Тэма тыдня

Тема недели

ДЗЯРЖУЗНАГАРОДЫ — ПРАДСТАЎНІКАМ РОЗНЫХ СФЕР ДЗЕЙНАСЦІ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўдастоіў дзяржаўных узнагарод амаль 80 прадстаўнікоў розных сфер дзейнасці.
У прыватнасці, ордэнам Айчыны III ступені ўзнагароджаны намеснік генеральнага пракурора Беларусі Аляксандр Лашын, ордэнам «За службу Радзіме» II ступені — памочнік міністра абароны па ідэалагічнай рабоце ва Узброеных Сілах — начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Аляксандр Гура.
У ліку ўзнагароджаных ордэнам Пашаны — міністр інфармацыі Лілія Ананіч, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Русецкі.
Сярод узнагароджаных медалём «За працоўныя заслугі» — машыністы рэспубліканскага ўнітарнага вытворчага прадпрыемства «Граніт» Аляксей Кошман і Віктар Курловіч, галоўны архітэктар праекта ўпраўлення праектных работ ААТ «Палессежылбуд» Сяргей Макарскі.
Медаля Францыска Скарыны ўдастоены загадчык лабараторыі Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф.Купрэвіча НАН Беларусі Мікалай Ламан, артыст, вядучы майстар сцэны Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Мікалай Лявончык і іншыя.

СТВАРАЕЦЦА МІНІСТЭРСТВА АНТЫМАНАПОЛЬНАГА РЭГУЛЯВАННЯ І ГАНДЛЮ

Адзіны антыманапольны орган — Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю — ствараецца на базе Міністэрства гандлю Беларусі. Адпаведны ўказ нумар 188 «Аб органах антыманапольнага рэгулявання і гандлю» Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў 3 чэрвеня.
У склад міністэрства перадаюцца Дэпартамент цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі, а таксама ўпраўленні антыманапольнай і цэнавай палітыкі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама.
На новы антыманапольны орган ускладзены функцыі па процідзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі на таварных рынках рэспублікі, у тым ліку функцыі органа рэгулявання дзейнасці суб’ектаў натуральных манаполій, рэгуляванні цэн і тарыфаў, кантролю і рэгулявання спажывецкага рынку, у галіне дзяржзакупак, рэкламнай дзейнасці і абароны правоў спажыўцоў.
Ключавой мэтай новага міністэрства з’яўляецца вырашэнне праблемы абароны ўнутранага рынку рэспублікі шляхам стварэння роўных канкурэнтных умоў для ўсіх яго ўдзельнікаў.

НЕАБХОДНА НАЛАДЗІЦЬ УЛАСНУЮ ВЫТВОРЧАСЦЬ ЭНЕРГАЭФЕКТЫЎНАГА АБСТАЛЯВАННЯ

Аб гэтым заявіў у час рэспубліканскага семінара-нарады па актуальных пытаннях развіцця будаўнічай галіны і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў Гродне намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Калінін.
Удзельнікі семінара пабывалі на будаўніцтве новага энергаэфектыўнага 120-кватэрнага дома ў Гродне. Чакаецца, што пры прымяненні сучасных тэхналогій, якія выкарыстоўваюць энергію сонца, зямлі, вады і сцёкаў, цепласпажыванне новага дома будзе да 10 разоў ніжэйшым, чым у сярэднім па краіне.
«Так, на сённяшнім этапе ўзвядзенне такога дома ў параўнанні са звычайным павялічвае кошт на 15 працэнтаў. Знізіць затраты ў час серыйнага будаўніцтва такіх дамоў дасць магчымасць укаранення ўласнай вытворчасці энергаэфектыўнага цеплавога і цеплатэхнічнага абсталявання», — адзначыў Анатоль Калінін.
Аналагічныя праекты пры падтрымцы ПРААН рэалізуюцца таксама ў Магілёве і Мінску.
«Галоўнае для нас сёння — гэта чалавек і яго камфортнае пражыванне. Бачым, што недастатковую ўвагу ўдзяляем спажыўцу нашых паслуг у сферы ЖКГ пры пражыванні ў доме. Адсюль вынікае і тэма энергаэфектыўнасці жылога асяроддзя. У мінулай пяцігодцы значна рушылі наперад у сферы ўкаранення новых тэхналогій — ад агараджальных канструкцый і энергаэфектыўнага шкла да сістэм рэкуперацыі. У будучыя пяць гадоў перад намі стаіць задача: не менш як 60 працэнтаў уведзенага жылля павінна быць у энергаэфектыўным выкананні», — падкрэсліў Анатоль Калінін.

НАЦЫЯНАЛЬНЫ СТЭНД БЕЛАРУСІ ПРАДСТАЎЛЕНЫ Ў МАСКВЕ

Нацыянальны стэнд Беларусі прадстаўлены ў Маскве на кніжным фестывалі «Красная плошча», які адкрыўся 3 чэрвеня ў сэрцы расійскай сталіцы.
Міністэрства інфармацыі Беларусі арганізавала на фестывалі калектыўную экспазіцыю беларускіх выдавецтваў, у якую ўвайшло 1397 назваў кніг, выдадзеных у 2014-2016 гады. На стэндзе прадстаўлены ўсе дзяржаўныя і многія недзяржаўныя беларускія выдавецтвы.
Як паведаміла міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч, беларускую экспазіцыю аб’ядноўваюць некалькі галоўных тэм. Гэта 500-годдзе беларускага кнігадрукавання, якое будзе адзначацца ў наступным годзе, 30-годдзе Чарнобыльскай трагедыі, а таксама тэма Вялікай Айчыннай вайны. Асобны раздзел стэнда прысвечаны краязнаўству Беларусі. У цэлым жа прадэманстравана самая разнастайная тэматыка літаратуры: мастацкая, дзіцячая, вучэбная, навуковая, мастацкія альбомы, кнігі на замежных мовах.
Беларуская экспазіцыя, размешчаная ў непасрэднай блізкасці ад галоўнай сцэны фестывалю, выклікала жывую цікавасць публікі. На стэндзе пабывалі спецыяльны прадстаўнік прэзідэнта Расіі па міжнародным культурным супрацоўніцтве Міхаіл Швыдкой, кінарэжысёр Станіслаў Гаварухін, пісьменнік Валерый Казакоў, расійскія парламентарыі і іншыя вядомыя асобы.
Кніжны фестываль «Красная плошча» праводзіцца другі раз. У ім удзельнічаюць амаль 400 выдавецтваў з усёй Расіі, якія прывезлі ў Маскву звыш 100 тысяч найменняў кніг.

АМАЛЬ 110 ТЫСЯЧ ГРАМАДЗЯН ЛЕГАЛЬНА МАЮЦЬ ЗБРОЮ Ў БЕЛАРУСІ

Амаль 110 тысяч чалавек маюць грамадзянскую зброю ў Беларусі, паведаміў начальнік аддзела ліцэнзійна-дазвольнай работы ўпраўлення прафілактыкі МУС Беларусі Андрыян Кахновіч у час відэа-канферэнцыі на сайце газеты «СБ. Беларусь сегодня».
«Грамадзяне Беларусі могуць мець грамадзянскую зброю чатырох асноўных відаў: паляўнічую зброю, зброю самаабароны, спартыўную і сігнальную зброю, — растлумачыў Андрыян Кахновіч. — Такім правам (на валоданне зброяй. — Заўвага БЕЛТА) на сённяшні дзень скарысталіся 109 тысяч грамадзян. Яны маюць больш як 130 тысяч адзінак зброі».
Самая вялікая доля прыпадае на паляўнічую гладкаствольную зброю — амаль 110 тыс. штук. Таксама ў грамадзян на легальных падставах знаходзіцца больш як 10 тыс. газавых пісталетаў, крыху менш як 2 тысяч спартыўных пісталетаў і г.д.
МУС нагадвае, што за незаконнае захоўванне зброі і боепрыпасаў, паводле артыкула 295 КК, пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Пры гэтым крымінальны закон гаворыць, што добраахвотная здача боепрыпасаў і зброі вызваляе ад адказнасці. Выключэнне складаюць выпадкі збыту.

Па матэрыялах БелТА падрыхтаваў М. КАТКОЎ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *