У Росіцы ўшанавалі памяць пакутнікаў Юрыя і Антонія

Актуально Духовность

Традыцыйныя лютаўскія ўгодкі памяці благаслаўлёных пакутнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры адбыліся
ў Росіцы.
Двойчы ў год, узімку і летам, у Росіцкі касцёл Святой Троіцы збіраюцца пілігрымы з розных куткоў Беларусі і свету, каб ушанаваць памяць святароў, якія ў лютаўскія дні 1943 года здзейснілі подзвіг духа – прынялі пакутніцкую смерць, не пакінуўшы сваіх прыхаджан. Адметна, што з кожным годам жадаючых наведаць гэта святое месца становіцца ўсё больш: сёлета касцёл быў перапоўнены вернікамі. Надзвычай вялікім было і духоўнае прадстаўніцтва: у святыні сабраліся святары і манахіні з усёй Віцебскай дыяцэзіі, бо да гэтага дня было прымеркавана агульнае спатканне духавенства Віцебшчыны.
Вітаючы гасцей, пробашч касцёла Часлаў Курэчка падзякаваў пілігрымам Росіцы, якія палюбілі гэта месца і наведваюць яго, каб памаліцца за ахвяраў вайны, папрасіць у благаслаўлёных мучанікаў заступніцтва і мужнасці ў жыцці. Ён пажадаў, каб просьбы, з якімі прыходзяць сюды людзі, былі пачуты Богам, і кожны атрымаў тут пасілак для душы, моц у выпрабаваннях.


Святую Імшу ўзначаліў Генеральны Вікарый Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Францішак Кісель.
Звяртаючыся да вернікаў, канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз-канонік Віктар Місевіч заклікаў усіх паразважаць аб значэнні крыжа ў жыцці чалавека.
– Паглядзіце на гэту падлогу – на ёй у 1943 годзе стаялі людзі, якіх без віны асудзілі на пакуты, – сказаў святар. – Сёння мы молімся і спяваем тут, адсюль пойдзем у свае ўтульныя дамы, а ў 43-м годзе на гэтым месцы людзі думалі пра сваю смерць, пра тое, што прыдзецца пакінуць гэты свет ад рук карнікаў. Ці разумеем мы, што азначае крыж у жыцці чалавека, ці ўмеем прыняць яго і несці так, як сказана Хрыстом: “Калі хто хоча ісці за мною, няхай бярэ крыж свой і ідзе за мною”?! Езус гаворыць чалавеку аб тым, што ў крыжы крыецца глыбокі сэнс. Над гэтым мы павінны разважаць кожны дзень.
Святар нагадаў словы Папы Францішка аб тым, што “Кожны дзень – гэта маленькае паміранне”. Час ляціць, і мы адчуваем, што набліжаемся да адыходу з гэтага свету. Аб гэтым трэба памятаць, вызначаючы каштоўнасці зямнога быцця. Разам з тым, канонік заўважыў, што крыж – не самамэта, ён – сродак, які вядзе да збаўлення, перамогі ў Хрысце. Кожнаму чалавеку даюцца свае выпрабаванні, прайсці праз якія ён павінен так, каб наблізіцца да Бога, захаваць свае лепшыя духоўныя якасці. Росіцкія мучанікі даюць нам прыклад такога годнага жыццёвага шляху, на якім яны выявілі вернасць Хрыстовай запаведзі любові.


У гісторыі было нямала прыкладаў ахвяраў за веру. Але і ў сённяшнім мірным жыцці ёсць цярпенні, якія людзі нясуць у імя іншых, а значыць, у імя Бога. Святар нагадаў ахвярнасць маці, якія змагаюцца за сваіх дзяцей, ахвярнасць маладых людзей, якія прысвячаюць сваё жыццё Богу. Сённяшні духоўны крызіс у свеце выкліканы тым, што такіх людзей не хапае. Айцец Віктар заклікаў паглыбляць сваю веру і пажадаў, каб росіцкія пакутнікі дапамаглі зразумець важнасць Крыжа і цярпення ў нашым жыцці, бо яно патрэбна, каб ачысціцца.
Пасля Літургіі святары і вернікі з запаленымі знічкамі прайшлі крыжовы шлях дарогай, па якой ішлі пакутнікі ў час Росіцкай трагедыі. Падчас малітвы на мемарыяле памяці ксёндз Віктар Місевіч нагадаў, што смерць росіцкіх мучанікаў – гэта насенне хрысціянства. Дзякуючы іх подзвігу, мы маем веру, выключную Божую ласку. Таму павінны вяртацца дамоў, несучы натхненне веры, палымнець любоўю адзін да аднаго. І нават калі ў нашым жыцці з’явіцца наступнае цярпенне, наступны крыж, прыняць яго так, як вучыць Хрыстос. Няхай наша росіцкая сустрэча дапаможа быць моцнымі ў веры, трываць у ёй, дзяліцца адзін з адным любоўю, прабачэннем і радасцю.
Па традыцыі апякун Росіцкага санктуарыя айцец Часлаў запрасіў усіх на гарачы абед у Доме пілігрыма, гасцінна прыгатаваны мясцовымі вернікамі. Жадаючыя маглі набыць духоўную літаратуру і саджанцы кветак, якімі славіцца росіцкая святыня.
С. Дзвінская.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *