Вялікдзень адзначаюць вернікі каталіцкай канфесіі

Актуально Духовность

 

Свята Пасхі – гэта заўсёды свята Хрыстовай перамогі. Перамогі жыцця над смерцю, святла над цемрай, надзеі над роспаччу.
Але як і перад кожным узыходам сонца ёсць час найбольшай цемры, так і перад хвалебным Уваскрэсеннем быў час найбольшага змагання. Божы Сын прайшоў сваю крыжовую дарогу ад несправядлівага суда Пілата да ганебнай смерці на крыжы. Найбольшым момантам безнадзейнасці для вучняў Хрыста стаў камень, якім закрылі ўваход у магілу з мёртвым целам Езуса. Здавалася, што смерць зноў засталася непераможанай.
Смутак і роспач авалодаў душамі апосталаў, а страх паралізаваў іх волю. Няўжо ўсе словы Хрыста, такія пранікнёныя і жыццесцвярджальныя, былі пус-тым гукам? А ўсе цуды, такія як перамяненне вады ў віно, памнажэнне хлябоў, аздараўленні і нават уваскрашэнне Лазара, аказаліся фікцыяй і падманам? А Дух Святы, які, як голуб, сышоў на Езуса падчас хросту ў Ярдане, а Майсей і Ілля на гары Перамянення і голас з неба Бога Айца, які, як гром, прагучаў на ўвесь Ерузалем – гэта толькі ілюзіі?!
Аднак той магільны камень, які ноччу стаў пячаткай смяротнай перамогі, раніцай ператварыўся ў сімвал надзеі, «бо анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім (Мц 28,2)». А пустая магіла і пахавальныя палотны ўжо не толькі выклікалі здзіўленне і непаразуменне, але нараджалі трапяткую надзею. «Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: «Не бойцеся! Ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Яго тут няма, Ён уваскрос (Мц.28,5-6)». Змёртвыхпаўстанне Хрыста стала трыумфам веры, надзеі і любові. Веры ў непераможнасць дабра. Надзеі на будучую несмяротнасць. І любові, якая перамагае нават смерць.
Нам вельмі важна адчуваць прысутнасць Уваскрослага Хрыста ў нашым сэрцы і нашым жыцці. «Для Бога няма нічога немагчымага», – кажа анёл Габрыэль Дзеве Марыі падчас звеставання. І калі нават здаецца, што камень безвыходнасці, страху і роспачы моцна прыціснуў надзею нашай душы, трэба цвёрда верыць і трывала чакаць Велікоднай раніцы. Каб з радасцю выйсці насустрач сваім братам і сёстрам і вітаць адзін аднаго словамі пасхальнага гімна «Хрыстос Уваскрос!» – «Сапраўды Ўваскрос!».
Кс. Аляксандр Грыцкевіч,
кс. Аляксандр Жарнасек, кс. Чэслаў Курэчка,
каталіцкія святары Верхнядзвінскага раёна.

Расклад набажэнстваў
3 красавіка
Вялікая Субота (Пасхальная Вігілія) – 22.00.
У Вялікую суботу благаслаўленне «велікоднай ежы» – у 10, 14 і 18 гадзін.
4 красавіка
Нядзеля Змёртвыхпаўстання Пана (Рэзурэкцыя): у Верхнядзвінску – св. Імша ў 8.00, Боркавічах – 10.00, Каханавічах – 11.30, Сар’і – 13.00.
5 красавіка
Велікодны панядзелак – св. Імшы ў 10.00 і 18.00.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *