У Верхнядзвінску ствараюцца «лапікавыя шэдэўры»

Наш край

Майстры Верхнядзвінскага раённага Дома рамёстваў працягваюць адраджаць народныя віды творчасці, захапляючы сваёй справай усё больш і больш цікаўных людзей.

У апошні час «новы по-дых» атрымала лапікавае шыццё – стварэнне рэчаў з абрэзкаў тканіны. Адразу некалькі майстроў гэтага напрамку далучыліся да клуба пры Доме рамёстваў, сёй-той з заўсёднікаў таксама вырашылі змяніць «профіль».
Напрыклад, у мінулым годзе зацікавілася лапікавым шыццём Ірына Салаўёва – вядомы ў раёне майстар па вышыўцы і вязанню кручком. Дзеці падаравалі добрую швейную машынку – і Ірына Мікалаеўна пагрузілася ў творчасць. Новыя вырабы яна шые вельмі хутка, нядаўна скончыла ўжо трэцюю коўдру. Работа выканана ў чорна-белым колеры, узор складаецца ў клавішы раяля. Гэта – падарунак для дачкі, якая займаецца музыкай, і ў хуткім часе ён адправіцца ў Санкт-Пецярбург разам з папкай для нот, пашытай у тым жа стылі. Шмат арыгінальных тэматычных рэчаў Ірына Мікалаеўна робіць напярэдадні святаў: перад Новым годам, напрыклад, – панчохі для падарункаў, грэлку ў выглядзе каровы, навалачкі на падушкі.
Удзельніца клуба народных майстроў і швачка па адукацыі Ала Савіцкая-Балай займаецца толькі лапікавым шыццём, не адцягваючы ўвагу на іншыя рамёствы. Сумкі, зробленыя яе рукамі, могуць скласці канкурэнцыю модным дызайнерскім калекцыям! Прыгожыя, яркія і, што самае каштоўнае, унікальныя, існуючыя ў адзіным экземпляры – яны ідэальна дапоўняць любы ўбор.
Ала Вітальеўна пастаянна ў творчым пошуку, новыя сумкі з’яўляюцца ледзь не кожны дзень. Як адзначаюць калегі па творчаму цэху, у майстрыцы выдатнае пачуццё колеру і кампазіцыі. Некаторыя сумкі зроблены ў тэхніцы лапікавага шыцця пад назвай «піцца». Майстры параўноўваюць яе з акварэллю і жывапісам алеем. Вось глядзіш – звычайная тканіна з малюнкам, прашытая ніткамі. А гэта і не малюнак зусім! Суцэльнае на першы погляд палатно складаецца з вялікай колькасці маленькіх кавалачкаў, якія накладаюцца адзін на аднаго, сшываюцца, а пасля закрываюцца сеткай або арганзой. Карціна пішацца рознакаляровымі шматочкамі, быццам фарбамі!
Злучае абрэзкі тканіны і стварае ўзоры на сваіх работах Ала Вітальеўна з дапамогай машыннага шва. Без папярэдняга малюнка! Проста кладзе тканіну пад іголку машынкі – і рухае, як падказвае натхненне. Так «нараджаюцца» дзіўныя кветкі і расліны, якія ўпрыгожваюць амаль што кожную сумку. Для падкладкі выкарыстоўваюцца сінцепон ці паралон, яны даюць неабходную фактуру. Дзякуючы ім узоры становяцца ўсё выразней пасля кожнага мыцця.
Адраджаюць лапікавае шыццё на Верхнядзвіншчыне таксама Святлана Калеснікава, Наталля Майсяёнак, Алена Дзямешка, Таццяна Шэлепень, Ганна Казачонак, Раіса Кучынская. Зараз усе майстры раёна прымаюць актыўны ўдзел у «рамеснай каруселі», якую запусціў полацкі клуб «Рошва». Сутнасть своеасаблівага творчага «флэшмоба» ў тым, каб выконваць розныя заданні і ў выніку стварыць адзін агульны выраб, які пасля будзе прадстаўлены на «Славянскім базары». Майстры выконваюць пэўную работу ў тэхніцы лапікавага шыцця і адсылаюць калегам з іншых раёнаў, якім патрабуецца яе дапоўніць у залежнасці ад задання і перадаць далей.
А Верхнядзвінскі раённы Дом рамёстваў аб’явіў конкурс на лапікавы абярэг для Верхнядзвінска да яго 635-годдзя. Майстры з розных населеных пунктаў ужо пачалі работу, і плануецца, што яна завяршыцца да Дня горада.
Алёна МАРОЗ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *