У Каханавічах адбылося свята аматарскай творчасці

Актуально Наш край

Другі год запар у чэрвені сквер імя Ігната Храпавіцкага, што ў аграгарадку Каханавічы, напаўняецца музыкай, гоманам, гучнымі апладысментамі. Свята аматарскай творчасці «Мы шчаслівыя, калі мы разам» збірае сваіх сяброў, каб праз беларускія песні, танцы, абрады паказаць: мы – беларусы і гэтым ганарымся, памятаем і захоўваем звычаі і традыцыі нашых продкаў.

Пачалося мерапрыемства прыгожым абрадам «Кумаўленне» з дзявочым хараводам, завіваннем вянкоў, сплятаннем бярозавых галінак.


Радзіма вядомага грамадскага і навуковага дзеяча, літаратара, збіральніка мясцовага фальклору Ігната Храпавіцкага стала месцам нараджэння аднаго з брэндавых раённых святаў.
З прывітальным словам да яго ўдзельнікаў і гасцей звярнулася старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Францаўна Козел. Яна нагадала, што свята аматарскай творчасці – адно з брэндавых мерапрыемстваў раёна, і з кожным годам яно мацнее, збірае ў свой танцавальны карагод новых удзельнікаў, дорыць прыемныя ўражанні і сяброўства з цікавымі людзьмі.
А яшчэ свята штогод адкрывае таленты. Сёлета, напрыклад, жадаючыя спаборнічалі ў выкананні баек. Алена Мацкевіч (клуб па інтарэсах «Рукотворные чудеса», Сар’янскі СДК), Алена Новікава (народнае аматарскае аб’яднанне нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Расіца», Бігосаўскі СДК), Марына Карнавухава (народны клуб «Ветеран», раённы цэнтр культуры), Валянціна Болбат (народнае аматарскае аб’яднанне «Сучаснік», цэнтральная раённая бібліятэка імя Тараса Хадкевіча) і Галіна Станько (клуб аматараў роднага краю «Освейские просторы», Асвейскі ГДК) чыталі «Байкі ад Антося». Іх аўтар Антон Францавіч Бубала ацэньваў артыстызм выканаўцаў.
А колькі цудоўных беларускіх страў было нагатавана для прэзентацыі нацыянальнай кухні «З печы, з полу – усе да столу»! Тут былі і бульбяныя піражкі, і пірог ад народнага клуба «Белыя вароны» Каханавіцкай сельскай бібліятэкі, і суп з бобу «Шэль-бабон» ад народнага клуба «Ветэран» РЦКіНТ, і яешня са скваркамі, і поліўка ад клуба «Красота и здоровье» Асвейскага ГДК, і «Бабка» ад народнага аматарскага аб’яднання нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Расіца» Бігосаўскага СДК. Аматарскае аб’яднанне «Книголюбы» Сенькаўскага клуба-бібліятэкі прапанавала дранікі, а клуб па інтарэсах «Рукотворные чудеса» Сар’янскага СДК – салодкія аладкі ў смятане. Удзельнікі народнага клуба майстроў народных мастацкіх рамёстваў і мастакоў-аматараў раённага Дома рамёстваў прапаноўвалі ўсім жадаючым стварыць прыгажосць сваімі рукамі – паспрабаваць сябе ў маляванцы і вышыўцы.
Вядома, што нашы продкі ўмелі не толькі смачна гатаваць, але і выдатна танчыць. Танцавальны карагод народнага бытавога танца «Топнем разам!» распачалі ўдзельнікі народнага клуба «Ветэран». А за імі ў «Падэспані», «Какетцы», «Зялёным гаі», «Базары» закружыліся і іншыя госці свята.


Пакуль дарослыя спявалі, скакалі і частаваліся беларускімі стравамі, дзеці забаўляліся на інтэрактыўнай пляцоўцы: дзяўчынка Весялінка падрыхтавала для іх гульні, забавы і прызы. Майстар-клас па вольнай барацьбе праводзіў удзельнік клуба «Белыя вароны» Васіль Адамоўскі.
Ніякае свята не абыходзіцца без песень: вясёлых, задорных, ад якіх ногі самі просяцца ў скокі. Менавіта такія гучалі ў выкананні народнага вакальна-харэаграфічнага ансамбля «Ярыца», вакальнага калектыву «Вясёлы настрой» Асвейскага ГДК, народнага клуба «Ветэран», салістаў Сар’янскага і Бігосаўскага СДК, народнага эстраднага гурта «Праект». А Ніна Міхайлаўна Кулагіна з аграгарадка Валынцы ў чарговы раз даказала, што няма ёй роўных у майстэрскім выкананні прыпевак.
Дыпломы і памятныя ме-далі раённага свята аматарскай творчасці атрымалі ў якасці ўзнагароды ўсе ўдзельнікі.
Цёплыя словы падзякі за добры настрой, захаванне беларускай спадчыны і яскравыя эмоцыі ім выказалі намеснік старшыні аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Андрэева і дырэктар ДУК «Верхнядзвінскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» Вольга Сяткоўская.


Удзячнасць за цёплы гасцінны прыём госці выказалі старшыні Каханавіцкага сельскага Савета Сяргею Вільчыку. Ён, разам з былым старшынёй Валерыем Ярмоленкам, безумоўна, рады, што менавіта на каханавіцкай зямлі «нарадзілася» і набірае моц гэта цудоўнае свята.
Арганізатары мерапрыемства падрыхтавалі для гасцей, удзельнікаў і жыхароў Каханавіч пачастунак – смачны пірог. Так і павінна завяршацца сустрэча сяброў – за агульным сталом.
Адзвінела, адспявала свята. Яго рэха яшчэ доўга гучала над верхавінамі паркавых дрэў. Раз’ехаліся па розных куточках Верхнядзвіншчыны творчыя і таленавітыя людзі, але праз год на гэтым жа месцы яны зноў закружаць ў сяброўскім карагодзе.
Анна ЗІМАЦКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *