У Росіцы адбыліся традыцыйныя жнівеньскія ўрачыстасці

Актуально Духовность

Традыцыйныя жнівеньскія ўрачыстасці ў гонар Бласлаўлёных пакутнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры адбыліся ў Росіцы.

IMG_2992 копия

 Святочную Імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч (у цэнтры).
Святочную Імшу ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч (у цэнтры).

Як адзначыў настаяцель Росіцкага касцёла Святой Троіцы айцец Чэслаў Курэчка, у гэтыя жнівеньскія дні ўсе дарогі вядуць у Росіцу. Урачыстасці, якія адбываюцца тут у гадавіну ўвекавечвання Благаслаўлёных пакутнікаў, сталі не проста спосабам ушанавання подзвігу святароў, а днямі памяці ўсіх ахвяраў вайны, услаўлення моцы духу чалавека, крыніцай жыватворнай сілы. Зямля, дзе ў гады выпрабаванняў адбыліся надзвычайныя падзеі, з’яўляецца месцам паломніцтва тысяч людзей з розных краін свету. Тут яны асэнсоўваюць прыклад мужнасці і веры, вучацца духоўнай дасканаласці і моляцца ў розных патрэбах.
Сёлетняя сустрэча адбывалася ў асаблівы час – у 70-ю гадавіну Вялікай Перамогі. Напярэдадні ў Росіцы пабывалі высокія госці – старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь У.П.Андрэйчанка, старшыня Віцебскага аблвыканкама М.М.Шарстнёў, старшыня райвыканкама І.І.Марковіч. Яны сустрэліся з настаяцелем Храма, які ўзгадаў гісторыю росіцкіх святароў і ўсёй гэтай шматпакутнай зямлі, агледзелі прыгожую добраўпарадкаваную тэрыторыю святыні і ўсклалі кветкі да Крыжа на месцы пакутніцкай смерці ахвяраў вайны. Гэты візіт сведчыць аб вялікай увазе і пашане да Росіцы, якая стала цэнтрам духоўных урачыстасцяў для ўсёй Беларусі.
І на гэты раз на святое месца рушыла мноства пілігрымаў. Пешшу прыйшлі 238 вернікаў з Барысава, Полацка і Друі. Прычым барысаўчане адолелі звыш 300 кіламетраў за 8 дзён! Яшчэ 25 пілігрымаў адтуль прыехалі на веласіпедах, прыбыла і велапілігрымка з Жодзіна. З кожным разам калоны пілігрымаў па дарозе павялічваюцца – да іх далучаюцца жадаючыя трапіць у Росіцу з навакольных гарадоў і вёсак. На аўтобусах і машынах дабіраліся госці з Мінска, Віцебска, Жодзіна, Полацка, Міёр, Глыбокага, Верхнядзвінска, іншых мясцін.

IMG_2982 копия

IMG_2893 копия
Сёлетні шлях для пілігрымаў быў асабліва нялёгкім – яго ўскладняла спякотнае надвор’е. Але яны адважна адольвалі перашкоды, ахвяруючы свае цярпенні Богу, дачыняючыся да пакут іншых людзей і просячы аб міры, супакоі, многіх патрэбных ласках.
Росіца, як заўсёды, сустракала гасцей добраўпарадкаванай тэрыторыяй, буйствам кветак, новымі прыгожымі кампазіцыямі. Адметна, што сёлета вернікі прыйшлі сюды па адноўленай дарозе – капітальна адрамантаваны пад’езд да вёскі з боку Бігосава.
Удзел ва ўрачыстасцях прынялі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, Генеральны вікарый ордэна марыянаў на Беларусі, прэлат, дэкан Полацкі Францішак Кісель, візітатар Апостальскі грэка-католікаў Сяргей Гаек, рэктар марыянскай семінарыі ў Любліне айцец Томаш Новачэк, іншыя духоўныя асобы, а таксама прадстаўнікі свецкай улады на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Т.В. Севалкінай.
Вітаючы гасцей, пробашч Росіцкага касцёла Святой Троіцы Чэслаў Курэчка выказаў радасць ад таго, што гэта намоленае месца штогод прымае ўсё большую колькасць людзей з розных куткоў Беларусі і замежжа. Ён адзначыў, што росіцкія ўрачыстасці пашыраюць і змест: мэта сустрэч у тым, каб пілігрымы неслі ў свае дамы, сем’і, на месцы працы святло Росіцы, яе гаючую сілу. Каб атрыманы на гэтай зямлі духоўны зарад уплываў на паўсядзённае жыццё і ўчынкі людзей, напаўняў іх дабрынёй і адказнасцю. Святар падзякаваў усім, хто дапамагае падтрымліваць месца высокай духоўнасці ў належным парадку і знаходзіць новыя формы яго ўдасканалення.
Звяртаючыся да вернікаў падчас Святой Літургіі, біскуп Алег Буткевіч адзначыў, што “сюды мы прыходзім не таму, што тут панавала смерць, сюды нас вядзе перамога над смерцю”. Благаслаўлёныя айцы Юрый і Антоній, ахвяруючы сябе на смерць дзеля людзей, далі прыклад таго, як трэба перамагаць страх у сваім жыцці. У Росіцы бачны плён гэтай перамогі. Ён у кожным, хто прыйшоў на святое месца, бо гэта азначае прагу духоўнага станаўлення, жыцця з Богам. Хто прыходзіць сюды, па-свойму перамагае смерць, бо яна сёння мае свае формы – алкаголь, наркотыкі, аборты, ваенныя пагрозы. Росіца дапамагае пераадолець унутраныя і знешнія канфлікты, бо ў ёй заўсёды перамагае жыццё. Тут ёсць магчымасць знайсці духоўную падтрымку, умацаваць сваю чалавечую сутнасць і вызначыць, што ў жыцці найважнейшае.
Пасля начной літургіі ўдзель-нікі ўрачыстасці прайшлі ў працэсіі святла да месца пакутніцкай смерці благаслаўлёных.
Урачыстасці доўжыліся на працягу двух дзён і ўключалі ў сябе малітвы аб умацаванні сям’і, цвярозасці, Нешпары да пакутнікаў, Святы Ружанец, духоўныя сустрэчы, выставы.
Айцец Чэслаў запрасіў усіх, хто прагне духоўнага аднаўлення, наведваць Росіцкі Храм і прасіць у Бласлаўлёных пакутнікаў — заступнікаў нашай зямлі — міру і супакою для яе, духоўнай моцы. “Ваша малітва перамяняе гэты свет”, — заключыў святар.
Яніна ПАКУЛЬНЕВІЧ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



1 комментарий по теме “У Росіцы адбыліся традыцыйныя жнівеньскія ўрачыстасці

  1. Это действительно то место, придя куда, по-новому смотришь на свою жизнь и поступки. В нашей сегодняшней беготне такая остановка ценна и значительна. Спасибо.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *