Школьники шефствуют над ветераном

Актуально Общество

IMG_8105 копия

Моладзь ведае пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны са школьнага курсу гісторыі, кніг і фільмаў. Ім цяжка ўявіць, што давялося перанесці і якія цяжкія іспыты выпалі на долю старэйшых пакаленняў. 

У Боркавічах вучні мясцовай школы ўзялі шэфства над сваімі ветэранамі – Васілём Уладзіміравічам Сташкевічам і Генадзем Пятровічам Ліпаўкам.
Адзінаццацікласнікі – частыя госці Генадзя Пятровіча. Калі трэба – і агарод перакапаюць, і бульбу пасадзяць. Але больш за ўсё падлеткі разам з намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Наталляй Шульга любяць проста прыходзіць у госці да ветэрана, каб зноў і зноў паслухаць аповед пра вайну, атрымаць урокі мужнасці і жыццёвай мудрасці.
У Генадзя Ліпаўкі – 17 медалёў. Кожны з іх – памяць пра мінулае.
Нарадзіўся ў вёсцы Гараўцы Дзёрнавіцкага сельсавета. Шаснац-цацігадовым хлопцам сустрэў вайну. Разам з бацькам пайшоў у партызаны. Амаль штодзень цераз раку дабіраўся да чыгункі ў Боркавічы. Хлопчык-сувязны хаваўся ў меліярацыйнай трубе – чакаў, назіраў.
На заданні неаднойчы хадзіў ра-зам з настаўніцай Фаінай Дудкінай. Але яе ў 1943 годзе фашысты расстралялі ў рове за школай. Згарэлі родныя Гараўцы. Тыя, хто ацалеў, хаваліся па лясах.
Генадзь Пятровіч у 18 гадоў на фронт пайшоў добраахвотнікам.
— З Дрысы набіралі мужчын прызыўнога ўзросту. Я быў маленькага росту, і ваенныя ўрачы хацелі адправіць мяне ў тыл. Аднак я адразу сказаў, што буду ваяваць, як і мой бацька.
У жніўні 1944 года ўдзельнічаў у наступленні пад Рыгай. Там і атрымаў сваё першае раненне ў нагу.
— Хутка перабінтаваў, чым было, і ў бой. І зноў – раненне. Санцягніком адвезлі ў шпіталь, — успамінае Генадзь Пятровіч. — Гэта быў звычайны вагон, толькі дошкі замест ложкаў. Так дабраліся да Вяткі. У шпіталі прабыў чатыры месяцы. Пазней быў паранены ў жывот, аднак, як бачыце, абыйшлося.
Бацьку, з якім служылі ў адной чырвонасцяжнай дывізіі, таксама паранілі. І ў шпіталі ён памёр. Вайна забрала і брата – ён загінуў яшчэ раней, у 1942 годзе.
Пасля шпіталя трапіў у палкавую школу. За тры месяцы замест адве-дзеных дзевяці навучылі вадзіць танк. І зноў паклікала вайна – з Японіяй. Аднак у хуткім часе вораг капітуляваў, і мы вярнуліся ў Беларусь.
— Я паехаў у Боркавічы, — расказвае ветэран. — Разам з маці і сёстрамі працавалі, не шкадуючы сіл. Тады ўсё пераелі: і кару, і мяздру. Помню, чакалі травы. Жудаснае жыццё было.
— Тут і сустрэў сваю другую палову – ліснянскую дзяўчыну Вольгу. З ёй мы пражылі шчаслівае жыццё, нарадзілі траіх дзяцей. Ёй яшчэ трэба было б пажыць – вось ужо восем год, як Волечка пайшла з жыцця, — выцірае набягаючыя слёзы Генадзь Пятровіч. — Дзеці жывуць у Расіі. Дочкі замужам за ваеннымі, сын — афіцэр. У мяне чатыры ўнукі, ёсць і праўнукі. На 9 Мая яны абавязкова прыедуць – гэта стала нашай традыцыяй.
Ксенія КАВАЛЁНАК.
НА ЗДЫМКУ: выпускнікі віншуюць Генадзя Ліпаўку са святам Перамогі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *