Тэма тыдня

Тема недели

Праект бюджэту на 2022 год абмеркавалі 3 снежня на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі ў Палацы Незалежнасці.
Рост эканомікі захаваны
Нягледзячы на беспрэцэдэнтны па маштабе і глыбіні націск звонку, у краіне здолелі захаваць эканамічны рост і не дапусціць пераносу большасці праблем на штодзённае жыццё людзей. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе па сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.
«Вось гэта галоўная задача. Якія б ні былі санкцыі, як бы на нас ні націскалі, што б з намі ні спрабавалі зрабіць, мы павінны прымаць такія меры, каб людзі гэтых санкцый не адчулі. Прынамсі, каб гэтыя санкцыі і меры звонку не вызначалі жыццё людзей. Запомніце: гэта галоўнае», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Знешнегандлёвы баланс перавысіў $2,7 млрд
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, вынікі дзесяці месяцаў дэманструюць, што валавы ўнутраны прадукт павялічыўся прыкладна на 2,5 працэнта, расце прамысловая вытворчасць, прычым практычна ва ўсіх яе падгалінах.
Больш за 60 працэнтаў беларускай прамысловай прадукцыі пастаўляецца на экспарт. Пры гэтым у глабальным рэйтынгу краін па індэксе канкурэнтаздольнасці прамысловасці Беларусь займае 46-е месца сярод 152 краін. Такія даныя ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці, растлумачыў кіраўнік дзяржавы.
«У сувязі з гэтым экспарт тавараў і паслуг павялічыўся прыкладна на 33 працэнты, у краіну дадаткова паступіла 8,5 мільярда долараў. Склаўся рэкордны дадатны знешнегандлёвы баланс – больш як 2,7 мільярда долараў», – звярнуў увагу Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў многім дзякуючы такой узважанай макраэканамічнай палітыцы ў краіне нядрэнныя паказчыкі плацежнага балансу, а значыць, устойлівы курс і спакой на фінансавым рынку.
Стабільна таксама расце сярэдняя заработная плата: у кастрычніку яна ўшчыльную падышла да Br1,5 тыс. Кожны чацвёрты работнік у краіне атрымлівае звыш гэтага ўзроўню, у той час як год таму іх доля складала толькі 16 працэнтаў.
Разам з тым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і праблем у краіне нямала.
Упершыню за некалькі гадоў інфляцыя перавысіла прагнознае значэнне 5 працэнтаў, а цэны на сацыяльна значныя тавары ў сярэднім выраслі амаль на 7 працэнтаў.
Пры гэтым вытворцы сацыяльна значных тавараў і суб’екты гандлю знайшлі пралазы, якія даюць магчымасць абыходзіць уведзеныя цэнавыя абмежаванні і павышаць цэны.
Прэзідэнт падкрэсліў: нельга дапусціць таго, каб цэнавыя фактары пераходзілі ў наступны год.

Прыярытэт – экспарту
«Урад лічыць, што ў наступным годзе ў прыярытэт трэба ўзвесці экспарт, – адзначыў беларускі лідар. – Бо пакуль ёсць магчымасць прадаваць і замацоўвацца на сусветных рынках (а гэта не будзе доўга) – трэба дзейнічаць».
На думку Прэзідэнта, будзе паступальна нарошчвацца база для «доўгага» інвесціравання.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што практычна завершаны папярэдні інвестыцыйны цыкл і звязаныя з ім буйныя праекты: атамная станцыя, БНБК, Петрыкаўскі горна-ўзбагачальны камбінат, цэлюлозныя і папяровыя комплексы. На фінальнай стадыі праекты ў нафтаперапрацоўцы. «Калі не абнаўляцца, то праз 3-5 гадоў будзем у аўтсайдарах па канкурэнтаздольнасці. Недзе сітуацыю нам падсапсавалі звонку, а недзе мы самі недапрацоўваем і ў гэтым пытанні. Усе задачы па інвестыцыях дакладна прапісаны ў праграме пяцігодкі, але разгортваюцца яны пакуль слаба», – заявіў беларускі лідар.
Ці ўсе эканомяць?
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб праекце бюджэту на 2022 год і падкрэсліў неабходнасць эканоміі і скарачэння неабавязковых расходаў.
«Варта памятаць, што людзям патрэбны не лічбы і паказчыкі. Нашых грамадзян хвалююць блізкія ім пытанні: зарплата, работа, цэны», – звярнуўся кіраўнік дзяржавы да ўдзельнікаў нарады.
Ён звярнуў увагу, што праект бюджэту на 2022 год фарміруецца дэфіцытным. «З аднаго боку, зразумела чаму. Мы нясём незапланаваныя расходы, якія складана прадугадаць. Але з іншага, пытанне – ці ўсе эканомяць і напружваюцца па скарачэнні неабавязковых расходаў, якіх у нас шмат. Таму пытанне эканоміі, беражлівасці зноў выступае на першы план.
Прэзідэнт запатрабаваў прыняць меры па «ўтаймаванні» інфляцыі. «Пытанні грашова-крэдытнай палітыкі традыцыйна праходзяць у нас у нейкім аблегчаным фармаце. Але не на гэты раз, – адзначыў беларускі лідар. – Самая абмяркоўваемая тэма цяпер – высокая інфляцыя».
«Мы плануем у будучым годзе мець адназначную лічбу інфляцыі 6 працэнтаў», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Захаваць абароненасць насельніцтва
«Вось што я ад урада хачу бачыць у наступным годзе: захавайце вось гэты ўзровень абароненасці насельніцтва. Вось што ёсць у гэтым годзе, трэба захаваць. І ледзь-ледзь панізіць інфляцыю».
Паводле яго слоў, справа нават не ў санкцыях. «Вы бачыце, што зноў у сувязі з гэтым амікронам (новы штам COVID-19, які распаўсюджваецца. – Заўвага БЕЛТА), пандэміяй пачала апускацца сусветная эканоміка. Мы ж не веліканы, як Амерыка або Кітай. Зразумела, што калі сусветная эканоміка апускаецца, яна будзе ў гэту варонку зацягваць перш за ўсё і Беларусь. Будзе цяжка разлічваць на нейкія вялікія прарывы, паказчыкі там, «ВУП 7 працэнтаў дадзім або вышэй за сусветны». Мы рэалісты. Таму галоўная наша задача — узровень гэтага года захаваць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што гэты ўзровень у Беларусі хоць і адносна невысокі, але дастатковы для таго, каб жыць. «Жыць можна. Толькі трэба і людзям варушыцца крыху. Як я ўжо гаварыў, распранайцеся і пачынайце працаваць».
Беларускім шляхам пайшлі іншыя
У час нарады Прэзідэнт пералічыў станоўчыя вынікі эканомікі: рост валавога ўнутранага прадукту і прамысловай вытворчасці, павелічэнне экспарту і рэкордны дадатны знешнегандлёвы баланс. Стабільна таксама расце сярэдняя заработная плата, у кастрычніку яна ўшчыльную падышла да Br1,5 тыс.
«Усё гэта добра, але мы не павінны думаць, што вырашылі ўсе праблемы. Тут і вельмі напружаная работа дзяржаўнага апарату, усяго народа, і збег абставін: у нечым нам і пашанцавала. Я ўжо гаварыў: тое, што мы выбралі свой беларускі шлях у пандэміі мінулага года – не закрываліся, не крычалі, проста працавалі. Гэта дае сёння свае вынікі. Беларускім шляхам у 2021 годзе пайшоў увесь свет», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Беларусь апынулася ў цэнтры глабальнага процістаяння, якое цяпер разгарнулася паміж Захадам і Расіяй. У гэтай барацьбе бакі не дзейнічаюць ізалявана – ёсць каналы, па якіх яны могуць весці перагаворы. «Вы не думайце, што вось мы ваюем, ваюем і няма ніякіх кантактаў, мы не бачым, яны нам не гавораць нічога, мы не адказваем. У нас ёсць каналы, па якіх мы размаўляем», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што калектыўны Захад перайшоў ужо ад прэтэнзій да больш жорсткіх патрабаванняў і ўльтыматумаў. «Ад нас патрабуюць, каб Беларусь стала такой, як Украіна. Цытую: «дэмакратычнай, перспектыўнай, развітой» дзяржавай, як Украіна. На што выразна два дні таму ім было адказана: мы ніколі не станем Украінай. Таму што мы – беларусы, у нас уласнае бачанне нашых перспектыў», – заявіў беларускі лідар.
Узмацніць дысцыпліну і працаваць на вынік
Беларускі лідар падкрэсліў, што ў сітуацыі процістаяння калектыўнаму Захаду трэба выстаяць, чаго б гэта ні каштавала. «А выстаім толькі тады, калі будзем адзіныя і маналітныя. Таму дысцыпліна, стараннасць павінны стаць у аснову. Не павінна быць доўгіх, працяглых размоў, угавораў. Рашэнне прынята – выконвайце. Калі ідзе такая бойня, нарады не збіраюцца, каб параіцца, у якім напрамку будзем дзейнічаць. Часам рашэнні трэба прымаць імгненна», – растлумачыў Прэзідэнт.
Што датычыцца службовых асоб, якія павінны прымаць кіраўніцкія рашэнні, яны вызначаны ў Канстытуцыі, законах, дзеянні якіх ніхто не адмяняў, звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. «Таму яшчэ раз паўтараю: у аснову трэба паставіць выканальніцкую дысцыпліну. І мы элементарна выстаім і, галоўнае, не дапусцім таго, каб тыя праблемы, якія мы павінны вырашаць, былі апушчаны і скінуты на наш народ, на людзей. Людзі хочуць жыць нармальна, і мы павінны ў любой сітуацыі забяспечыць гэта нармальнае жыццё», – рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *