У Росiцы – пара цвiцення

Актуально Наш край

Калі не ўбачыце, як цвіце наша асцільба, можаце спазніцца на ўсё жыццё,» – так запрасіў у Росіцу  яе знакаміты святар Часлаў Курэчка. Марнаваць жыццё не хацелася, і мы завіталі ў гэты цудоўны куточак малой радзімы, дзе якраз у разгар лета ўсімі колерамі вясёлкі квітнелі дзесяткі разнастайных кветак і раслін.

IMG_3861 копия

Асаблівасць гэтага месца ў тым, што яно ніколі не паўтараецца. Творчы патэнцыял і працавітасць гаспадара касцёла і яго паплечнікаў такія неаб’емныя, што іх хапае, каб кожны год здзіўляць гасцей новымі знаходкамі. Тэрыторыя святыні то палымнее тысячамі цюльпанаў, якія сімвалізуюць ахвяраў, загінуўшых тут у гады вайны, то пеніцца карункамі вяргіняў, высаджаных да свята ўраджаю, то пераліваецца ўсімі колерамі водных лілеяў, што сустракаюць дзяцей у моладзевым лагеры, то ўражвае экзатычнымі магноліямі, раскрыўшымі свае высакародныя бутоны да свята сям’і. Айцец Часлаў вельмі тонка і вобразна ўспрымае прыроду і ўмее звязаць яе праявы з жыццём чалавека. Кожная расліна ў яго мае значэнне і падкрэслівае непаўторнасць гэтага свету.

IMG_3801 копия
Сёлета асаблівым знакам малой радзімы стала асцільба – яна ў святара звязана з дарогай да храма – велічныя кветкі, якія формай нагадваюць святыню, сустрэнуць пілігрымаў, якія прыйдуць у Росіцу ў пачатку жніўня. І гэта не проста клумба ля ўваходу, а плантацыі кветак — сапраўды, убачыць такія бясконцыя шарэнгі рознакаляровых пушыстых пірамідак можна раз у жыцці.

IMG_3845 копия
А яшчэ – квітнеючыя і зелянеючыя спірэі, хосты, гартэнзіі, лілеі, званочкі, рамонкі, геленіум, флоксы, рэбекі і дзесяткі іншых прывычных і незвычайных раслін. Толькі тут можна ўбачыць такое багацце баярышніку і барбарысу, юккі і бэзу, гіпсафілы і ачыткоў.
Дзіву даешся, як можна высадзіць і дагледзець такую колькасць раслін, пры гэтым зрабіць з іх арыгінальныя кампазіцыі? Дзеля гэтага айцец Часлаў працуе ад цямна да цямна, а яму дапамагаюць паплечнік айцец Андрэй, святары з іншых парафій, валанцёры з Верхнядзвінска, Глыбокага, Міёраў, іншых парафій. Падчас нашага прыезду глыбоцкія дзяўчаты праполвалі кветнікі, а мясцовыя мужчыны дапамагалі абкошваць тэрыторыю.

IMG_3810 копия
Увогуле храм прыцягвае велічным спакоем і прыгажосцю, усім сваім выглядам сцвярджаючы трыумф жыцця. Вакол яго на верхатурах дрэў арганічна ўпісваюцца ў ландшафт бусліныя гнёзды. Іх зрабілі для любімых беларускіх птушак дзеці і цяпер заўзята сочаць за рухам бусліных сем’яў. Птушкі жывуць і выводзяць дзетак у трох гнёздах, а чацвёртае, як жартуе айцец Часлаў, гасцявое – сюды яны прылятаюць бавіць час. А на сажалцы пакалыхваюцца німфеі і жывуць лебедзі, выводзячы сваіх чароўных птушанят.

IMG_3833 копия

IMG_3897 копия
Айцец Часлаў знаходзіць час для кожнага госця, які прыязджае ў Росіцу за духоўным падмацаваннем і сузіраннем прыгажосці. Сюды наведваюцца асобныя вернікі, турысты і цэлыя дэлегацыі з розных куткоў Беларусі. Але ловіш сябе на думцы, што багаты змест гісторыі святыні, рэдкая па прыгажосці яе тэрыторыя, хуткаплынны час цвіцення яшчэ не запатрабаваны так, як павінны.
Святар запрашае ўсіх прыязджаць на традыцыйныя ўрачыстасці 3-4 жніўня, а таксама ў любы іншы час. Сапраўды, не палянуйцеся наведаць Росіцу, падыхаць яе паветрам, паглядзець на цуды, падсілкавацца гасціннасцю, падумаць і памаліцца, пакінуць свае ахвяраванні. Не мінайце магчымасці наведаць іншыя цудоўныя храмы нашай зямлі, дзівосныя куточкі малой радзімы, дзе заўсёды чакаюць і любяць. Спяшайцеся ўбачыць і адчуць іх сённяшнюю прыгажосць, каб “не спазніцца на ўсё жыццё”.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *