Як можна адрадзіць жыццё вёскі?

Актуально Наш край

IMG_5713 копия

З вялікай цікавасцю ўспрынялі ўдзельнікі работы сесіі выступленне старэйшыны вёскі Княжыцы, пераможцы раённага конкурсу па добраўпарадкаванні Валянціны Аўсянкінай, якая красамоўна расказала аб тым, як жыхары вёскі самі здолелі ўскалыхнуць яе жыццё і стварыць маляўнічы куточак Прыдзвінскага краю, дзе камфортна адчуваюць сябе і гаспадары, і госці.
Разам з сяброўкай Валянцінай Віктараўнай Гапцёнак старэйшына праспявала песню і гімн вёскі Княжыцы, які напісала сама, прадэманстравала цікавыя фотаздымкі аб сельскім жыцці. Вось вытрымкі з яе выступлення.

IMG_6744 копия
Валянціна Аўсянкіна,
старэйшына в. Княжыцы Валынецкага сельсавета
— Наша вёсачка, куды я пераехала напрыканцы 90-х, знаходзіцца ў найпрыгажэйшай мясціне, але на той час, як і многія аддаленыя паселішчы, “вымірала”. Сумна было назіраць, як ад’язджае моладзь, пусцеюць і трухлеюць дамы. І вось мы, “патрыёты сельскага жыцця”, сабраліся разам і вырашылі адрадзіць вёску. Вельмі пашанцавала нам са старшынёй Валынецкага сельскага Савета дэпутатаў Надзеяй Пятроўнай Ліпоўскай і дырэктарам мясцовай гаспадаркі “Антонава-Агра” Андрэем Леанідавічам Шатром, якія падтрымалі нашу ініцыятыву і ва ўсім дапамагаюць і сёння.
Выбралі савет вёскі з 5 чалавек, адкрылі на сайце “Аднакласнікі” групу сяброў Княжыцаў, сталі збіраць гістарычныя звесткі пра вёску і яе жыхароў. Устанавілі крыж, які асвяціў айцец Уладзімір, каб ахоўваў і благаслаўляў нас на добрыя справы. І пачалі настойліва працаваць па добраўпарадкаванні і ўпрыгожванні свайго паселішча. Садзілі кветкі і дрэвы, прыбіралі могілкі, рамантавалі вуліцы і агароджы, абкошвалі двары, прыдумвалі кампазіцыі і малыя формы.
Расквітнела вёска і ажыло культурнае жыццё. Пашылі ўборы і сталі праводзіць Дні вёскі, вуліцы і двара, разам адзначаць абрадавыя святы, аднаўляць народныя традыцыі. Збіраем звесткі і ствараем альбомы і відэятэку пра гісторыю і знакамітых людзей нашага краю, адраджаем успаміны сведкаў Вялікай Айчыннай вайны, знаходзім старажытныя рэчы для “Беларускай хаткі”. Плануем ачысціць і аднавіць скляпы Беніслаўскага, паставіць ахоўныя знакі, з’ездзіць за вопытам добраўпарадкавання ў Росіцу, наведаць іншыя духоўныя мясціны нашага краю.
Варта толькі ўскалыхнуць свой памяркоўны побыт, пазбавіцца ад абыякавасці і раўнадушша, пажадаць прыгажосці – і жыццё напоўніцца багатым зместам. Людзі ж у нас цудоўныя і працавітыя, а якія пявунні і гаспадыні – з імі можна ажыццявіць любую задуму! Зрэшты, прыязджайце да нас у Княжыцы – упэўніцеся ў гэтым самі.
НА ЗДЫМКУ: В. А. Аўсянкіна (справа) і В. В. Гапцёнак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *