Верхнядзвінская страва «Клёцкі з душамі» увайшла ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцей Беларусі

Актуально Наш край

У спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь уключана «Традыцыйная страва «Клёцкі з «душамі» Віцебскай вобласці».
Яна з’яўляецца традыцыйнай для ўсіх жыхароў заходняй тэрыторыі Віцебшчыны. Гатуюць яе і жыхары нашага раёна.

Паэтычная назва гэтай стравы паходзіць ад начыння, якое змяшчаецца ў сярэдзіну клёцкі і называецца «душой».
Клёцкі, як рытуальная страва, гатуюцца на Дзяды, а таксама з’яўляюцца абавязковымі на жалобным стале. Але з цягам часу іх пачалі ўжываць больш шырока. Гаспадыні гатуюць клёцкі і ў буднія дні, але часцей – у выхадныя, калі за сталом збіраецца ўся сям’я.
Адметнасцю нашых клёцак з’яўляецца тое, што «душа» у іх гатуецца выключна з крышанага на невялікія кавалачкі мяса ці сала.
У фальклорных экспедыцыях па вёсках Бігосаўшчыны збіраліся рэцэпты клёцак з «душамі», якія гатаваліся ў сем’ях і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.
Народнаму аматарскаму аб’яднанню нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Расіца» рэцэпт стравы клёцкі з «душамі» перадала жыхарка аграгарадка Бігосава Надзея Маладажонава. І сёння пакаштаваць клёцкі «Расіца» прапануе ўсім жадаючым на святах, клубных пасядзелках, фестывалях. Напрыклад, на свяце бульбы «Бульбу варым, бульбу смажым – вельмі смачна з малаком», клёцкамі з «душамі» частавала носьбіт нацыянальнай кухні Алена Амбружэвіч з Балін, а на выставе нацыянальнай кухні «Бігосаўскія прысмакі» – Зінаіда Лакотка з аграгарадка Бігосава.

Рэцэпт стравы «Клёцкі з душамі»
Бульбу чысцяць у дзень прыгатавання стравы, дзяруць яе на тарцы або выкарыстоўваюць кухонны камбайн. Драннё моцна адціскаецца ў талерку. Сок з бульбы, які адстоіцца, зліваюць, а гушчар дадаюць ў адціснутае драннё. Соляць, кладуць трошкі мукі, замешваюць.
Прыгатаванне «душаў»: рэжуць мяса, сала маленькімі кавалачкамі, дадаюць кмен, соль, пакрышаную цыбулю і іншыя спецыі.
Гатовае драннё начыняецца, робяцца клёцкі. Клёцкі з «душамі» кідаюць у кіпячую ваду, вараць паўгадзіны. Клёцкі з «душамі» гатовы!
Ужываюць іх як самастойную страву, а таксама падаюць са шкваркамі, смятанай, малаком.
* * *
З цягам часу сталі разнастайнымі і начынкі для «душаў»: акрамя сала, мяса, хатняй каўбасы або фаршу, пачалі выкарыстоўваць грыбы і нават куплёную каўбасу. У пост у якасці «душаў» выкарыстоўвалі таўчоны мак, ільняное семя, грыбы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *