У Бігосаве прайшло мерапрыемства, прысвечанае дню нараджэння Эдуарда Зубрыцкага

Актуально Литературная страница

«Да вытокаў вяртацца сваіх». Менавіта пад такой назвай у Бігосаўскай сельскай бібліятэцы адбылася сустрэча ў фармаце «літаратурнага партрэта», прысвечаная дню нараджэння выдатнага паэта і журналіста Э.І. Зубрыцкага.

Эдуард Іосіфавіч Зубрыцкі нарадзіўся 17 красавіка 1942 г. у вёсцы Шклянцы Докшыцкага раёна, аднак жыў, тварыў і працаваў на Верхнядзвіншчыне – у тым ліку доўгі час быў супрацоўнікам рэдакцыі газеты «Дзвінская праўда». Нашчадкам ён пакінуў аповесць «Суэма», паэму «Жальба Сар’янскай пушчы» і яшчэ каля дзясятка зборнікаў вершаў і паэм.
Імя Эдуарда Зубрыцкага Бігосаўская сельская бібліятэка носіць з 2013 года. Дзень нараджэння паэта тут адзначылі мерапрыемствам «Да вытокаў вяртацца сваіх». Пазнаёміцца з жыццём і творчасцю Эдуарда Зубрыцкага прыйшлі вучні 7 класа Бігосаўскай сярэдняй школы разам з настаўнікам беларускай мовы і літаратуры Вольгай Іванаўнай Сакаловай і класным кіраўніком Валянцінай Мікалаеўнай Шарковай. Дзеці даведаліся, адкуль «імя» ў бібліятэкі, паслухалі кароткія звесткі з біяграфіі Э. Зубрыцкага і разгледзелі прысвечаны яму пастаянны стэнд «Я па жыцці іду паэтам».
Падчас сустрэчы прагучалі вершы аўтара на роднай беларускай мове ў выкананні супрацоўнікаў Бігосаўскага сельскага Дома культуры Алены Новікавай і Валянцыны Паршута.
Пасля «літаратурнага партрэта» Э. Зубрыцкага школьнікаў чакала падарожжа па сцежках біяграфіі яшчэ аднаго паэта, які ўнёс вялікі ўклад у літаратурную спадчыну Верхнядзвіншчыны: загадчык бібліятэкі Алена Амбружэвіч правяла для гасцей экскурсію па музейнай калекцыі Сяргея Панізніка, некалькі год таму перавезенай з сядзібы паэта ў в. Цінкаўцы – так званай «Хаткі бабкі Параскі».
Дзеці са шчырай цікавасцю разгледзелі кожны стэнд і падзяліліся сваімі думкамі наконт мерапрыемства. Іх вельмі ўразіла, што людзі, якія нарадзіліся не ў Верхнядзвінскім раёне, так шмат зрабілі для нашай малой радзімы. Класны кіраўнік Валянціна Шаркова ад свайго імя і ад імя вучняў пакінула запіс у кнізе водгукаў. Настаўнікам сустрэча таксама спадабалася – яны паабяцалі прывесці на экскурсію ў бібліятэку і іншыя класы.
Алёна МАРОЗ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *