Новые победы у шайтеровских животноводов

Актуально Жизнь сельских Советов

Адразу тры працоўныя перамогі ў вобласці – на рахунку працаўнікоў ААТ «Шайцерава».

Першае месца па вытворчасці малака сярод малочнатаварных ферм Віцебшчыны за трэці квартал 2020 года заняў калектыў МТФ «Шайцерава-2», дзе валавы надой з пачатку года склаў 2238,8 тоны малака, а сярэдні надой на карову – 7316,3 кілаграмы.
Забяспечаны тэмп росту да ўзроўню мінулага года – 102,7%. На МТФ, абсталяванай звычайным малакаправодам, утрымліваюцца 306 галоў буйной рагатай жывёлы. 82,5% прадукцыі фермы рэалізавана гатункам «экстра», таварнасць малака склала 91,55%.
– Тут створаны добры малочны статак і ўмовы ўтрымання жывёлы, у дастатку якасных кармоў, строга наладжаны тэхналагічны рэгламент, – дзеліцца сакрэтамі поспеху брыгадзір МТФ «Шайцерава-2» Любоў Сяргееўна Снапок. – А галоўнае, на ферме сфарміраваны надзейны калектыў – дысцыплінаваны, згуртаваны. Усе выдатна ведаюць работу і зацікаўлены атрымліваць як мага больш прадукцыі – з гэтым наўпрост увязаны заробак.

Аператар машыннага даення Ала Пятроўна Сырэвіч па вытворчасці малака за верасень 2020 года заваявала першае месца ў вобласці! Ала Пятроўна палепшыла папярэдні вынік: у жніўні аператар займала другое месца.
Ала Пятроўна даглядае 45 галоў. Сярэдні надой на карову за месяц склаў 905 кілаграмаў малака, валавы за гэты перыяд – 40,7 тоны.
Свінагадоўля ў гаспадарцы таксама на высокім узроўні. Аператар па вырошчванні і адкорму свіней Ларыса Міхайлаўна Храменка заняла першае месца ў вобласці па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі за верасень 2020 года. Сярэднясутачныя прывагі ў яе групе – 891 грам. Яна адкормлівае 1432 галавы свіней.
Узнагародай адзначана аператар па вырошчванні і адкорму свіней Л. Ю. Косцікава, якая неаднаразова выходзіла пераможцам абласнога спаборніцтва і займала другое месца па выніках працы за жнівень. Яе асабістыя «рэкордныя» сярэднесутачныя прывагі склалі 1043 грамы!
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК А.У. Зуй падзякавала жывёлаводам за добрасумленную высокапрадукцыйную працу і ўручыла пераможцам спаборніцтва дыпломы абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК і Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама, а таксама грашовыя прэміі і каштоўныя падарункі.
– Стабільнасць – прыкмета майстэрства, – сказала А.У. Зуй. – Калектыў ААТ «Шайцерава» заўсёды трымае высокую планку і застаецца нязменным лідарам у раёне і вобласці па вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі. Так трымаць!
Дырэктар гаспадаркі М.П. Гумнянкоў і прафсаюзны лідар А.А. Станкевіч падзякавалі калектыву за нялёгкую працу.
– Вядома, мы рады перамозе, – сказаў М.П. Гумнянкоў. – І тым прыемней, што атрымліваем узнагароды практычна кожны месяц. Але спыняцца на дасягнутым нельга, трэба ісці толькі да новых вяршыняў.
Звярнуўшыся да брыгадзіра Л.С. Снапок, кіраўнік заўважыў: «Трэба да 1 лістапада забяспечыць плюс 600 літраў малака да ўзроўню мінулага года…»
Каманда адказала: «Не падвядзём!»
Ксенія ТАМАШЭВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *