Беларускія прысмакі ад шчырага сэрца

"Наша гасцёўня" Актуально

Усе добра ведаюць беларускую бульбачку. Просценькая, шэранькая, з зямелькай, з гліначкай, але з “вочкамі”, быццам жывая.

IMG_20170127_135014 копия

А калі з’яўляецца на стале, то такая духмяная, румяная і вельмі-вельмі смачная. Вось таму і запрасілі яе вучні Шайцераўскай школы да сябе на свята пад назвай “Беларускія прысмакі”:
У вёсцы бульбай сустракаюць
Святы ўсе!
Дзень святочны так вітаюць
На стале.
Спартыўная зала на дзве гадзіны ператварылася ў вясковы святочны кірмаш. За накрытымі сталамі рыхтаваліся сустракаць гасцей вучні 2-11 класаў. Тым больш, што госці — людзі вядомыя, паважаныя: дырэктар школы Валянціна Яфімаўна Хмялеўская, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Святлана Пятроўна Драздова, вясковы бібліятэкар Аксана Леанідаўна Пашкевіч і наш былы вучань, а зараз жыхар г. Карлавы Вары, што ў Чэхіі, Уладзімір Васільевіч Абрамовіч.

IMG_20170127_145304 копия
Вядучыя Вікторыя Верашчака і Кірыл Байкоў, вучні 10 класа, спачатку запрашалі гаспадароў на імпра-візаваную сцэну, каб яны праспявалі або расказалі вершы пра нашу знакамітую бульбачку. І тут кожны стараўся паказаць сябе, а потым гасцінна запрасіць да свайго стала пакаштаваць прыгатаваную страву. Асабліва ўсім спадабалася выступленне вучняў другога класа, якія праспявалі песню “Антошка”. Усіх проста зачараваў гэты герой, ролю якога выканаў Арцём Шумскі. Ён так дакладна паказаў гультая і лежабоку, што сарваў доўгія апладысменты.
Калі стомленасць скасіла,
Калі нават свет нямілы,
Дадуць сілы вам з запасам
Клёцкі з бульбачкі ды з мясам!
Так запрашалі да свайго стала адзінаццацікласнікі. Клёцкі ў іх выйшлі слаўныя: смачныя, духмяныя: “Па талерцы коцяцца, у лыжку самі просяцца”!

IMG_20170127_140349 копия
Вучні пятага класа ў сваёй песні звалі ў паход, каб паспытаць печанай на вогнішчы бульбачкі. А на стале ў іх, акрамя традыцыйных дранікаў, чыпсаў, бульбяных пірагоў, гасцей чакала самая сур’ёзная, самая строгая страва – бульба ў мундзірах!
Вельмі цікава сустракалі сваіх гасцей дзесяцікласнікі. Дыяна Аўзіна і Альберт Вяльчынскі — з жартамі, вершамі запрашалі да свайго стала. Чаго тут толькі не было: і самавар, і шыкоўны пірог, і дранікі, і шмат іншых прысмакаў з бульбачкі.

IMG_20170127_135014 копия
Шчодрай гаспадыняй свайго стала выступала вучаніца шостага класа Ганна Маеўская. Ёй так пасавала каляровая сукенка — Ганна сыграла сваю ролю як сапраўдная актрыса.
Лепшыя рэцэпты прыгатаваных страў прадставілі вучні 3-4 класаў, а бульбяны парсючок на іх святочным стале ўразіў усіх гасцей.
Дзяўчынкі-сямікласніцы каларытна спявалі аб нашай бульбачцы:
Бульба – гэта супер-клас,
Абароніць бульба нас
Ад усякай ад эпічнай трасцы.
Бульба – гэта лад жыцця,
Няма лепей пачуцця,
Чым паесці смачна бульбы
з мясцам!
Госці з задавальненнем падыходзілі да кожнага стала, дзе іх чакалі смачныя стравы з бульбы і іншыя беларускія прысмакі. Журы шчодра ўзнагародзіла ўдзельнікаў свята — усе класы атрымалі граматы, сертыфікаты, салодкія прызы. Уладзімір Васільевіч Абрамовіч, які прыехаў з-за мяжы, сказаў, што трэба берагчы родную мову і народныя традыцыі, каб яны квітнелі ў сэрцы кожнага беларуса:
Пякуць бульбу, бульбу вараць,
Бульбу ядуць, бульбу хваляць!
З бульбы клёцкі, з бульбы каша –
Вось такая доля наша!
Вялікі дзякуй нашым дарагім мамам, настаўнікам за смачна прыгатаваныя стравы і афармленне святочных сталоў, добры настрой і пазітыўныя эмоцыі.
Дыяна АЎЗІНА,
вучаніца 10 класа Шайцераўскай сярэдняй школы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *