскіх і казацкіх набегаў.
7 сакавіка — 100 год з дня нараджэння беларускага пісьменніка Тараса Канстанцінавіча Хадкевіча (нарадзіўся ў в. Шайцерава).
10 сакавіка — 40 год таму (у 1972 г.) памёр Макс Абрамавіч Тунік, заслужаны ўрач БССР.
30 год таму, 11 сакавіка 1982 г., у Афганістане загінуў мал. сярж. Аляксей Мікалаевіч Савіцкі (нарадзіўся ў вёсцы Бялькоўшчына 22 чэрвеня 1962 г., пахаваны на Гейжанаўскіх могілках).
12 сакавіка — 30 год (1982), як памёр Герой Савецкага Саюза Эдуард Віктаравіч Лаўрыновіч, ураджэнец вёскі Кулакова.
23 сакавіка — 115 год таму (1897) у вёсцы Кавалеўшчына Бігосаўскага с/с нарадзіўся Вікенцій Данатавіч Русецкі, генерал-маёр, удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.
КРАСАВІК
165 год таму, 20 красавіка 1847 г., у г. Магілёве нарадзіўся знакаміты археолаг, заснавальнік Таўрычаскага музея Карл Казіміравіч Касцюшка-Валюжыніч. Яго дзяцінства і сталенне прайшло ў маёнтку Новае Сяло.
70 год таму, 23 красавіка 1942 г., на Асвейшчыне створаны першы партызанскі атрад — «Іванова».
МАЙ
80 год таму, у маі 1932г., прынята пастанова Дрысенскага РК КП(б)Б «Аб самаачыстцы калгасаў ад кулацка-варожых элементаў».
10 мая — 70-гадовы юбілей беларускага пісьменніка і паэта Сяргей Сцяпанавіча Панізьніка, ганаровага грамадзяніна гарадскога пасёлка Асвея.
18 мая — 30 год (1982), як пайшоў з жыцця Герой Савецкага Саюза Іван Кузьміч Захараў, былы камандзір Асвейскай партызанскай брыгады імя М. В.Фрунзе.
ЧЭРВЕНЬ
30 год таму (1982) падчас абласнога турысцкага злёту моладзі пастаўлена 27 помнікаў на месцы спаленых гітлераўцамі вёсак Верхнядзвіншчыны.
12 чэрвеня — 70 год таму ў адказ на дыверсію М.Лявонава на чыгуначным пераездзе фашысты спалілі вёску Марцінава, расстралялі 112 мірных жыхароў.
60 год таму, 15 чэрвеня 1952 г., памёр ураджэнец вёскі Каркалец Іван Ануфрыевіч Крупеня, былы старшыня Дрысенскага раённага і Віцебскага абласнога выканкамаў, нач. Беларускага штаба партызанскага руху, наркам земляробства, міністр саўгасаў БССР і інш.
115 год таму, 21 чэрвеня 1897 г., у вёсцы Боркавічы нарадзіўся Пётр Андрэевіч Крыўко, генерал-маёр, удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.
70 год таму, 29 чэрвеня 1942 г., была створана Асвейская партызанская брыгада імя М.В.Фрунзе.
ЛІПЕНЬ
200 год таму, 1 ліпеня 1812 г., на вырашэнне пытання аб Дрыскім умацаваным лагеры ў Дрысу прыехаў імператар Аляксандр І.
70 год таму, 19 ліпеня 1942 г., створана Дрысенская партызанская брыгада.
200 год таму, 30 ліпеня 1812 г., адбыўся жорсткі бой рускіх войск з французамі каля вёскі Пажарышча (паблізу цяперашняй вёскі Зара). Французы пацярпелі страшную паразу, падчас якой загінулі 1,5 тыс. напалеонаўскіх ваякаў.
195 год таму, 31 ліпеня 1817 г., нарадзіўся беларускі фалькларыст, паэт і грамадскі дзеяч Ігнат Яўстахавіч Храпавіцкі, гаспадар маёнтка Каханавічы.
ЖНІВЕНЬ
40 год таму (1972) пачаў працаваць Асвейскі торфабрыкетны завод.
70 год таму, у ноч з 3 на 4 жніўня, партызаны здзейснілі буйную дыверсію па падрыве чыгуначнага моста праз раку Дрысу на Беніслаўскім раз’ездзе.
5 жніўня — 105 год (1907) з дня нараджэння беларускага пісьменніка Эдуарда Людвігавіча Самуйлёнка, чыё дзяцінства і сталенне прайшло ў вёсках Бандзелі, Расіца на Дрысеншчыне.
30 год таму, 13 жніўня 1982 г., у Афганістане загінуў мал.сярж. Пётр Мікалаевіч Яроменак (нарадзіўся 29 ліпеня 1961 г. у вёсцы Чапаеўская, пахаваны ў вёсцы Кастрова).
75 год таму, 18 жніўня 1937 г., прынята пастанова ЦК КП(б)Б аб закрыцці касцёлаў. Першым быў разбураны Асвейскі касцёл.
ВЕРАСЕНЬ
115 год таму, 5 верасня 1897 г., у вёсцы Вайвады Дрысенскага павета нарадзіўся асветнік сярод беларусаў Латвіі і паэт Эдвард Людвігавіч Вайвадзіш.
115 год таму, 10 верасня 1897 г., у г. Дрыса нарадзіўся заслужаны дзеяч літаратуры і мастацтва Тувы, стваральнік тувінскай пісьменнасці, прафесар Аляксандр Адольфавіч Пальмбах.
215 год таму, 12 верасня 1797 г., памёр Міхаіл Іванавіч Цяцерскі, драматург, педагог, выкладчык рыторыкі Забельскага дамініканскага калегіума, аўтар трагедый, камедый, у т.л. лібрэта славутай камічнай оперы «Апалон-заканадаўца».
40 год таму, 18 верасня 1972 г., памёр доктар медыцынскіх навук, прафесар, ураджэнец вёскі Паноры Казімір Іосіфавіч Бердыган.
110 год таму, 21 верасня 1902, у вёсцы Стрэмкі Дрысенскага павета нарадзіўся мастак Пётр Тамашавіч Мірановіч.
КАСТРЫЧНІК
30 год таму, 14 кастрычніка 1982 г., у Афганістане загінуў мал. сярж. Міхаіл Іванавіч Шэўчанка (нарадзіўся 1 ліпеня 1962 г. у вёсцы Антонаўка Касцюковіцкага раёна, жыў у вёсцы Расіца, быў прызваны Верхнядзвінскім райваенкаматам, пахаваны ў Расіцы).
ЛІСТАПАД
95 год таму (1917) у Дрысенскім павеце была ўсталявана Савецкая ўлада.
30 год таму, 2 лістапада 1982 г., у Афганістане загінуў Сямён Паўлавіч Улашэвіч (нарадзіўся 10 чэрвеня 1963г. у вёсцы Боркавічы, дзе і пахаваны).
15 год таму, 5 лістапада 1997 г., памерла ўраджэнка вёскі Зябкі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт Беларускай акадэміі мастацтваў Інэса Аўксенцьеўна Ушацкая.
90 год таму, 15 лістапада 1922 г., у вёсцы Цярэшкі нарадзілася Герой Сацыялістычнай Працы Быкава Надзея Паўлаўна.
110 год таму, 24 лістапада 1902 г., у вёсцы Барсукі Шайцераўскага с/с нарадзіўся Герой Савецкага Саюза Іван Міхайлавіч Кабзун. Загінуў у 1942г.
СНЕЖАНЬ
115 год таму, 11 снежня 1897 г., у вёсцы Карчы нарадзіўся Сцяпан Фёдаравіч Пятроўскі, генерал-маёр, удзельнік грамадзянскай і Вялікай Айчыннай войнаў.
14 снежня спаўняецца 105 год (1907) з дня смерці Карла Казіміравіча Касцюшкі-Валюжыніча. Пахаваны ў Херсанескім манастыры.
50 год таму, 25 снежня 1962 г., горад Дрыса перайменаваны ў Верхнядзвінск.
Каляндар склаў А. БУБАЛА,
навуковы супрацоўнік рабочай групы раённага музея.



3 комментария по теме “Гістарычны каляндар Верхнядзвінскага раёна

  1. Дзякуй, сп.Антону за такую працу!Вось дзе раздолле для розных мерапрыемстваў!

  2. CОРАМНА ЗА:»Вчера была жопа, сегодня была жопа, завтра уже точно будет жопа. Похоже ситуация стабилизируется!»

  3. НЕ -Сябру. Если так оцениваешь историю, то поделись, что же по -твоему «не ж…а».

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *