Са святам Божага Нараджэння віншуем каталіцкіх вернікаў!

Актуально Духовность

«Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дадуць Яму імя Эмануэль, што азначае «з намі Бог». Мц. 1,23

Дарагія браты і сёстры!
Сардэчна віншую вас са святам Божага Нараджэння!
Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. Прагненне Хрыстовай любові і супакою кіруе намі на ўсім зямным шляху. Першымі сведкамі Божага нараджэння сталі звычайныя пастухі, якія пасвілі свае статкі недалёка ад стайні, дзе спыніліся на начлег Юзаф і Марыя. Нават тры мудрацы ці, паводле старажытнай традыцыі, тры каралі з Усходу прыйшлі пакланіцца нованароджанаму Каралю Сусвету, бо доўгія гады даследвалі прароцтвы і чакалі знаку з неба. Такім знакам стала Бэтлеемская зорка, якая прывяла іх спачатку ў Ерузалем, у каралеўскі палац Ірада, а потым да Бэтлеемскай пячоры.
Менавіта там споўніліся старадаўнія прароцтвы, у якіх Бог прадказваў прыйсце ў свет свайго Адзінароднага Сына. Ужо ў VIII ст. да нараджэння Хрыста прарок Ісая абвяшчаў, што Дзева народзіць Сына і імя Яго будзе Эмануэль, а прарок Міхей таксама прыкладна ў гэтыя часы кажа такія словы: «А ты, Бэтлеем – Эфрата, ці ж найменшы ты сярод тысячаў Юды? З цябе выйдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраэлі, і Якога паходжанне з пачатку, ад дзён вечных».
Таксама як і стагоддзі назад, сёння сучасны свет чакае і прагне прыходу Хрыста – Князя Супакою. «Народ, які хадзіў у цемры, убачыць святло вялікае», «Ты памножыш народ, павялічыш радасць ягоную. Ён будзе весяліцца перад Табою, як весяляцца ў час жніва, як радуюцца пры падзеле здабычы», «Бо дзіця нарадзілася нам; Сын дадзены нам; уладарства на плячах у Яго, і дадуць імя Яму: Дзівосны, Дарадца, Бог Моцны, Айцец Вечнасці, Князь Супакою». ( Ісая 9,2-6).
У гэтыя святочныя дні, схіляючы калені перад цудоўнай таямніцай Божага нараджэння, просім Бога аб ласцы супакою для свету. Молімся, каб мір заўсёды панаваў на нашай зямлі, у нашых дамах і нашых сем’ях. Няхай калядны час бу-дзе напоўнены супакоем і надзеяй, што Бог ёсць з намі і кіруе нашай гісторыяй і нашымі лёсамі, а Маці Божая, Апякунка Беларусі, няспынна ахінае нас плашчом сваёй мацярынскай любові.
На час перажывання святаў Божага Нараджэння і Калядаў ад усяго сэрца благаслаўляю!
Кс. Аляксандр Грыцкевіч.

Расклад Імшаў на свята Божага Нараджэння
Субота, 24.12.2022г. – Вігілія Божага Нараджэння – 22.00.
Нядзеля, 25.12.2022г. – урачыстасць Нараджэння Пана – 10.00.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *