Зберагчы памяць

Память

Як паведамляла ўжо «Дзвінская праўда», у краіне ажыццяўляецца праект «Павышэнне статуса ўцалелых жыхароў спаленых беларускіх вёсак».
У Нацыянальным архіве ствараецца электронная база дадзеных аб «вогненных» вёсках нашай Радзімы. Супастаўленне матэрыялаў кнігі «Памяць» і дакументаў пасляваенных гадоў выклікае неабходнасць удакладнення некаторых звестак. Публікуючы іх, мы разлічваем на дапамогу краязнаўцаў, супрацоўнікаў сельвыканкамаў і чытачоў газеты, якія могуць адказаць на пастаўленыя пытанні. Для зручнасці мы згрупавалі гэтыя звесткі па сельсаветах.
Асвейскі сельсавет
У вёсцы Абрамава паводле кнігі «Памяць» у сакавіку 1943 г. былі спалены ўсе 13 двароў, загінулі 59 мірных жыхароў. Паводле ж пасляваеннага дакумента ў вёсцы знішчана 9 дамоў з 21, загінулі 43 чалавекі з 97.
Вёскі Дамбоўка, Паляны, Пасекі ў кнізе «Памяць» запісаны як сселеныя да вайны. Аднак у некаторых пасляваенных дакументах яны аднесены да ліку спаленых фашыстамі.
Вёска Асёткі не трапіла ў спіс спаленых населеных пунктаў з тэхнічнага недагляду ў выдавецтве кнігі «Памяць», хаця ў рукапісе была пададзена. Тым больш, што ў кнізе названы дзве загінулыя сям’і з гэтай вёскі: Казачонка Івана і Кухаронка Цімафея — разам дзевяць чалавек.
На запыт пра вёску Мікуліна мы паведамілі, што гэта «партызанская» вёска была спалена фашыстамі пазней за іншыя, у снежні 1943г.; некоторыя жыхары, цалкам верагодна, загінулі пры розных абставінах, але ў вёсцы не былі спаленыя. На жаль, дакладнымі звесткамі аб стратах мірнага насельніцтва вёскі ў нас няма. На лясных могілках каля Святога возера ёсць магілы з пазначанымі імёнамі, але там хавалі і загінулых партызан, і бежанцаў з іншых вёсак.
Бігосаўскі сельсавет
Вёскі Андзіны, Баркі, Пяскі, Шакалева ў кнізе «Памяць» запісаны як сселеныя да вайны. У некаторых пасляваенных дакументах яны аднесены да ліку спаленых фашыстамі.
Вёска Трыбісы ў кнізе не паказана ў ліку спаленых, а ў некаторых дакументах такой лічыцца. Былыя Трыбісы — ускраіна сучаснай Расіцы; яна, сапраўды, была спалена ў лютым 1943 г., аднак звесткі пра яе ўжо ў той час дакументальна адносіліся да Расіцы.
Боркавіцкі сельсавет
У адным з пасляваенных дакументаў спаленымі лічацца вёскі Адамова (знішчана 12 дамоў з 21, 3 чалавекі з 84), Жукова, Ражэўшчына. Па нашых звестках, вёска Адамова пацярпела пры вызваленчых баях на пачатку ліпеня 1944 г., людзей там не палілі. Гэткі ж ваенны лёс і ў астатніх дзвюх вёсак. Складальнікаў электроннай базы ў такім выпадку цікавяць дакладныя лічбы стратаў гэтых паселішчаў пры праходжанні фронту (колькі і з якой колькасці было разбурана дамоў, колькі загінула жыхароў).
Бялькоўшчынскі (Жоўнінскі і Галубаўскі) сельсавет
У адным з пасляваенных дакументаў у ліку спаленых вёсак названы Асёткі, Жарноўка, Свольна, Ульянова. Па звестках кнігі «Памяць» Жарноўка (іншая назва Сардыкі) і Ульянова (Улянова) паблізу Заточча былі сселеныя ў 1938 г.; тое ж датычыць абодвух маёнткаў Свольна і вёсачкі-пагоста Свальнянскай царквы. Ульянова ж і Свольна, якія існуюць па сённяшні дзень, па нашых звестках, у вайну не былі спаленыя. Не была знішчана ў вайну і суседняя з Гірдзюкамі вёска Асёткі.
Валынецкі сельсавет
Знішчанай падчас вайны ў адным з дакументаў лічыцца вёска Валынцы. Па нашых звестках, вёска пацярпела пры вызваленчых баях.
Дзёрнавіцкі сельсавет
Да спаленых фашыстамі ў адным з дакументаў аднесена вёска Саладухі. У кнізе «Памяць» яна залічана да сселеных перад вайной.
Каханавіцкі сельсавет
Вёска Навінне, занесеная ў кнізе «Памяць» да ліку сселеных да вайны, у адным з дакументаў лічыцца спаленай фашыстамі.
У адным з пасляваенных дакументаў сцвярджаецца, што ў вёсцы Лес-нікова ў лютым 1943 года фашысты спалілі 40 мірных жыхароў. Кніга «Памяць» не падае такіх звестак. Паводле кнігі (1-ы том, стар. 290), у вёсцы былі знішчаны ўсе 22 дамы, загінулі 7 чалавек з даваенных 110. Дадзеныя на стар. 281 1-га тома трапілі па недагляду выдавецтва.
Сар’янскі сельсавет
Вёска Бярозаўка на правым беразе рэчкі Муквяціцы паблізу Мядз-ведзева ў кнізе «Памяць» запісана як сселеная ў 1939 г. Аднак у адным з дакументаў яна ўпамінаецца як спаленая карнікамі.
Чапаеўскі сельсавет
Разыходжанні ў звестках ёсць па шэрагу былых невялікіх паселішчаў. Вёскі Арэхава, Вялікае Поле, Загразна, Капляры (Прудзішча), Нішча, Плюшчык, якія ў кнізе «Памяць» лічацца сселенымі да вайны, у адным з дакументаў, складзеных пасляваенным часам, запісаны як спаленыя фашыстамі.
Мы паведамілі ў Мінск таксама наступныя тлумачэнні да спісаў.
Некаторыя з вёсак, сселенных да вайны, маглі трапляць у справаздачныя дакументы як карнікаў, так і партызан, а таксама ў пасляваенныя спісы знішчаных вайной населеных пунктаў па той прычыне, што ў некаторых з іх маглі ў 1943 г. яшчэ стаяць асобныя гаспадарчыя будынкі, якія фашысты спалілі ў час карных экспедыцый.
У кнізе «Памяць» паказаны вёскі, спаленыя і знішчаныя пры розных абставінах. Абсалютная большасць з іх спалена падчас карных экспедыцый. Былі некаторыя выпадкі (Марцінава, Зялёнаўшчына, Княжыцы і нек. інш.) спалення вёсак у якасці помсты пасля асобных партызанскіх дыверсій. Некаторыя населеныя пункты згарэлі падчас баёў партызан з немцамі (1942), ад бамбёжак і артылерыйскага абстрэлу падчас праходжання фронту. З апошняй прычыны былі знішчаны Ілгачы, Мінкі, Глазкі (у кнізе «спалена», хоць дакладней — «згарэла»), Карабы — усе яны апынуліся ў раёне жорсткіх баёў нашых танкістаў з фашыстамі на рубяжах рэк Ужыца і Сар’янка ў 2-й дэкадзе ліпеня-44. Барысы, Зорка (Старцава), Саламахі былі знішчаны пры прарыве рубяжа р. Дрысы ў наваколлях Дзёрнавіч. Плішчына, Прудзінкі, Стайкі, Філіпова, Шупейкі былі на шляху вызваленчых баёў 332 стр. дывізіі. Праўда, у апошняй групе ёсць сум-ніўныя моманты ў частцы дат знішчэння населеных пунктаў. Тут праходзіў фронт і ў чэрвені 1941 г. У рэдакцыю дасылаліся матэрыялы, надрукаваныя на машынцы, якасць была далёка не з лепшых. Рукапісныя крыніцы пакутавалі тым жа недахопам. Магчыма, пры чытанні 1944 вы-глядаў як 1941, а июль — як июнь (такая апячатка відавочная для Прудзінак). Таму пажадана ўдакладніць, ці сапраўды Плішчына і Шупейкі былі знішчаны яшчэ ў 1941 г. Варта пры-знаць, што ў датах па вёсках, спаленых падчас карных экспедыцый, таксама могуць быць недакладнасці.
Мы разлічваем, што ўсё пададзенае на разгляд чытачам зацікавіць тых, для каго словы «Нішто не забыта» з’яўляюцца не проста лозунгам, а за-клікам да дзеяння. Усе заўвагі, а таксама ўласныя дапаўненні і ўдакладненні па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на Верхнядзвіншчыне просім падаваць у рэдакцыю або ў мясцовыя і раённы выканаўчыя камітэты.
Антон БУБАЛА, навуковы супрацоўнік рабочай групы па стварэнні раённага музея.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *