У Верхнядзвінску адкрыўся этнаграфічны пакой

Общество

На мінулым тыдні ў цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Т. Хадкевіча адбылося свята, прысвечанае адразу дзвюм «чырвоным» датам календара – Дню народнага адзінства і Дню бібліятэк. Цэнтральнай падзеяй мерапрыемства стала адкрыццё этнаграфічнага музейнага пакоя.

Ужо традыцыйна сваё прафесійнае свята бібліятэкары адзначылі разам з чытачамі: упрыгожылі памяшканне, падрыхтавалі для наведвальнікаў цікавую і пазнавальную праграму з экскурсіямі і выставамі. Бібліятэчны хол у гэты дзень літаральна «патануў» у яркіх кветках, якія напоўнілі паветра свежым водарам ранняй восені. За шматлікімі букетамі хаваліся казачныя істоты з дарункаў вераснёвага ўраджаю. Госці з задавальненнем рабілі памятныя здымкі сярод кветак і ў спецыяльнай фотазоне «Я люблю Верхнядзвінск», пакідалі цёплыя словы на рознакаляровых далонях з паперы і ўмацоўвалі іх на «дрэве пажаданняў», а пасля ўсе разам склалі пазл у выглядзе сэрца – знак любові і ўдзячнасці да роднага краю і захавальніка яе культурных каштоўнасцей – бібліятэкі.

Выклікалі непадробную цікавасць наведвальнікаў выставы, якія разгарнуліся на абанеменце і ў чытальнай зале. Экспазіцыя «Аўтограф на памяць» дэманстравала кнігі, падпісаныя аўтарамі для бібліятэкі і яе чытачоў. Не менш пазнавальнай атрымалася выстава «Кнігі, у якіх захоўваецца час», для якой бібліятэкары адабралі самыя старыя падручнікі і мастацкую літаратуру з фонда раённай бібліятэкі і гісторыка-краязнаўчага музея.
На «вернісажы захапленняў» прадэманстравалі свае творчыя работы супрацоўнікі ЦБС – бібліятэкар Бігосаўскай сельскай бібліятэкі Кацярына Жалюк і метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Рыта Анджан.
У дзіцячай бібліятэцы маленькія наведвальнікі сваімі рукамі зрабілі прыгожыя кніжныя закладкі, пазнаёміліся з новымі кнігамі і часопісамі, а пасля спусціліся на першы паверх, дзе іх, як і дарослых гасцей свята, чакала самае цікавае – экскурсія ў мінулае.
Цэнтральнай падзеяй дня стала адкрыццё этнаграфічнага музейнага пакоя у рамках праекта «Маршрут этнатура па Верхнядзвінскаму краю». Рэалізаваць амбіцыйную задумку дапамаглі жыхары раёна – людзі, якія прыносілі ў бібліятэку рэчы сваіх продкаў, прадметы сялянскага побыту і савецкага часу. Акцыя «Альбом истории открыт» доўжылася каля года, і за гэты час удалося сабраць больш за 200 экспанатаў! Металічны збанок з надпісам «Дрыса», цагліна вытворчасці Дзёрнавіцкага завода, нумары газеты «Патрыёт радзімы» – папярэдніцы «Дзвінскай праўды», драўляны чамадан, старыя купюры, куфар, першая кніга Т. Хадкевіча – усё гэта і многае іншае цяпер можна ўбачыць у новым этнаграфічным пакоі. Несумненна зацікавіць аматараў гісторыі «Свидетельство об окончании курсов церковно-приходской школы» 1913 г., якое ў бібліятэку перадала Ніна Фёдараўна Стэльмах з Асвеі.
У міні-музеі пануе атмасфера традыцыйнай сялянскай хаты: печ з кухоннымі прыладамі, стол, пакрыты бялюткім абрусам, «чырвоны» кут з абразамі. Падчас першай экскурсіі па этнаграфічным пакоі загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі Ніна Глацёнак расказала, які сэнс укладалі нашы продкі ў інтэр’ер – кожная рэч мела сваё пэўнае месца і значэнне.
Маладому пакаленню цікава пазнаёміцца са старадаўнімі сялянскімі прыладамі, якія яны наўрад ці сустрэнуць нават у вёсках у сваіх бабуль і дзядуляў: бойку для масла, рубель для тканіны, жалезныя прасы на вуглях, разнастайны гліняны посуд, збанок, гарлачык і іншыя рэчы з гісторыяй. Пра кожную гаварыць можна вельмі доўга, таму для добрай і пазнавальнай экскурсіі лепш запасціся часам.
А колькі ўспамінаў і эмоцый захоўваюць у сабе прадметы савецкага перыяду! Гранёныя шклянкі, ашчадкніжка, радыёпрыёмнік, швейная машынка – для старэйшага пакалення гэта не проста паўсядзённыя рэчы, а цэлая эпоха.
Прыйсці на экскурсію ў этнаграфічны пакой можна ў любы дзень з 9.00 да 19.00, трэба проста звярнуцца да каго-небудзь з бібліятэкараў – вам адкрыюць дзверы міні-музея і раскажуць пра самыя цікавыя экспанаты.
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *