Са святам Божага Нараджэння!

Актуально Духовность

«Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Госпад Хрыстос. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях» (Лк. 2, 10-12).
Радасную вестку ад анёльскіх хораў мы чуем кожны раз, калі перажываем Божае Нараджэнне. У гэты святочны час нам хочацца адчуць прысутнасць Бога ў сваім жыцці. Бога, які нясе супакой і надзею, напаўняе радасцю і натхненнем, абуджае жаданне жыць, верыць і любіць. Менавіта дзеля гэтага мы імкнёмся гэтыя калядныя дні праводзіць у сямейным коле, узаемна дзяліцца падарункамі і віншаваннямі.
Гэты год стаў вялікім выпрабаваннем нашай веры. Мы асаблівым чынам адчулі, наколькі дарагія нам нашыя блізкія. Наколькі крохкім і безабаронным ёсць чалавечае жыццё. І як неабходна Божая дапамога, каб яго абараніць і захаваць. Немагчыма нават уявіць, колькі малітваў аб ласцы здароўя, аб супакоі і паяднанні, аб прабачэнні і перамене сэрцаў узносілася і працягвае ўзносіцца ў нашых храмах. І мы бачым, што Маці Божая, Апякунка Беларусі, не пакідае нас. Яна, якая калісьці стала Маці Нябеснага Сына, і сёння выслухоўвае просьбы і малітвы сваіх зямных дзяцей, ахінае сваім заступніцтвам і ўзмацняе надзею.
Асабліва ў гэты ўрачысты час праз заступніцтва Дзевы Марыі даручаем Богу нашыя сем’і, нашыя парафіі і наш касцёл у Беларусі. Няхай кожны чалавек адчуе ў сваім сэрцы цеплыню нараджэння Хрыста, а кожная сям’я і кожная парафіяльная супольнасць стане цудоўным Бэтлеемам – месцам радасці і супакою.
Адвэнтовае чаканне скончылася, прыйшоў час святкавання. Разам з усімі людзьмі добрай волі далучымся і мы да містэрыі Божага Нараджэння. Увойдзем у таямніцу Бэтлеемскай стайні, сустрэнем там Хрыста і адкрыем для Яго нашыя сэрцы.
Святары Верхнядзвінскага раёна
кс. Аляксандр, а. Чэслаў і а. Аляксандр.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *