План па продажы збожжа дзяржаве будзе выкананы

Актуально Общество

Шэсць сельгаспрадпрыемстваў раёна выканалі дзяржзаказ. З запланаваных 9300 тон збожжа ў засекі засыпана амаль 7000 тон.

У. Корбут.
У. Корбут.

Першымі справіліся з заданнем УВП “Вужыца-Агра”, ААТ “Баліны”, “Антонава-Агра”, СП “Дрысенскі”, “Каханавічы”, “Лявонішана”.
На Верхнядзвінскім вытворчым участку Полацкага камбіната хлебапрадуктаў працуюць у размераным тэмпе, без спешкі, што звязана з тэмпамі ўборачнай – дажджы не даюць камбайнерам спаўна шчыраваць на палях. Аднак, як зазначыў начальнік участка Уладзімір Сакалоўскі, на якасці збожжа надвор’е не адбілася. Трэць са здадзенага зерня мае трэці клас, астатняе – чацвёрты. Збожжа прымаецца харчовай групай, практычна ўсё — сухое і чыстае. З сельгаспрадпрыемстваў раёна яно дастаўляецца практычна гатовае для захоўвання і добрай якасці, а гэта значыць, што сельгасвытворцы працуюць сумленна.

У. Казлоў.
У. Казлоў.

Як расказала загадчык лабараторыі Алена Шавярновіч, пробы зерня захоўваюцца на працягу трох дзён у спецыяльных ёмістасцях. Аналіз робіцца механізавана пры дапамозе спецыяльнага абсталявання. Пры спрэчных момантах на дапамогу прыходзіць “дзедаўскі” спосаб – лабаранты ўручную “вымываюць” клейкавіну. Пры патрэбе збожжа адпраўляецца ў лабараторыю Полацкага КХП. Аднак, як паказвае практыка, усе пытанні вырашаюцца на месцы.
-У мінулым годзе на гэты ж час нарыхтавалі 15 тысяч тон збожжа, дзяржзаказ у 9000 тон “закрылі” за два тыдні, — расказвае Уладзімір Мамертавіч. – Сёлета наш “рэкорд” за дзень — усяго 727 тон. А было так, што прымалі па 1730 тон зерня, ледзь паспявалі разгружаць. На таку высіліся горы збожжа. Участак працаваў амаль што кругласутачна. Сёння нагрузкі вялікай няма. Таму працуем у штатным рэжыме, усё паспяваем.
Галоўны зерняток раёна добра падрыхтаваны да прыёму і захоўвання збожжа. Склады вычашчаны, пабелены, прадызенфіцыраваны. Для дапрацоўкі збожжа ёсць дзве сушылкі.
Штат складае ўсяго 11 чалавек. Праўда, на сезон далучылі да работы 12 студэнтаў, у асноўным, у якасці разгрузчыкаў аўтамабіляў і лабарантаў. У зладжаным і дружным калектыве ўсе працуюць старанна. Апаратчык перапрацоўкі зерня Уладзімір Корбут заняты на ўчастку ўжо 16 год. Сваю справу ведае дасканальна. На яго плячах — сушыльная гаспадарка.
Уладзімір Казлоў таксама не з навічкоў, сем гадоў займаецца прыёмкай збожжа. Зараз працуе на разгрузцы транспарту, а пры неабходнасці і абсталяванне, і тэхніку можа наладзіць, як і яго калега Андрэй Койро. Пад апекай майстра ўчастка Надзеі Быкавай навічкі, якіх трэба навучыць справе, і яна гэта робіць выдатна. З раніцы і да позняга вечара жанчына завіхаецца на таку.
Яшчэ колькі часу – і засекі напоўняцца збожжам. А значыць, будзем з хлебам!
Ксенія КАВАЛЁНАК.
НА ЗДЫМКУ : У. Казлоў за работай.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *