Са святам Божага Нараджэння віншуем вернікаў каталіцкай канфесіі!

Актуально Духовность

«Супакой пакідаю вам, супакой Мой даю вам»
Евангелле ад Яна 14,27

Вось ужо і падыходзіць да заканчэння Адвэнт – час радаснага чакання Божага Нараджэння. Гэта быў асаблівы перыяд у літургічным жыцці Касцёла. Усе мы стараліся выкарыстаць яго для плённай падрыхтоўкі да святаў Раства Хрыстова. Кожны імкнуўся ачысціць сваё сумленне і сэрца для годнага прыняцця Божага Цела ў сакрамэнце Эўхарыстыі. Бо толькі ў чыстым ад грахоў сэрцы можа нарадзіцца Збавіцель, і толькі чыстае сумленне дазваляе яго прыняць з радасцю і супакоем.
Хтосьці на час Адвэнту браў своеасаблівыя пастановы: чытаць Святое Пісанне, больш часу прысвячаць малітвам, а хтосьці цвёрда рашыў скончыць рамонт, каб сустрэць свята з парадкам не толькі ў душы, але і ў кватэры. Так і ёсць, Адвэнт – гэта час наводзіць парадак у сваім жыцці, як духоўным, так і звычайным бытавым.
А навёўшы парадак у доме, кожны паклапаціўся, каб сваё пачэсная месца заняла пухнатая ялінка, прыгожа аздобленая гірляндамі і цацкамі. Бо як жа без ёлкі, а куды пакладзе падарункі святы Мікалай?! А пад ёлкай абавязкова Бэтлеемская стаенка: Святы Юзаф з Найсвяцейшай Паннай Марыяй у захапленні схіляюцца над яселькамі з дзіцяткам Езусам, пастухі прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Збаўцы, а тры мудрацы з Усходу прынеслі яму свае дары.
Сустракаючы Божае Нараджэнне, мы не толькі захапляемся прыгажосцю старадаўніх хрысціянскіх традыцый, але ажыўляем сваю веру ў міласэрнага Бога, які хоча, каб кожны чалавек добрай волі быў шчаслівы тут, у жыцці зямным, а таксама меў шчасце вечнае ў небе. А шчасце – гэта плён жыцця, згоднага з Божай праўдай і Божым пакліканнем. «Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды» (Евангелле ад Яна 1,14).
Таму кожны, вітаючы нованароджанага Божага Сына, выходзіць яму насустрач з вялікай надзеяй. Надзеяй на тое, што ўсе тыя просьбы, мары, жаданні і інтэнцыі, якія мы маем у сваім сэрцы, згодна з Божай воляй будуць выслуханыя і ў сваім часе споўняцца. Пакорна ўкленчыўшы перад яслямі, давяраем Езусу Хрысту нашу будучыню, нашых родных і блізкіх, нашу краіну Беларусь і ўвесь свет. І сярод шматлікіх просьбаў аб здароўі, дабрабыце і згодзе, думаю, абавязкова будзе і просьба аб супакоі. Супакоі ў нашых сем’ях. Супакоі ў грамадстве. Супакоі і спыненні вайны ў нашых суседзяў. Каб кожны чалавек мог сустракаць Каляды без страху за сваё жыццё, але пад мірным небам – з радасцю і супакоем.
Са святам Божага Нараджэння вас, дарагія верхнядзвінцы! Шчодрых Калядаў!
Вашыя святары: ксёндз Аляксандр Грыцкевіч,
айцец Аляксандр Жарнасек і айцец Чэслаў Курэчка.

Расклад Імшаў у Верхнядзвінскім касцёле:
24 снежня
Вігілійная Імша – 23 гадзіны.
25 снежня
Літургія Божага Нараджжэння – 10 гадзін.
26 снежня
Першы дзень Раства – 10 гадзін, 18 гадзін.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *