Тэма тыдня

Тема недели

tema-nedeli

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка патрабуе няўхільнага выканання прынятых на Усебеларускім народным сходзе рашэнняў. На гэтым кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу ў ходзе даклада ўрада аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2016 года, праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год.
Як падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, усе прысутныя на дакладзе, што вельмі важна, з’яўляліся непасрэднымі ўдзельнікамі падрыхтоўкі і правядзення галоўнага агульнанароднага форуму краіны, былі дэлегатамі і павінны разумець меру адказнасці за тактычныя рашэнні, якія будуць сёння прыняты. Урадам і Нацыянальным банкам прадстаўлены праекты важнейшых дакументаў на 2017 год.
Прэзідэнт звярнуў увагу на асобныя моманты, якія яго насцярожваюць: «Урад дакладвае, што ў цэлым стабільнасць захавана, у поўным аб’ёме і ў тэрмін разлічваемся па ўсіх дзяржаўных абавязацельствах, валютных даўгах, ствараюцца ўмовы для якаснага паляпшэння макраэканамічных параметраў. Тым не менш сітуацыя на многіх прамысловых прадпрыемствах застаецца складанай». Пры гэтым Прэзідэнт адразу папярэдзіў — спасылкі на знешнія ўмовы не прымаюцца. «Калі мы адстойваем незалежнасць сваёй дзяржавы, то павінны зарабляць уласнай працай, робячы стаўку на ўнутраныя рэзервы, больш таго — усялякія спасылкі, праблемы і цяжкасці, плануючы бягучы год, мы прадугледжвалі, і не адзін раз, яны ўжо закладзены ў нашы паказчыкі», — запатрабаваў беларускі лідар. Паводле яго слоў, унутраныя рэзервы слаба выкарыстоўваюцца як у зніжэнні сабекошту прадукцыі, укараненні новых тэхналогій, так і ў кіраванні прадпрыемствамі. «Іншымі словамі, у ведах і тэхналогіях — ключ да вырашэння праблем і руху наперад. Аб гэтым мы гаварылі на Усебеларускім народным сходзе», — заўважыў кіраўнік дзяржавы.

ЭКАНОМІКА ПРАЦУЕ НА ФОНЕ СТРЭСАВЫХ І НЕСПРЫЯЛЬНЫХ ЗНЕШНІХ ФАКТАРАЎ

Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, дакладваючы Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2016 года.
Прэм’ер-міністр расказаў, што, комплексна аналізуючы вынікі работы за мінулыя восем месяцаў, можна дакладна вылучыць тры асноўныя перыяды работы эканомікі. «Студзень-люты — гэта стрэсавы перыяд: цана на нафту $30 і менш, курс долара — 80 расійскіх рублёў. Сакавік-чэрвень — гэта перыяд аднаўленчага росту. Ліпень-жнівень — перыяд негатыўнага ўздзеяння, у першую чаргу, з боку Расіі ў сувязі са зніжэннем аб’ёму пастаўкі нафты для перапрацоўкі на нашых НПЗ, а таксама за кошт меўшых месца неспрыяльных умоў у сельскай гаспадарцы», — растлумачыў ён.
Свой уплыў на эканоміку, паводле слоў Андрэя Кабякова, на працягу ўсіх васьмі месяцаў аказвала зніжэнне кошту і аб’ёмаў паставак калійных угнаенняў на знешнія рынкі.

ВУП БЕЛАРУСІ ЗМЕНШЫЎСЯ НА 0,3 ПРАЦЭНТА З-ЗА АБМЕЖАВАННЯ РАСІЯЙ ПАСТАВАК НАФТЫ

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі зменшыўся на 0,3 працэнта з-за абмежавання расійскім бокам паставак нафты. Аб гэтым паведаміў 23 верасня журналістам прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў па выніках даклада Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку аб рабоце эканомікі за мінулы перыяд 2016 года, праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2017 год.
Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў ліпені-жніўні на беларускую эканоміку паўплываў нечаканы фактар — абмежаванне расійскім бокам паставак нафты. «1,6 млн т мы недаатрымалі ў трэцім квартале. Як па ланцужку, скараціліся аб’ёмы прамысловай вытворчасці і аб’ёмы, перш за ўсё, аптовага гандлю. Гэта зменшыла наш ВУП на 0,3 працэнта», — растлумачыў ён.

СЯРЭДНЯЯ ЗАРПЛАТА ЗА ЖНІВЕНЬ ЎЗРАСЛА ДА BR750,3

У Беларусі налічаная сярэдняя заработная плата работнікаў у жніўні 2016 года склала Br750,3 (у ліпені — Br745,8), паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце.
Налічаная сярэдняя заработная плата рабочых і служачых у жніўні складала Br751,8 (у ліпені — Br748,1).

АМАЛЬ 70 ПРАЦЭНТАЎ ЖЫЛФОНДУ ГАТОВА ДА АЦЯПЛЯЛЬНАГА СЕЗОНА

Да ацяпляльнага сезона гатова 69 працэнтаў жыллёвага фонду, паведаміў 23 верасня журналістам прэс-сакратар Міністэрства жыллёва-камунальнай гас-падаркі Генадзь Аксціловіч.
«Пашпарты гатоўнасці да асенне-зімовага сезона ўжо атрымалі 69 працэн-таў жылфонду. За наступны тыдзень плануецца атрыманне астатняга 31 працэнта. Хацелася б адзначыць Гомель, Гомельскую вобласць і Мінск, якія практычна два тыдні таму забяспечылі 100-працэнтнае атрыманне пашпартоў гатоўнасці», — адзначыў Генадзь Аксціловіч.

МІНСЕЛЬГАСХАРЧ НЕ ПЛАНУЕ АДМЕНУ ЗАБАРОНЫ НА ЎТРЫМАННЕ СВІНЕЙ У БУФЕРНЫХ ЗОНАХ КАЛЯ СВІНАКОМПЛЕКСАЎ

Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання пакуль не плануе адмяняць забарону на ўтрыманне свіней на асабістых падворках у буферных зонах каля свінакомплексаў, паведаміў журналістам намеснік дырэктара Дэпартамента ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча, намеснік галоўнага дзяржаўнага ветэрынарнага ўрача Іван Смільгінь.
«У нас ёсць буферныя зоны побач са свінагадоўчымі аб’ектамі, трымаць свіней на асабістых падворках у такіх зонах забаронена. І забарона пакуль будзе, таму што сёння пагроза гэтага захворвання ўсё ж такі ёсць. Нельга сказаць, што ўсё добра: ёсць праблемы і ў Польшчы, і ў краінах Балтыі. Лічу, год-два будзе дзейнічаць такая забарона», — растлумачыў ён.
Іван Смільгінь падкрэсліў, што такая мера неабходна для забеспячэння біябяспекі вялікіх свінагадоўчых комплексаў. «У залежнасці ад велічыні комплексу буферная зона можа быць не меншая за 500 м для маленькіх ферм і не меншая за 2 км для вялікіх. Іх устанаўліваюць мясцовыя ўлады», — расказаў ён.

ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ ГОДА ВЫБРАЛІ Ў БЕЛАРУСІ

Пастановай Савета Міністраў нумар 722 вызначаны 34 пераможцы нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года». Такая інфармацыя размешчана на сайце Міністэрства эканомікі.
Пераможцы названы ў намінацыях «Паспяховы старт», «Стабільны поспех», «Эфектыўны бізнес у сферы вытворчасці», «Эфектыўны бізнес у сферы паслуг» і «Інавацыйна актыўны бізнес».
Пераможцаў конкурсу ў кожнай з абласцей і горадзе Мінску вызначылі арганізацыйныя камітэты конкурсу, сфарміраваныя пры аблвыканкамах і Мінгарвыканкаме. Не менш як палавіну месц у складзе камітэтаў па ўмовах конкурсу занялі прадпрымальнікі і прадстаўнікі іх грамадскіх аб’яднанняў.
Пераможцам конкурсу будуць уручаны дыпломы «Пераможца Нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнiк года», прэмія ў памеры 50 базавых велічынь, а таксама прызы ад партнёраў конкурсу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *