Лад жыцця — здаровы

Актуально Райисполком

Раённым выканаўчым камітэтам разгледжана пытанне «Аб стане спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы ў арганізацыях Верхнядзвінскага раёна».

Фарміраванню здаровага ладу жыцця на Верхнядзвіншчыне заўсёды ўдзяляецца вялікая ўвага. Як адзначыў старшыня райвыканкама І. І. Марковіч, створана надзейная база для развіцця фізкультуры і спорту — толькі спартыўных збудаванняў у раёне звыш 130. Але характэрны факт, што спортам займаюцца асобныя аматары — ён не стаў сапраўды масавым, калі на бегавыя дарожкі і спартыўныя пляцоўкі выходзілі б усе жыхары раёна, незалежна ад узросту і сацыяльнага статуса. Між тым, сацапытанне, праведзенае сярод насельніцтва, паказала, што 78% рэспандэнтаў хвалюе рост п’янства і нізкі ўзровень культуры грамадства. Значыць, трэба прыкладаць шмат намаганняў для таго, каб людзі выбіралі здаровы лад жыцця.
Аналізуючы работу ў гэтым напрамку, начальнік аддзела фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама В. А. Багушэвіч адзначыў, што ў раёне плённа працуюць 30 калектываў фізкультуры і спорту, асабліва — у ААТ «Інвет», «Шайцерава», «Бялькоўшчына», РВУ «Верхнядзвінскрайгаз», ЦРБ, РАУС, дэпартаменце аховы, райспажыўтаварыстве, пагранкамендатуры і іншых. У галіновых спартакіядах вызначыліся Бялькоўшчынскі, Шайцераўскі і Бігосаўскі сельсаветы. Шырока развіта спартыўная работа сярод вучнёўскай моладзі.
У мінулым годзе аддзелам ФКСіТ, ДЮСШ, ФСК «Дзвіна» і ўстановамі адукацыі праведзена звыш 160 спартыўна-масавых і фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел звыш 7 тысяч чалавек. На базе ФСК «Дзвіна» і ДЮСШ дзейнічаюць пункты пракату спартыўнага інвентару і абсталявання. Летась аказана платных паслуг насельніцтву на 31 млн рублёў. Асаблівай папулярнасцю сярод жыхароў раёна карыстаюцца трэнажорныя залы, гульнёвыя пляцоўкі, каток і хакейная каробка.
Аднак у развіцці масавага спартыўнага руху зроблена далёка не ўсё. У асобных калектывах распаўсюджванню спорту не ўдзяляецца належнай увагі. Назіраецца рост колькасці асоб, прыцягнутых да адказнасці за п’янства. Недастаткова забяспечаны спартыўным інвентаром і абсталяваннем агульнаадукацыйныя ўстановы і ДЮСШ. Патрабуюць рамонту многія спартыўныя збудаванні ў школах, капітальнай рэканструкцыі — стадыён «Юбілейны». Трэба абсталяваць бегавыя дарожкі сучасным пакрыццём, замяніць трыбуны на металапластыкавыя, паклапаціцца аб падсобных памяшканнях.
Гаварылася на пасяджэнні аб неабходнасці знаходзіць свае арыгінальныя рашэнні ў арганізацыі вольнага часу: у іншых рэгіёнах прыжыліся папулярныя ў народзе «грыбныя», «чарнічныя», «лазневыя», «водныя» чэмпіянаты — чаму б нам не знайсці сваю «ізюмінку», якая вабіла б і мясцовае насельніцтва, і турыстаў?! Можна замацаваць за працоўнымі калектывамі свае «фірменныя» віды спорту і папулярызаваць іх.
Недапусціма , што некаторыя кіраўнікі шкадуюць сіл і сродкаў не толькі на правядзенне сваіх спартыўных мерапрыемстваў, але і арганізацыю паездак на раённыя спаборніцтвы, набыццё спортінвентару, формы для спартсменаў.
Перад кіраўнікамі працоўных калектываў пастаўлена задача стварыць каманды для заняткаў асобнымі відамі спорту; прадугледзець у калдагаворах меры заахвочвання работнікаў, якія актыўна займаюцца спортам; выкарыстоўваць для заняткаў спортбазу школ. Вырашана заслухоўваць на пасяджэннях сельвыканкамаў справаздачы адказных за фізкультурна-спартыўную работу.
Аддзелу фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама даручана заняцца будаўніцтвам комплекснай спартыўнай пляцоўкі ФСК «Дзвіна», а таксама комплекснай спартыўна-гульнёвай пляцоўкі ДЮСШ.
Аддзелу адукацыі належыць умацоўваць спартыўную базу школ, забяспечыць максімальную загрузку спартыўных збудаванняў, арганізаваць платныя спартыўныя паслугі для арганізацый і ўстаноў раёна, развіваць індустрыю сямейнага адпачынку.
УЗ «Верхнядзвінская ЦРБ» абавязана ў вызначаныя тэрміны забяспечваць медагляд школьнікаў і выхаванцаў ДЮСШ.
У шэрагу працоўных калектываў неабходна ўвесці ў штат інструктараў-метадыстаў па фізкультуры і спорту.
На пасяджэнні падкрэслівалася, што паўсямеснае развіццё фізкультуры і спорту — залог здаровага грамадства, здольнага вырашаць складаныя задачы, якія стаяць сёння перад намі ва ўсіх сферах жыцця.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *