У Верхнядзвінску адбыўся Дзень падпісчыка

Актуально Общество

Падпісная кампанія на другое паўгоддзе 2015 года набірае тэмп. Каб прыцягнуць увагу чытачоў да перыядычных выданняў, дапамагчы вызначыцца з выбарам і аформіць падпіску, у РВПС адбыўся традыцыйны Дзень падпісчыка. У святочна аформленай абаненцкай зале вузла сувязі сабраліся паштавікі, супрацоўнікі рэдакцыі газеты “Дзвінская праўда” і аматары перыёдыкі.

Кіра Кузняцова паказвае чарговую «шчаслівую» квітанцыю.
Кіра Кузняцова паказвае чарговую «шчаслівую» квітанцыю.

Адкрываючы мерапрыемства, начальнік РВПС Ж.А. Паршута адзначыла, што падпіску актыўна вядуць аддзяленні сувязі, паштальёны, а ў Дзень падпісчыка аформіць патрэбныя выданні можна непасрэдна ў абаненцкай зале. Усе, хто зробіць гэта, атрымаюць сувеніры ад пошты і рэдакцыі. Жанна Аляксееўна расказала аб найбольш папулярных перыядычных выданнях, заўважыўшы, што лідарам падпіскі па-ранейшаму застаецца раённая газета. Паштовыя работнікі гатовы даць падрабязныя тлумачэнні аб любых беларускіх і замежных газетах і часопісах і аформіць падпіску як па раёну, так і для жыхароў іншых рэгіёнаў.

 Першы прыз выйграла падпісчыца  з Бароўкі Н. У. Ушакова.

Першы прыз выйграла падпісчыца
з Бароўкі Н. У. Ушакова.

Аб тым, што прапануе сваім падпісчыкам у другім паўгоддзі раёнка, расказала галоўны рэдактар газеты “ Дзвінская праўда” Я.С. Пакульневіч. А змены чакаюцца істотныя. Газета не толькі разнастаіць тэматыку за кошт новых рубрык і тэматычных старонак, але і павысіць інфармацыйную насычанасць: па аўторках нумар падвоіцца ў аб’ёме і будзе выходзіць на 8 палосах. Акрамя таго, газета перайшла на каляровае выкананне – значна палепшылася якасць друку.
Сярод бонусаў, якія рэдакцыя прапануе сваім падпісчыкам, — конкурсы і іншыя прыемныя сюрпрызы. І на гэты раз да Дня падпісчыка быў прыўрочаны розыгрыш прызоў па выніках падпіскі на першае паўгоддзе 2015 года. У конкурсе ўдзельнічала 57 нашых чытачоў, якія выпісалі раёнку адразу на паўгоддзе і прадставілі ў рэдакцыю адпаведныя квітанцыі. Камісія праверыла дакладнасць розыгрышу, і маленькая ўдзельніца свята Кіра Кузняцова дастала з барабану квітанцыі з прозвішчамі пераможцаў. На гэты раз пашанцавала жыхарцы Бароўкі Н.У.Ушаковай, якая выйграла мультыварку, верхнядзвінскай падпісчыцы Н.М.Бяляўскай: прыз — прас і падпісчыку з Вараб’ёва А.І. Быкаву: прыз — блендэр.
Падарункам ад рэдакцыі адзначаны і ганаровы чытач газеты з Сар’і Генадзь Купрыянавіч Кухаронак, які выпісвае газету больш 30 гадоў. Ён расказаў, што вельмі любіць раёнку і чытае яе ад пачатку да канца. Ветэрана сельскагаспадарчай вытворчасці цікавяць падзеі, якія адбываюцца ў раённым жыцці: рост ураджаяў, развіццё жывёлагадоўлі, навядзенне парадку на зямлі, укараненне здаровага ладу жыцця. І сам Генадзь Купрыянавіч неаднаразова быў героем артыкулаў: як перадавы механізатар, а з выхадам на пенсію – як гаспадар прыгожай сядзібы. Ветэран працы адзначыў, што чалавек заўсёды павінен займаць актыўную жыццёвую пазіцыю, а без друку гэта немагчыма. Ён пажадаў газеце развівацца і набываць новых падпісчыкаў.
Гасцям была прапанавана віктарына аб раённай газеце “Дзвінская праўда” – жадаючыя выбіралі паветраныя шарыкі з пытаннямі аб гісторыі і сучасным жыцці раёнкі і за правільны адказ атрымлівалі прызы.
Яшчэ адным сюрпрызам для падпісчыкаў стане магчымасць бясплатна набыць на свой электронны адрас фотаздымкі з раённых мерапрыемстваў і іншых падзей, якія зроблены фотакарэспандэнтам газеты.
Падпіска працягваецца, і мы нагадваем нашым чытачам, што праводзіцца конкурс сярод падпісчыкаў на другое паўгоддзе. У пераможцаў ёсць шанц стаць уладальнікамі прызоў, і ў кожнага – мець кампетэнтную, поўную, грунтоўную інфармацыю аб жыцці раёна.
Заставайцеся з намі!
С.АЛЯКСАНДРАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *