Верхнядзвінскія творчыя калектывы вызначыліся на конкурсе аўтэнтычных абрадаў

Культура

У чацвёрты раз на віцебскай зямлі, у г. п. Ушачы, прайшло абласное свята-конкурс «Вялікая вясельніца», задачай якога было адраджэнне і далейшае развіццё традыцыйных вясельных абрадаў, а таксама ўкараненне аўтэнтычных абрадаў Віцебшчыны ў сучасную практыку.

вясельница копия

У свяце-конкурсе прымалі ўдзел фальклорныя калектывы вобласці, асобныя выканаўцы, творчыя калектывы, клубы нацыянальнай кухні, фальклору і гульні, супрацоўнікі Дамоў рамёстваў Віцебшчыны. З вялікім поспехам у конкурсе прынялі ўдзел калектывы нашага раённага Цэнтра культуры: народны фальклорны калектыў «Сенькавіца» Сенькаўскага клуба-бібліятэкі і народнае аматарскае аб’яднанне нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Расіца» Бігосаўскага СДК. Гэтыя калектывы вядомыя не толькі ў нашым раёне, але і ў вобласці, яны — удзельнікі многіх святаў і фестываляў.

вясельница-1 копия
Народны фальклорны калектыў «Сенькавіца» Сенькаўскага клуба-бібліятэкі ўжо амаль 40 гадоў з’яўляецца яркім прадстаўніком народнага фальклору раёна. На аглядзе-конкурсе ва Ушачах калектыў паказаў абрад «Заплятанне касы», які адлюстроўвае ўсю паслядоўнасць збірання, апранання і благаслаўлення нявесты перад вяселлем. Пастаянныя ўдзельніцы калектыву: В. Курыловіч, Т. Новік, Г. Сверчынкова, А. Ясюкевіч, Ю Чэрнік, Г. Букаў пад кіраўніцтвам сваіх нязменных настаўніц Л. Крыванос і Л. Марынскай інсцэнавалі абрад Асвейскага краю, запісаны са слоў першага кіраўніка калектыву «Сенькавіца» Т. Марынскай. Чароўнае дзеянне пад аўтэнтычныя спевы перанесла гледачоў і журы ў мінулае. Народны фальклорны калектыў «Сенькавіца» стаў лаўрэатам конкурсу, заваяваўшы дыплом III ступені ў намінацыі «Унікальныя вясельныя звычаі і абрады».
Народнае аматарскае аб’яднанне нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Расіца» Бігосаўскага СДК — працалюбівы і гасцінны калектыў. На аглядзе-конкурсе прадстаўляў абрадавую вясельную ежу. Прэзентацыя кожнай стравы суправаджалася аповедам аб прыгатаванні і прызначэнні пэўнай стравы ў жыцці маладых. На аснове вуснага матэрыялу, сабранага ад старажылаў Бігосаўскага краю, актыўныя і каларытныя прадстаўніцы аб’яднання Н. Маладажонава і М. Кіч падрабязна прадставілі абрадавую вясельную ежу і пакарылі журы. Калектыў народнага аматарскага аб’яднання нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Расіца» атрымаў узнагароду — дыплом II ступені ў намінацыі «За лепшае афармленне «вясельнага кутка» і прэзентацыю вясельных страў».
Гасцінная ўшацкая зямля прымала 16 калектываў з 9 раёнаў Віцебскай вобласці. Цёплая і ветлівая атмасфера абласнога свята-конкурсу «Вялікая вясельніца» пакінула шмат добрых уражанняў ва ўдзельнікаў.
Падзяку хочацца выказаць арганізатарам — за выдатнае свята, кіраўнікам і ўдзельнікам народных калектываў «Расіца» і «Сенькавіца» — за жаданне даносіць да гледача самабытую народную творчасць нашых продкаў.
А. АХЛАМЁНАК,
метадыст РЦК.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *