Верхнядзвінскі майстар стварае цуды з дрэва

Актуально Наш край

Па адукацыі Сяргей Уладзіміравіч Палікарпаў – тэхнік лясной гаспадаркі, аднак свае прызванне знайшоў у іншай сферы: ужо на працягу некалькіх гадоў ён паспяхова асвойвае майстэрства сталяра.

Сваімі каранямі гісторыя апрацоўкі дрэва сыходзіць у глыбіню стагоддзяў. З даўніх часоў нашы продкі выкарыстоўвалі драўніну ў побыце і мастацтве; рабілі з гэтага трывалага і ў той жа час падатлівага матэрыялу ўсё, пачынаючы ад звычайнага сякерышча і заканчваючы будынкам. Да нашага часу майстэрства апрацоўкі дрэва дайшло ў выгля-дзе дзвюх блізкіх прафесій: цесляра і сталяра.
Сталярнае рамяство, або сталярства – гэта вытворчасць мэблі, прадметаў побыту, дэкаратыўных рэчаў і нават некаторых элементаў пабудоў – дзвярэй, вокнаў, перагародак. Лічыцца, што прафесія сталяра з’явілася ў Старажытным Егіпце, бо менавіта на помніках гісторыі перыяду Новага царства сустракаюцца выявы працэсаў работы з дрэвам; захаваліся ўзоры мэблі эпохі Старажытнага Егіпта і Месапатаміі. І з цягам часу сталярства не страціла сваёй значнай ролі ў жыцці людзей – наадварот, яно працягвае актыўна развівацца і ўдасканальвацца, а майстры знаходзяць новыя тэхналогіі і магчымасці для самарэалізацыі.
Верхнядзвінец Сяргей Палікарпаў сур’ёзна зацікавіўся сталярным рамяством каля пяці гадоў таму. Вучыўся самастойна: глядзеў майстар-класы ў інтэрнэце, патроху купляў неабходныя станкі, інструменты і матэрыялы, абсталёўваў майстэрню. Спачатку рабіў простыя рэчы накшталт апрацоўчых дошак, з часам пачаў паступова ўскладняць задачу.
Зараз Сяргей зарэгістраваны як рамеснік і стварае ў асноўным мэблю, але і пра менш маштабныя вырабы не забываецца. У рабоце часцей за ўсё выкарыстоўвае ясень і дуб – гэта трывалая, якасная драўніна, якая будзе верай і праўдай служыць сваім гаспадарам многа гадоў.
Майстар знаходзіць новыя сучасныя падыходы да працы, не баіцца эксперыментаваць. Як заўважаюць калегі-рамеснікі, нават звычайная кухонная дошка ў яго выкананні атрымліваецца творам мастацтва. І гэта нядзіўна, бо творчасць, акуратнасць і працавітасць у Сяргея, як гаворыцца, «у крыві»: маці Наталля Аляксандраўна стварае дзіўных аўтарскіх лялек, вядомых далёка па-за межамі Верхнядзвінска.
Свае вырабы Сяргей Палікарпаў упрыгожвае інкрустацыяй – гэта тэхніка дэкарыравання з дапамогай спалучэння матэрыялаў, якія адрозніваюцца па колеры, фактуры, тэкстуры. Узор ствараецца кавалкамі драўніны розных парод дрэў, дзякуючы чаму ўдаецца абыйсціся без фарбаў. Гатовы выраб майстар пакрывае толькі спецыяльным воскам, бяспечным для харчовых прадуктаў. А заказчыкам абавязкова дае памятку, дзе распісана, як правільна даглядаць драўляныя рэчы.
Сяргей – адзін з самых маладых удзельнікаў народнага клуба народных майстроў і мастакоў-аматараў пры раённым Доме рамёстваў. Рэчы яго аўтарства – кухонныя дошкі, падносы, пано, скрыні, шыльды і іншыя – ствараюць сапраўдны ажыятаж на выставах раённага і абласнога ўзроўню.
– Аднойчы, калі мы былі з выставай у Себежы, да нас падышоў сляпы майстар, – успамінае кіраўнік клуба Алена Міхайлаўна Дзямешка. – Ён таксама займаецца сталярствам, працуе на маленькіх настольных станках. Чалавек ужо ва ўзросце, з вялізным вопытам, які дазваляе рабіць сваю справу – і вельмі добра рабіць! – навобмацак. Гэты майстар уважліва «разглядаў» рукамі дошкі і падносы Сяргея, якія мы прывезлі з сабой, задаваў пытанні: як доўга аўтар займаецца сталярствам, колькі яму гадоў. Ён быў сапраўды ўражаны якасцю вырабаў і даў ім найвышэйшую адзнаку!
З задавальненнем карыстаюцца рэчамі аўтарства Сяргея Палікарпава калегі з Дома рамёстваў, многія работы верхнядзвінскіх мастакоў упрыгожваюць зробленыя ім драўляныя рамкі.
– Набывалі ў Сяргея апрацоўчыя дошкі – і для сябе, і на падарункі, – расказвае дырэктар Святлана Малахоўская. – Колькі часу ўжо прайшло, а яны як новыя.
Талент верхнядзвінскага рамесніка па заслугах ацанілі і на «Славянскім базары ў Віцебску»: у «Горадзе майстроў» у Сяргея купілі ўсе вырабы, якія ён прывёз з сабой, – людзі, як вядома, «галасуюць рублём». А ці не гэта самы красамоўны паказчык высокай якасці і запатрабаванасці працы?!
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *