Верхнядзвінская бібліятэка падрыхтавала выставу да Дня беларускага пісьменства

Актуально Год малой радзімы

Кожны год у першую нядзелю верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага пісьменства – свята роднай мовы, літаратуры і адукацыі. У гэты раз гасцей прымаюць Бялынічы, менавіта там пройдуць асноўныя ўрачыстасці, але іншыя рэгіёны Беларусі таксама добра падрыхтаваліся да значымай даты.
Упершыню Дзень беларускага пісьменства адбыўся ў 1994 годзе ў Полацку – месцы, якое заўсёды было культурнай скарбніцай нашай краіны. З таго часу для свята штогод выбіраецца новы горад-сталіца з багатай гістарычнай спадчынай. Сёлета гэта Бялынічы ў Магілёўскай вобласці. Праграма 27-га Дня беларускага пісьменства абяцае быць насычанай і цікавай, асаблівая ўвага будзе нададзена тэме малой радзімы і знакавым датам 2020 года – 75-годдзю Вялікай Перамогі і 90-годдзю Уладзіміра Караткевіча.
Да Дня беларускага пісьменства ў чытальнай зале цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Т. Хадкевіча адкрылася кніжная выстава «Беларуская кніга: дарогамі вякоў».
Хутка ўсё разгледзець не атрымаецца – выданняў па тэме свята ў бібліятэчным фондзе знайшлося шмат, і ўсе яны заслугоўваюць увагі: «Кніжная спадчына Беларусі», «Из прошлого в будущее. Библиотеки Беларуси», «Гісторыя беларускай кнігі», біяграфіі вядомых беларускіх паэтаў і пісьменнікаў з цыклу «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» і многае-многае іншае.
Пабачыць, як выглядалі кнігі некалькі стагоддзяў таму, дазваляюць факсімільныя выданні. Факсіміле – гэта максімальна дакладная копія рукапісу, малюнка, гравюры або іншага графічнага арыгіналу, якое не горш за фотаздымак перадае нават самыя драбнюткія дэталі. Жадаеце перанесціся ў 1618 год і паглядзець, якім быў самы першы ў свеце «Буквар»? Не праблема! На выставе ў бібліятэцы ёсць факсімільнае выданне ў трох тамах: сам «Буквар», яго пераклад на сучасную беларускую мову і навуковыя даследванні.

Шмат «экспанатаў» выставы прысвечаны асобе Францыска Скарыны – асветніка, які падараваў беларускаму народу першыя друкаваныя кнігі на роднай мове. «Скарынаўскі каляндар», напрыклад, падрабязна «раскажа» чытачу біяграфію першадрукара, прапаноўваючы азнаёміцца з гістарычнымі матэрыяламі ў храналагічным парадку. Пад вокладкай знойдзецца фотатыпічнае выданне надрукаванага Ф. Скарынай «Эклезіяста» – адной з пазнейшых частак Старога Запавету. Гэта таксама дакладная копія, якая дасць уяўленне пра арыгінал.
У Год малой радзімы нельга было не прадставіць самвыдат – выданні, падрыхтаваныя і надрукаваныя ў цэнтральнай раённай бібліятэцы: зборнікі песень кампазітара, Ганаровага грамадзяніна Верхнядзвінскага раёна Аляксандра Міронава, падарожнік «Память в названиях улиц жива», даведнік «Памятники природы Верхнедвинщины», зборнік вершаў мясцовага паэта Ульяна Родзіка «Осенний вальс» і зборнік вершаў, напісаных верхнядзвінскімі дзецьмі, – «Дети за мир».
Але кніжная выстава – гэта яшчэ не ўсё, што супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі да Дня беларускага пісьменства. Наведвальнікам чытальнай залы прапаноўваецца праверыць свае веды і прайсці мультымедыйную віктарыну, прысвечаную святу. Які год у Беларусі быў аб’яўлены Годам кнігі? А які горад стаў першай сталіцай Дня беларускага пісьменства? Нават калі вы не ведалі адказы на гэтыя пытанні, пасля віктарыны абавязкова іх запомніце!
Алёна МАРОЗ.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *