Лепш дрэнна ехаць?

Литературная страница

У ходзе «прамых ліній» у райвыканкам паступаюць скаргі на работу грамадскага транспарту.

У прыватнасці, адзначаецца, што рэйсы гарадскіх аўтобусаў «не прывязаны» да прыбыцця і адпраўлення цягнікоў на чыгуначным вакзале, расклад на прыпынках не супадае з рэальным рухам транспарту. Растлумачыць сітуацыю мы папрасілі начальніка ўчастка «Верхнядзвінск» філіяла «Аўтобусны парк № 2 г. Полацка» ААТ «Віцебскаблаўтатранс» Віктара Кірылавіча МІНЧАНКУ.

-Некалькі дзіўна, што асобныя пасажыры не паспяваюць да цягнікоў на Полацк. Як у рабочыя, так і выхадныя дні аўтобус адпраўляецца на станцыю ў 4.25 і 12.40, часу хапае.

-Даехаць — хапае. А вось узяць білет — не заўсёды. Бываюць вялікія чэргі да касы, і некаторым пасажырам даводзіцца абілечвацца ўжо ў цягніку, а гэта значна даражэй.

-Відаць, трэба некалькі змяніць графік. Што датычыць неадпаведнасці заяўленага раскладу і рэальнага руху аўтобусаў, то трэба ведаць, што графік складаецца на зімовы і летні сезоны. Удакладненні здараюцца па розных прычынах. Замяніць шыльды на прыпынках не так проста — іх абнаўляюць мастакі Полацкага аўтапарка — два чалавекі на рэгіён.

-Можна ж даць аб’яву аб змяненнях у раскладзе ў газету альбо набраць лічбу на камп’ютары і проста наклеіць на шыльдачку?

-Здзіраюць…

-Нешта не верыцца, але давайце звернемся да становішча на вёсцы.

-Адкрыта па раёну 17 маршрутаў, ахоплены ўсе сельсаветы, аграгарадкі, буйнейшыя вёскі, задзейнічаны 33 аўтобусы. Увогуле, сацыяльны стандарт па аўтобусных перавозках выконваецца на 600%.

-Большасць нашых аўтобусаў выглядае «дзядулямі»…

-Тэхнічны парк абнаўляецца па меры сіл. Па аўтапрадпрыемству ў цэлым на 10% штогод. Нешта перападае і нам. Але сёлета па прычыне нялёгкага фінансавага становішча Верхнядзвінску выдзеляць усяго два МАЗы-152, мяккія, на 47 месц кожны. Яны будуць выкарыстоўвацца як для рэгулярных перавозак, так і для турыстычных і заказных рэйсаў.

-Сродкаў на абнаўленне рухомага саставу не хапае. Выходзіць, аўтобусныя перавозкі прыбытку не даюць?

У размову ўступае дырэктар філіяла «Аўтобусны парк № 2 г. Полацка» ААТ «Віцебскаблаўтатранс» Уладзімір Андрэевіч Чарневіч, які таксама наведаў рэдакцыю.

-Дзе там. Спачатку года страты прадпрыемства склалі амаль 3 млрд. рублёў, па Верхнядзвінскаму ўчастку — 800 мільёнаў. Пры сабекошце паездкі па гораду 2-2,5 тысячы рублёў пасажыр плаціць 800 рублёў. Кошт паліва толькі сёлета павышаўся 8 разоў. Плюс змазачныя матэрыялы, абнаўленне і рамонт шын, зарплата. Каб скараціць расходы і папоўніць даходную частку, у вобласці вя-дзецца аптымізацыя маршрутнай сеткі.

-Прасцей кажучы, скарачэнне колькасці рэйсаў, асабліва ў выхадныя, на што наракаюць мясцовыя жыхары?

-Ва ўсялякім разе, зніжэння планкі сацыяльных стандартаў у гэтай галіне не будзе.

— Пытанне да Віктара Кірылавіча. Пасля аптымізацыі навучальных устаноў узнікла пытанне аб падвозе школьнікаў. Як яно вырашаецца?

-Вучні ездзяць па праязных білетах, якія аплачвае аддзел адукацыі, па гораду — па даведках, якія выдаюцца школамі. Тут трэба мець на ўвазе, што паездкі дазваляюцца толькі на вучобу і дадому, а калі школьнік едзе, напрыклад, на заняткі гуртка, то трэба аплачваць праезд.

Будзем спадзявацца, што скаргаў ад насельніцтва на работу грамадскага транспарту будзе паступаць менш.

-Спадзяёмся і мы…

М. КАТКОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *