У Росіцы адбыліся традыцыйныяч ўрачыстасці

Актуально Духовность

Традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёных мучанікаў Юрыя Кашыры
і Антонія Ляшчэвіча адбыліся ў Росіцы.

Сёлета росіцкія сустрэчы прыпадаюць на 80-ю гадавіну мучаніцкай смерці святароў-марыянаў, якія аддалі сваё жыццё за людзей у гады Другой сусветнай вайны. Касцёл Святой Троіцы быў перапоўнены: сюды прыбылі сотні вернікаў з розных куткоў Беларусі, пешыя і аўтобусныя пілігрымкі з Друі, Мінска, Віцебска, Полацка і іншых мясцін.


Удзел ва ўрачыстасцях прынялі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, Апостальскі адміністратар Грэка-каталіцкай царквы на Беларусі Сяргей Гаек, кіраўнік Беларускага вікарыяту Благаслаўлёных мучанікаў з Росіцы ксёндз Вадзім Мізер, іншыя духоўныя асобы. Свецкую ўладу прадстаўлялі намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Севалкіна і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Наталля Андрэева. Гасцей святыні шчыра вітаў пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Жарнасек.
Праграма малітоўных дзён была насычанай: адбылася духоўная канферэнцыя на тэмы будавання хрысціянскага жыцця, Акафіст росіцкім мучанікам, малітва на Святым Ружанцы. Падчас Імшаў, што праходзілі ў касцёле 28-29 ліпеня, гучалі разважанні аб ахвярнасці хрысціянскага жыцця, сведчанні вялікай веры росіцкіх мучанікаў, меркаванні аб каштоўнасцях сучаснага свету і неабходнасці захоўваць хрысціянскую мараль і жыццё на зямлі.


Звяртаючыся да вернікаў падчас начной Літургіі, біскуп Юрый Касабуцкі прыгадаў падзеі, што адбыліся ў Росіцкім касцёле ў лютым 1943 года. Фашысты сагналі сюды людзей, каб расправіцца з нечалавечай жорсткасцю: адных адправіць на катаржныя работы і ў канцлагеры, іншых – на смерць. Вязні разумелі, што іх чакае, і вымушаны былі на працягу некалькіх дзён трываць у страху і роспачы. Можна ўявіць, што адчувалі гэтыя людзі: жах блізкіх пакут і смерці пазбаўляў апошніх сіл, даводзіў да адчаю. І ў гэты час побач з пакутнікамі апынуліся святары Юрый і Антоній. Яны рабілі тое, што патрэбна было разгубленым і перапалоханым людзям: умацоўвалі іх верай. Хрысцілі, спавядалі, знаходзілі словы падтрымкі і духоўна абнадзейвалі. Многія перажылі ў гэты час моцнае навяртанне і адкрылі сэрцы на сустрэчу з Хрыстом. Пры гэтым святары ведалі, што не пакінуць вязняў, і зямны шлях іх саміх у любы момант можа скончыцца. Яны свядома пайшлі на мучаніцтва, выконваючы місію паклікання. Ахвяравалі жыццё за людзей, пацвердзіўшы запавет Хрыста: «Няма большай любові як жыццё аддаць за сяброў сваіх». Трыумфам веры назваў гэты подзвіг духа благаслаўлёных Юрыя і Антонія іерарх касцёла.


Біскуп нагадаў, што сёлета таксама спаўняецца 80 гадоў з часу гібелі ад рук фашысцкіх карнікаў айцоў-францішканаў з Пяршаі, адзінаццаці расстраляных гітлераўцамі манахінь з Навагрудка. Толькі ў каталіцкай царкве да 95 тысяч мучанікаў веры, а колькі іх у іншых веравызнаннях. Гэта служыцелі Бога, якія мелі неверагодную моц духа і выканалі словы Хрыста: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе і возьме крыж свой, і ідзе следам за Мною». «Ці можам мы ўзяць на сябе крыжы свайго жыцця?», – задаў пытанне святар. Натуральна, чалавек імкнецца пазбегнуць цяжкасцей, але калі яны выпадаюць, а гэта ў кожнага выяўляецца па-свойму, варта быць гатовым даверыцца Богу і мець упэўненасць у тым, што Ён хоча нам дабра і дасць моц вынесці выпрабаванні і вытрываць да канца.


«Ахвяра росіцкіх мучанікаў прынесла шчодры плён не толькі для людзей, якіх яны падрыхтавалі да сустрэчы з Богам, але і для нас, – зазначыў біскуп. – Бо сваёй малітвай яны выпрошваюць ва Усявышняга патрэбныя ласкі і веру, каб мы мелі сілу выконваць сваю місію па дарозе да Бога».
Падчас урачыстасці біскуп Алег Буткевіч асвяціў харугвы касцёла.
Па тым самым шляху, па якім 80 гадоў назад ішлі ў агонь ахвяры вайны, бясконцай ззяючай ракой пацякла да пляца мучаніцтва працэсія вернікаў са знічкамі ў руках. Людзі маліліся ля Крыжа аб заступніцтве благаслаўлёных мучанікаў, захаванні жыцця і міру на зямлі. Нагадваючы сімвалічны сэнс Крыжа, біскуп Алег Буткевіч сказаў, што ён з’яўляецца найперш знакам Хрыстовай перамогі над смерцю. «Крыжы ставім там, дзе прагнем, каб былі знішчаны смерць і зло, – сказаў святар. – Для кожнага з нас Крыж павінен азначаць сродак, здольны ўратаваць свет, каб такая трагедыя больш не паўтарылася. Гэты знак нагадвае і тое, што зямная смерць – не канчатковая трагедыя. Прыклад росіцкіх благаслаўлёных мучанікаў гаворыць нам, што не трэба шукаць зла іншым, але ахвяраваць ім сябе і знаходзіць у гэтым сваё асабістае шчасце. Праз годнае хрысціянскае жыццё мы павінны ратаваць свет ад гібелі».
С. Дзвінская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *