Свята вёскі адзначылі жыхары Дзегцярова

Актуально Наш край

Гэтыя знакамітыя радкі з верша Алеся Бачылы сталі лейтматывам свята вёскі Дзегцярова Сар’янскага сельсавета, якое ў надзвычай цёплы вераснёвы дзень аб’яднала яе жыхароў душэўнымі песнямі, цікавымі выставамі і добрымі ўспамінамі.

Дзегцярова налічвае ўсяго 16 жыхароў, сярод іх у асноўным людзі сталага ўзросту. Гэта маленькая, але прыгожая вёсачка: тут ёсць хаты з дагледжанымі падворкамі, на якіх ад ранняй вясны да глыбокай восені зіхацяць кветкі і спее пад ласкавым сонейкам багатая гародніна. Перад пачаткам свята яго ўдзельнікі абыйшлі ўсе ўчасткі, палюбаваліся клумбамі, ацанілі добраўпарадкаванне, пасля чаго сабраліся на пляцоўцы ля аўталаўкі, каб адзначыць дзень вёскі ў прыемнай кампаніі сваіх суседзяў.
Па-сямейнаму ўтульнае свята было арганізавана Сар’янскім сельскім выканаўчым камітэтам і Сар’янскім СДК. Акунуцца ў самыя цёплыя і радасныя ўспаміны з бесклапотнага дзяцінства дапамагалі рэтра-выстава «Бацькоўская спадчына» і фотаінсталяцыя «Не прадаецца хата бацькоў»; яркіх вераснёвых фарбаў дадала выстава кветак «Восеньская вясёлка».


Свята пачалося са шчырых слоў віншавання, кропелькі настальгіі і невялікага экскурса ў гісторыю малой радзімы. Як расказала вядучая Алена Мінчанка, некалі існавала адразу дзве вёскі Дзегцярова – Верхняе ці Вышняе і Ніжняе Дзегцярова. Да нашага часу захавалася толькі Ніжняе. Сваю назву вёска атрымала таму, што ў лесе паміж Ніжнім і Верхнім Дзегцяровам было саматужнае прадпрыемства па выганцы дзёгцю. А з 1944 па 1956 год у паселішчы працавала сельскагаспадарчая арцель «Чырвонаармеец». З таго часу шмат што змянілася, але ёсць тое, што застанецца назаўсёды – гэта маляўнічая прырода, багатая зямля і пачуцці людзей, якія тут нарадзіліся.
Менавіта людзям, адданым сваёй роднай вёсцы, і была прысвечана асноўная частка святочнай праграмы. У намінацыі «Няхай гады, як ластаўкі, ляцяць» віншаванні прымалі старажылы і юбіляры гэтага года. «Круглыя» даты адзначылі Віталь Васільевіч Мажэйка і Ірына Валянцінаўна Жураўлёва; атрымалі падарункі і самыя ўзроставыя жыхары вёскі – Любоў Яфімаўна Гапанёнак, Валянціна Яўгенаўна Сівіцкая і Надзея Іосіфаўна Жарнасек, якая выступіла перад гледачамі з вершам «Мае сыны» і прыпеўкамі «Вясковымі». А пасля на імпра-візаваную сцэну выйшаў самы маленькі жыхар вёскі – чатырохгадовы Дзіма Талсташоў з «Песенкой мамонтёнка». У летні час хлопчык жыве ў Дзегцярова ў сваёй бабулі і добра ведае ўсіх мясцовых жыхароў – яны адносяцца да яго, як да ўнучка.
У намінацыі «Дзякуй за прыгажосць» узнагародзілі пераможцаў конкурсу добраўпарадкавання Таццяну Георгіеўну Удавенка і Надзею Георгіеўну Аўсянкіну. Руплівыя гаспадыні заўсёды старанна даглядаюць падворак, які застаўся ім ад матулі, і ствараюць настрой не толькі сабе і гасцям, але і выпадковым прахожым.
На працягу свята дарылі жыхарам Дзегцярова сваю творчасть трыо «Сар’яначка» і Алена Мацкевіч са студыі «Настрой». А затым вяскоўцы сабраліся за адным вялікім хлебасольным сталом, каб пагутарыць і пачаставацца гасцінцамі. Свята атрымалася па-сапраўднаму цёплым і дамашнім, і ўспаміны пра гэты цудоўны дзень яшчэ доўга будуць саграваць усіх яго ўдзельнікаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *