Тэма тыдня

Тема недели

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка нечакана прыехаў на жаночы форум «За Беларусь», які 17 верасня праходзіў у «Мінск-Арэне».

«Першае і самае галоўнае, чаму я з’явіўся тут: я вельмі цаню тое, што адбываецца цяпер у гэтай зале. Вы нават не ўяўляеце, якую яркую старонку ў гісторыі новай Беларусі вы ўпісалі гэтым дзействам, сабраўшыся з усіх куткоў нашай няхай невялікай, але вельмі ўтульнай, прыгожай, цудоўнай Радзімы. Вы пішаце нашу гісторыю. І добра, што гэта яркая, прыгожая, прынцыповая, не прадажная, сапраўдная старонка будзе прапісана», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, вядома, ведаў пра праводзімы форум, але так склаліся абставіны, што яму давялося займацца чыста мужчынскімі справамі. Ён не думаў, што форум прадоўжыцца так доўга. «Літаральна праз кожныя 20-30 мінут мяне інфармавалі аб ходзе вашага форуму. Я разумеў, што не паспею на гэта вялікае дзейства. І вырашыў хаця б тэлеграму вам накіраваць. Потым сазваніўся апошні раз, мне гавораць: ды не, мы яшчэ шумім! Так я прыняў рашэнне: па дарозе пераапрануўся і прыехаў на гэты форум, каб сказаць літаральна некалькі слоў вам», — расказаў Прэзідэнт.

За некаторы час да з’яўлення на форуме кіраўніка дзяржавы са сцэны «Мінск-Арэны» выступіла прэс-сакратар Прэзідэнта Наталля Эйсмант. «Мы сёння тут, на гэтым цудоўным свяце, а мужчыны, як і належыць, сёння на баявым пасту. Такая сёння сітуацыя. Усім вядома, што ў адпаведнасці з планам двухбаковага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй гэтымі днямі праходзяць вучэнні «Славянскае братэрства — 2020″. У адпаведнасці з дамоўленасцю паміж нашым Прэзідэнтам і Прэзідэнтам і міністрам абароны Расійскай Федэрацыі за арганізацыю і кантроль за гэтымі вучэннямі на тэрыторыі нашай краіны адказвае асабіста кіраўнік беларускай дзяржавы, чым ён цяпер у гэтыя хвіліны і займаецца», — расказала яна.

Наталля Эйсмант адзначыла, што Прэзідэнт не мог асабіста прыехаць на форум, але добра ведае пра мерапрыемства і накіраваў яго ўдзельніцам — лепшым дзяўчатам і жанчынам краіны — тэлеграму. Яна зачытала тэкст прэзідэнцкага паслання з прывітаннямі. «Вы — сапраўдная апора і будучыня нашай краіны. Вы — сапраўдныя патрыёты», — гаворыцца ў ім. Там таксама паведамлялася, што Прэзідэнт прыняў рашэнне другі этап вучэнняў «Славянскае братэрства» правесці ў гонар нашых беларускіх жанчын.

У выніку Аляксандр Лукашэнка ўсё ж такі змог асабіста прыехаць і выступіць перад удзельніцамі форуму.

Лукашэнка: я не агрэсар, я вельмі мірны чалавек

«Ведайце, што я не агрэсар, я вельмі мірны чалавек. Я вырас у вёсцы, дзе кожны абараняў адзін аднаго, дапамагаў, як мог. Я стараўся ў нашай краіне зрабіць так, каб мы ўсе былі сябрамі, каб мы дапамагалі адзін аднаму, каб клапаціліся адзін аб адным. Я быў катэгарычна супраць, каб сёння ў нашы двары ў Мінску прыйшла бяда. Яны яе хочуць кінуць у нашы кватэры», — сказаў Прэзідэнт.

«Я не хачу, каб наша краіна ваявала. Тым больш я не хачу, каб Беларусь і тая ж Польшча, Літва ператварыліся ў тэатр ваенных дзеянняў, дзе будуць вырашацца не нашы пытанні», — падкрэсліў беларускі лідар.

Лукашэнка: ніякай хлусні на выбарах не было, нельга фальсіфікаваць 80%

«Ім (апанентам. — Заўвага БЕЛТА) не патрэбны былі вынікі выбараў, бо да закрыцця выбарчых участкаў яны не сталі б атакаваць мірную сталіцу. За дзве з палавінай гадзіны яны пачалі гэту атаку, сабраўшыся ў абедзенны час, калі людзі ішлі на выбары. Увесь гэты дзень (асноўны дзень галасавання 9 жніўня. — Заўвага БЕЛТА) быў сатканы з правакацый, — расказаў кіраўнік дзяржавы. — І апошняя правакацыя — блакіраванне на 69 участках у Мінску і асобных гарадах нашай краіны ні ў чым не вінаватых людзей — членаў участковых выбарчых камісій. У асноўным там працавалі жанчыны, настаўнікі, урачы, якія выконвалі свой дзяржаўны абавязак».

«І мне давялося загадаць арміі, каб іх на бронемашынах эвакуіравалі. Гэта непрымальна, і з гэтага ўсё пачалося. Я не мог гэтага цярпець», — падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што тады ўсе ахнулі ў сувязі з «асіметрычным прымяненнем сіл нашымі амапаўцамі, нібыта на Акрэсціна яны некага пабілі». «Заяўляю вам абсалютна дасведчана, людзі гэтага не ведаюць: амапаўцы ніколі не дзяжураць, ніколі не былі ні ў СІЗА, ні на Акрэсціна. Там нясуць службу ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў. Але ўсё вастрыё было накіравана супраць гэтых хлопцаў, таму што яны выратавалі краіну і сарвалі бліцкрыг, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Пад гэтымі «бел-чырвона-белымі сцягамі» бліцкрыг не атрымаўся. Ён быў асуджаны за шмат гадоў. Ён не мог адбыцца ў нашай краіне. І ён не адбудзецца ніколі».

Кіраўнік дзяржавы расказаў, што калі не ўдалося захапіць уладу адразу — зламаць сталіцу, падняць усю краіну, — тады па метадычцы была задзейнічана наступная хваля: «Прыгожыя дзяўчаты з белымі кветкамі ў белых сукенках, белых шаўках і без іх выйшлі на плошчы і вуліцы Мінска — прыгожага, утульнага, прыбранага горада-героя. Хацелі паказаць, што яны мірныя людзі. Пасля таго, калі іх спынілі на вуліцах і плошчах. І гэта не прайшло».

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не хоча сказаць, што дзяўчаты і жанчыны, якія ўдзельнічалі ў гэтых акцыях, дрэнныя. «Не, гэта нашы дзяўчаты, якія стаялі на вуліцах. Яны абдумаюцца. Многія ўжо абдумаліся. Акрамя іх яшчэ ёсць вы, якія прыехалі сёння і сказалі сваё слова», — заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Ён прадоўжыў: калі не ўдаўся згаданы чарговы этап, тады на затуханні пратэснага руху, каб яго неяк адрадзіць, пачалі правакаваць. «Усе разлічвалі, што мы адкажам, і адкажам жорстка. Усе рынуліся да Палаца Незалежнасці. Трэба было яго ўзяць штурмам. Не атрымалася. Праваліўся і гэты этап. Мы цярпелі», — сказаў Прэзідэнт.

Тады, паводле яго слоў, быў падключаны наступны этап — жорсткі знешні палітычны і дыпламатычны націск. «Суседнія краіны адмаўляюцца прызнаваць вынікі выбараў і па венесуэльскім сцэнарыі знайшлі беларускую «гуайдзіху» (размова пра экс-кандыдата ў прэзідэнты Святлану Ціханоўскую, якую кіраўнік дзяржавы параўнаў з самаабвешчаным кіраўніком Венесуэлы Хуанам Гуайда, якога ў такой якасці не прызнае пераважная большасць краін. — Заўвага БЕЛТА) і аб’явілі яе прэзідэнтам, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І вы паглядзіце, як эстафету перадалі ад Літвы ў Польшчу, ад Польшчы — ва Украіну. І тут не атрымалася».

Лукашэнка: выбары адбыліся, і яны законныя

«Сёння падключылі яшчэ адну, як яны лічаць, «тэрмаядзерную бомбу». Узарвалі ў Бруселі, у сталіцах. Еўрапарламент, не то Еўрасавет, падключыўся да гэтага і таксама не прызнаў нашы выбары. Наконт гэтага хачу сказаць наступнае: мы правялі выбары ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і законамі нашай краіны. Мы не маем патрэбы ні ў якім прызнанні. Выбары адбыліся, і яны законныя», — падкрэсліў беларускі лідар.

Лукашэнка расказаў, што сітуацыя прымусіла разам з Расіяй адбудаваць агульную абарону Саюзнай дзяржавы

«Сумленна вам скажу, мы не ведаем, што яны выкінуць далей. Мы разумеем, што ў іх арсенале засталося зусім няшмат прыёмаў, перш чым развязаць гарачую вайну. Таму мы вымушаны адвесці войскі з вуліц, як я ўжо гаварыў, паўарміі паставіць пад ружжо і закрыць дзяржаўную граніцу з Захаду, перш за ўсё з Літвой і Польшчай. Мы вымушаны ўзмацніць дзяржаўную граніцу, на вялікі жаль, з нашай братэрскай Украінай», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

«Я вымушаны ў апошнія дні разам з Прэзідэнтам Расіі, міністрам абароны адбудаваць агульную абарону Саюзнай дзяржавы. І мы актывізавалі даўно запланаванае ваеннае вучэнне, якое праходзіць сёння на захадзе нашай краіны — «Славянскае братэрства — 2020″. А таксама намі прынята рашэнне, каб правесці гэтыя вучэнні ў сувязі з вострай сітуацыяй у два этапы. І другі этап будзе прысвечаны вам — нашым жанчынам», — дадаў Прэзідэнт.

Лукашэнка — народам Літвы, Польшчы і Украіны: спыніце сваіх безразважных палітыкаў, не дайце развязацца вайне

«Я не хачу, каб мая краіна ваявала. Тым больш я не хачу, каб Беларусь і тая ж Польшча, Літва ператварыліся ў тэатр ваенных дзеянняў, дзе будуць вырашацца не нашы пытанні. Таму я сёння перад гэтай залай самых прыгожых, перадавых, патрыятычных людзей хачу звярнуцца да народаў Літвы, Польшчы і Украіны: спыніце сваіх безразважных палітыкаў, не дайце развязацца вайне!» — сказаў Прэзідэнт.

Лукашэнка: мы не станем на калені, нават калі застанёмся адны

«Паверце, сітуацыя вельмі няпростая. І я яе не хачу ўскладняць. Мы мужыкі, і мы вырашым гэту праблему», — запэўніў беларускі лідар.

Да жанчын і дзяўчат Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з просьбай: «Вы вернецеся дадому. Скажыце дома, у кожнай вёсачцы, у горадзе, вялікім і малым, скажыце людзям пра тое, што адбываецца на самай справе. Сёння пытанне Беларусі, Расіі і, можа, усёй Еўропы, не толькі Усходняй, вырашаецца тут. Нельга давесці да гарачай вайны», — падкрэсліў беларускі лідар.

«Я толькі што сказаў: у іх арсенале засталося зусім няшмат прыёмаў. І мы стаім на мяжы страшнай катастрофы. Калі яны сунуцца сюды, мы вымушаны будзем адказваць. Мы не станем на калені. Нават калі застанемся адны», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка: Беларусь мы не аддадзім, таму што яе любім, а любімую не аддаюць

«Вы вельмі правільна сказалі — мы ўпершыню ў шматвяковай, тысячагадовай гісторыі нашага старажытнага народа атрымалі гэты суверэнітэт і гэту незалежнасць. Я разумею, што мы небагата жывём. Але ж мы не бедныя. Таму што ў нас ёсць гэта краіна. Калі мы цяпер пахіснёмся і аддадзім гэты кавалачак зямлі, загінем не толькі мы, загінуць нашы дзеці і ўнукі. Таму вы маеце рацыю: Беларусь мы не аддадзім! Таму што мы яе любім, а любімую не аддаюць!» — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Па матэрыялах БелТА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *