У Верхнядзвінскім клубе цікавых сустрэч гасцілі паэткі з Полацка

Актуально Литературная страница

Народны клуб цікавых сустрэч “Сучаснік” запрашае ў Верхнядзвінск неардынарных творчых асоб. Вось і на гэты раз у раённай бібліятэцы адбылася літаратурная сустрэча з паэткамі Полаччыны.

Святлана Чыжова і Раіса Цітова.
Святлана Чыжова і Раіса Цітова.

Пачынаючы мерапрыемства, кіраўнік клуба Ірына Цімашэнка павіншавала жанчын са святам Вясны. Яна адзначыла, што ў гэты час прачынаецца і ажывае прырода, размалёўваючы яркімі фарбамі ўсё навокал. Так і жанчыны — прыгожыя і закаханыя, саграваюць сваім цяплом родных і блізкіх. У вершах, як і ў любой творчасці, праслаўляюцца каханне, адданасць і лепшыя якасці жанчын. Паэзія – гэта чароўны свет, у якім душа адыходзіць ад абыдзенасці і накіроўваецца ў палёт. У вершах раскрываецца багатая і творчая натура жанчыны.
Святлана Чыжова – кіраўнік літаратурна-музычнага аб’яд-нання “Літаратурны каўчэг”, створанага пры Полацкім раённым Цэнтры культуры, расказала, што аб’яднанне налічвае больш 80 чалавек самых розных узростаў. Усе яны – асобы творчыя, усебаковыя, актыўныя: адораныя музыканты, спевакі-барды, паэты і празаікі, даследчыкі роднага краю. Аб’яднанне пастаянна выдае зборнікі паэзіі і прозы. Выйшлі ў свет кнігі “Ход часу”, “Літаратурны альманах”, “Сэрцабіенне”, “Свяшчэнная памяць”, работы асобных аўтараў: Аляксандра Марцінкевіча. Раісы Цітовай і іншых. А зборнік “Час бліскавіц”, у якім сабраны творы на трох мовах: рускай, беларускай і ўкраінскай, госці падаравалі раённай бібліятэцы.

А. Бубала.
А. Бубала.

У самой Святланы выдадзена 14 кніг, у якіх сабрана больш пяці тысяч вершаў. Яна прачытала некаторыя свае лірычныя творы. Маці Святланы з Архангельскай вобласці, а калі прыехала пабачыцца са сваякамі мужа ў вёску Мазурына, што непадалёк ад Боркавіч, з’явілася на свет маленькая дзяўчынка. Затым бацькі назаўсёды перабраліся ў Беларусь — спачатку ў Бігосава, затым у Глыбоцкі раён. Творчасцю Святлана пачала захапляцца яшчэ ў школе, развівала талент у час вучобы на юрыдычным факультэце БДУ. Натхненне для вершаў чэрпае з жыцця: гэта і прыгожы лісток клёну ў сонечны ранак, і спеў птушак, і ўся родная прырода. Натхняюць таксама радкі вялікіх паэтаў Пушкіна, Ясеніна, Ахматавай, Анненскага, Пастэрнака, Цвятаевай.
Раіса Цітова, актыўны ўдзельнік аб’яднання “Літа-ратурны каўчэг”, прачытала свае вершы і байкі на беларускай мове, дзе дакладна падмечаны чалавечыя слабасці і парокі, і ў іранічнай форме дадзены адказы на важныя маральныя пытанні. А першы верш, няўмелы і просты, паэтка напісала ў другім класе.
У Раісы выйшлі ў свет тры кнігі, якія яна ахвотна дорыць сябрам і знаёмым.
Усё яе жыццё звязана з Полацкім раёнам, дзе праходзіла станаўленне асобы з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Раіса была сакратаром парткома, старшынёй калгаса, старшынёй сельскага Савета дэпутатаў. Веданне жыцця і людзей дапамагаюць ствараць цікавыя, напоўненыя зместам вершы.
Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы. Мясцовы паэт Антон Бубала прачытаў свае вершы і выказаў агульнае захапленне мерапрыемствам. Прысутныя аднагалосна выказалі надзею на далейшае творчае супрацоўніцтва і новыя сустрэчы.
Госці наведалі раённы музей. Аб сустрэчы ж на верхнядзвінскай зямлі ім будуць напамінаць сувеніры, падораныя сябрамі.
Ларыса ЗАЙЦАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *