У Верхнядзвінску прайшла імпрэза да юбілею паэта Сяргея Панізніка

Актуально Литературная страница

У перагрэве дзён
Няхай дарожны віскат
Не перасіліць жыта шапаццё!
Вам зычу шчасця, людзі Верхнядзвінска,
На ўсё неперапыннае жыццё.
Сяргей ПАНІЗНІК.

IMG_0286 копия

Сяргей Сцяпанавіч ПАНІЗНІК – выдатны паэт, даследчык, краязнаўца, перакладчык і эсэіст. У маі 2017 года ён адзначыў 75-годдзе з дня нараджэння і 50-годдзе з пачатку сваёй літаратурнай дзейнасці. Да гэтай знамянальнай даты ў Верхнядзвінскай раённай бібліятэцы імя Т. Хадкевіча прайшла літаратурная імпрэза «Я сын твой, прыдзвінскі мой край дарагі!», прысвечаная жыццю і творчасці майстра слова.

Будучы паэт нарадзіўся 10 мая 1942 года ў вёсцы Бабышкі Міёрскага раёна. Гэта была суровая ваенная пара, і пячатку таго страшнага часу Сяргей Панізнік пранёс у душы праз усё жыццё. Яго дакументальныя кнігі «Браніслава» і «Освейская трагедия» – своеасаблівыя літаратурныя помнікі ахвярам вайны ў прыдзвінскім краі. Шматпакутная Бацькаўшчына дала Сяргею Панізніку духоўны мацунак, акрыліла яго талент. Тэма Радзімы і любові да роднага краю праходзіць праз усю яго творчасць.У свет выйшлі 18 кніг Сяргея Панізніка, большасць з якіх – паэтычныя зборнікі.
На сваёй сядзібе ў вёсцы Цінкаўцы Верхнядзвінскага раёна Сяргей Панізнік стварыў літаратурна-краязнаўчы музей «Хата бабкі Параскі» (або «На шляху з грэкаў у варагі»). Менавіта тут ім некалі былі напісаны 13 зборнікаў вершаў і некалькі кніг аб Асвейскай трагедыі. За той вялікі ўклад, які паэт унёс у культурную спадчыну раёна, ён атрымаў званне Ганаровага грамадзяніна гарадскога пасёлка Асвея.
Пазнаёміцца з біяграфіяй і дзейнасцю паэта, паслухаць яго выбраныя вершы і акунуцца ў атмасферу творчасці сабраліся ўдзельнікі народнага клуба «Сучаснік», супрацоўнікі бібліятэкі і проста цікаўныя людзі. Ніна Сяргееўна Глацёнак, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі раённай бібліятэкі, з дапамогай мультымедыйнай прэзента-цыі акрэсліла асноўныя вехі жыцця знакамітага пісьменніка, прачытала яго вершы і расказала прысутным пра апошнюю на гэты момант кнігу «Аўтографы», якая ўжо з’явілася ў бібліятэчным фондзе. Антон Францавіч Бубала ў сваім выступленні раскрыў некаторыя моманты жыццёвага шляху Сяргея Сцяпанавіча. Пётр Пятровіч Квяцінскі распавядаў, што даўно ведае Панізніка, і падзяліўся добрымі ўражаннямі аб ім як пісьменніку і чалавеку. Песні ўласнага аўтарства на вершы Сяргея Панізніка праспявала пад гітару Ірына Салаўёва.
Сяргей Сцяпанавіч узнагароджаны медалём Ф. Скарыны, ордэнам Трох зорак Латвіі, Ганаровымі граматамі Верхнядзвінскага і Міёрскага райвыканкамаў за развіццё краязнаўства ў рэгіёне і захаванне гістарычнай спадчыны. Ён трывала звязаны з прыдзвінскім краем сваёй творчасцю і бясконцай любоўю да Радзімы.
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *