Тэма тыдня

Тема недели

тема недели

ПІЯНЕРЫ РЭГІЯНАЛЬНАГА СУПРАЦОЎНІЦТВА

Магілёўская і Бранская вобласці з’яўляюцца піянерамі ў арганізацыі рэгіянальнага супрацоўніцтва на прынцыпова новых умовах. На гэта звярнуў увагу старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч 5 жніўня на ўрачыстым адкрыцці форуму міжрэгіянальнага супрацоўніцтва ў Магілёве.
Міхаіл Мясніковіч таксама адзначыў, што і іншыя вобласці паступова ўключаюцца ў працэс актывізацыі рэгіянальнага беларуска-расійскага супрацоўніцтва. У гэтыя дні дэлегацыя дэпутатаў мясцовых Саветаў Брэсцкай вобласці працуе з калегамі ў Ленінградскай вобласці. Прайшлі кансультацыі брастаўчан з Калінінградскай вобласцю. Гомельскі абласны Савет дэпутатаў сумесна з аблвыканкамам распрацоўвае фармат мерапрыемства з Уладзімірскай вобласцю.
Форум «Міжрэгіянальнае супра-цоўніцтва Магілёўскай і Бранскай абласцей у сферы маладзёжнай палітыкі ў рамках Саюзнай дзяржавы» праходзіў у Магілёве з 4 па 5 жніўня. У ім прымалі ўдзел больш за 170 чалавек: члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, кіраўнікі двух рэгіёнаў, прадстаўнікі выканаўчай улады, дэпутацкага корпуса, маладзёжных і турыстычных арганізацый, устаноў адукацыі і навукі, прадпрыемстваў і арганізацый, сродкаў масавай інфармацыі.

ТЭЛЕГРАМА ЎДЗЕЛЬНІКАМ АЛІМПІЯДЫ Ў РЫА-ДЭ-ЖАНЭЙРА

Журналісты Беларусі адправілі тэлеграму ўдзельнікам Алімпіяды ў Рыа-дэ-Жанэйра 5 жніўня ў час рэспубліканскага семінара па пытаннях развіцця сродкаў масавай інфармацыі ў Гродне.
Міністр інфармацыі Лілія Ананіч прапанавала ўдзельнікам мерапрыемства, сярод якіх кіраўнікі рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ, адправіць тэлеграму беларускім спартсменам адразу з форуму з адзіным пажаданнем: «Перамог!»
Перад адкрыццём Алімпіяды ў Рыа на семінары ў Гродне ўспомнілі, што 120 гадоў таму спартыўныя рэпартажы з першых Алімпійскіх гульняў новага часу перадаваў у сусветную прэсу ўраджэнец Ашмянскага раёна Зыгмунт Мінейка. Такім чынам, вобласць таксама ўнесла свой уклад у развіццё сусветнай спартыўнай журналістыкі.
У Гродне 5 жніўня праходзіў рэспубліканскі семінар «Аб рабоце сродкаў масавай інфармацыі па рэалізацыі задач дзяржаўнай палітыкі». Удзел у ім прымалі кіраўнікі і прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, рэспубліканскіх і рэгіянальных СМІ. У час семінара Лілія Ананіч азнаёмілася з работай студэнцкага медыяцэнтра ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, а таксама прыняла ўдзел у запуску вяшчання ў НD-фармаце на тэлеканале «Гродна Плюс».

ЗОЛАТАВАЛЮТНЫЯ РЭЗЕРВЫ БЕЛАРУСІ ВЫРАСЛІ

Золатавалютныя рэзервы Беларусі ў ліпені ў адпаведнасці з метадалогіяй Міжнароднага валютнага фонду павялічыліся на $315,4 млн і, паводле папярэдніх даных, на 1 жніўня склалі $4 млрд 629,6 млн у эквіваленце. Аб гэтым паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязей Нацыянальнага банка.

У нацыянальным вызначэнні аб’ём золатавалютных рэзерваў павялічыўся на $394,5 млн і на 1 жніўня склаў $5 млрд 186 млн у эквіваленце. Павелічэнню золатавалютных рэзерваў садзейнічалі паступленне другога траншу фінансавага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, сродкаў ад продажу Міністэрствам фінансаў і Нацыянальным банкам аблігацый, намініраваных у замежнай валюце, купля Нацыянальным банкам замежнай валюты на таргах ААТ «Беларуская валютна-фондавая біржа», паступленні ад спагнання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, а таксама павелічэнне кошту золата на міжнародным рынку каштоўных металаў.
Адмоўны ўплыў на аб’ём золатавалютных рэзерваў у асноўным аказала пагашэнне ўрадам і Нацбанкам знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце ў поўным аб’ёме.

НАКІРАВАННЕ НА ПРАФНАВУЧАННЕ

Дзяржслужба занятасці Беларусі ў першым паўгоддзі бягучага года накіравала на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі амаль 6 тыс. беспрацоўных, у тым ліку больш за 900 чалавек — з сельскай мясцовасці, паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.
Прычым па заяўках наймальнікаў з гарантыяй далейшага працаўладкавання накіравана на навучанне 21,2 працэнта «курсантаў» — кожны пяты. Кампенсаваны расходы наймальнікаў і ўстаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы МУС на прафнавучанне 35 чалавек.
Трэба адзначыць, што пералік прафесій (спецыяльнасцей) для навучання беспрацоўных пастаянна змяняецца. Акцэнт зроблены на патрэбнасцях рынку працы, таму арыентацыя ў асноўным на рабочыя прафесіі.

ПАСЛУГІ ПА ПРАЦАЎЛАДКАВАННІ З 2017 ГОДА БУДУЦЬ АКАЗВАЦЬ ТОЛЬКІ ЎКЛЮЧАНЫЯ
Ў РЭЕСТР КАДРАВЫЯ АГЕНЦТВЫ

У Беларусі паслугі па працаўладкаванні з 1 студзеня 2017 года будуць аказваць толькі ўключаныя ў рэестр кадравыя агенцтвы. Аб гэтым паведаміў у інтэрв’ю першы намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Андрэй Лабовіч, каменціруючы новую рэдакцыю закона аб занятасці.
Паводле яго слоў, сёння заканадаўствам замацаваны толькі агульныя механізмы абароны правоў грамадзян пры прадастаўленні ім няякасных паслуг, у тым ліку паслуг у сферы працаўладкавання. «Аднак гэтых механізмаў уплыву на кадравыя агенцтвы недастаткова для эфектыўнага сістэмнага процідзеяння існуючым негатыўным тэндэнцыям. Злоўжыванняў у гэтай сферы нямала», — сказаў першы намеснік міністра. Неаднаразова гучалі прапановы аб неабходнасці прававых абмежаванняў дзейнасці кадравых агенцтваў, каб не ўшчамляліся правы грамадзян, якія карыстаюцца іх паслугамі.
У адпаведнасці з новым законам пералік паслуг па садзейнічанні ў працаўладкаванні, што прадастаўляюцца агенцтвамі па працаўладкаванні, парадак фарміравання і вядзення Рэестра агенцтваў па працаўладкаванні будуць вызначацца ўрадам. Гэта дасць магчымасць комплексна і аператыўна ўрэгуляваць дзейнасць арганізацый, якія аказваюць паслугі ў галіне працаўладкавання, а таксама дакладна размеркаваць і замацаваць паўнамоцтвы органаў дзяржкіравання, упэўнены Андрэй Лабовіч.
Новая рэдакцыя закона была падпісана Прэзідэнтам Беларусі ў ліпені бягучага года, яна ўступае ў сілу з 23 кастрычніка гэтага года, а палажэнні, якія датычацца агенцтваў па працаўладкаванні, — з 1 студзеня 2017 года.

ПРАТЭРМІНАВАНАЯ ЗАПАЗЫЧАНАСЦЬ ЗА ЖКП ПАВЯЛІЧВАЕЦЦА

Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі канстатуе рост пратэрмінаванай запазычанасці насельніцтва за жыллёва-камунальныя паслугі, паведаміў 5 жніўня першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Алег Паскробка на калегіі ведамства.

«Пачынаючы з красавіка рэзка пачала павялічвацца пратэрмінаваная запазычанасць насельніцтва за жыллёва-камунальныя паслугі, якая па стане на 1 ліпеня склала Br111 млрд (у недэнамінаваных цэнах. — Заўвага БЕЛТА). Гэта шмат. Пры гэтым становішча ў абласцях вельмі адрозніваецца. Калі ў Брэсцкай вобласці доля пратэрмінаванай запазычанасці склала 14,2 працэнта, то ў Мінску і Віцебскай вобласці — 29 працэнтаў і 24,4 працэнта. Для вырашэння гэтага няпростага пытання неабходна перагледзець і значна ўзмацніць работу па спагнанні запазычанасці», — адзначыў Алег Паскробка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *