У Валынцах адбылося свята «Збіраем зорны карагод»

Актуально Наш край

У сёмы раз у аграгарадку «Валынцы» адбылося рэгіянальнае свята песні «Збіраем зорны карагод».
Некалькі гадоў назад у Валынцах быў пабудаваны вялікі і прыгожы сацыяльна-культурны цэнтр. Загадчык мясцовага СДК Л.К. Вайніловіч зразумела, што шыкоўная культустанова павінна быць напоўнена адпаведным зместам. Так з’явілася задума арганізаваць тут вялікі песенны фестываль з запрашэннем творчых калектываў не толькі Верхнядзвінскага, але і суседніх раёнаў. Тым больш, што і самім ёсць што паказаць: самадзейныя артысты аграгарадка славяцца на ўсю акругу адмысловым майстэрствам. Начальнік аддзела культуры Н.А. Масквічова ідэю падтрымала, да справы падключыліся спецыялісты культработы, і неўзабаве вяскоўцы прымалі гасцей. Прычым не толькі з Віцебшчыны: улічваючы памежнае размяшчэнне раёна, сюды сталі прыязджаць творцы з Расіі і Прыбалтыкі.

У правядзенні свята актыўны ўдзел прынялі загадчык Валынецкага СДК Л. К. Вайніловіч і яе дзеці Лізавета і Эдуард.

Год ад году свята шырылася і набывала новых прыхільнікаў. У «Зорным карагодзе» заззялі таленты артыстаў з Пскоўшчыны, Літвы, Расон, іншых рэгіёнаў. А сёлета сюды ўпершыню прыехалі госці з Дагды (Латвія), Ідрыцы (Расія) і Міёр. І сам фестываль уключаў у сябе не толькі песенны конкурс, але рознакаляровую палітру народнай творчасці і вясёлых забаў.
-У Год гасціннасці прапанавалі Валынецкаму сельскаму Савету і культработнікам аб’яднаць песенны форум са святам вёскі,- адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ф.Козел.- Гэтаму спрыяла і тое, што загадчык СДК Л.К.Вайніловіч абрана дэпутатам раённага Савета і разам са старшынёй сельвыканкама Н.П.Ліпоўскай і іншымі дэпутатамі вядзе актыўную работу з людзьмі. Вяскоўцаў яшчэ больш настроілі на творчы лад: яны актыўна рыхтаваліся да свята, прыводзілі ў парадак падвор’і, паказвалі свае здольнасці ў рамёствах, кулінарыі, кветкавым дызайне. Такі падыход напоўніў свята новым зместам. А выдатная работа галоўнага рэжысёра «Зорнага карагоду» Р.Р.Ясючэня ператварыла яго ў вялікую і змястоўную ўрачыстасць, якая парадавала і гаспадароў, і гасцей.

Гледачам вельмі спадабалася выступленне ансамбля з Ідрыцы.

У дзень свята ў цэнтры Валынцаў сабраўся, здаецца, увесь аграгарадок. Гасцей сустракалі любімыя мелодыі, маляўнічыя выставы, гандлёвыя рады, атракцыёны. Свае работы даставілі сюды майстры народнай творчасці з Латвіі і раённага Дома рамёстваў, мясцовыя ўмельцы. Былі падрыхтаваны выставы вытворчых калектываў, філіяла ТЦСАН, раённай бібліятэкі, Валынецкай школы і садка. Тэматычную экспазіцыю, прысвечаную 70-годдзю вызвалення Беларусі, прадставіў Валынецкі краязнаўчы музей імя І.Д.Чэрскага. Арыгінальнай і яркай атрымалася галерэя букетаў і кветкавых кампазіцый, у стварэнні якой маглі прыняць удзел усе жадаючыя. І, зразумела, гасцей наперабой запрашалі пачаставацца беларускімі нацыянальнымі стравамі: удзельнікі свята падрыхтавалі кулінарныя выставы, а работнікі райпо пастараліся насыціць прылаўкі адмысловымі фірменнымі вырабамі.
Гаспадары радушна запрасілі гасцей у вялікую залу СДК, дзе праходзіла асноўнае дзейства. Як водзіцца, сустракалі іх хлебам-соллю. Дэлегацыю з Латвіі ўзначальвалі галава самакіравання Дагдскага краю Сандра Вішкурэ і кіраўнік аддзела адукацыі і культуры Марыя Міцкевіча. Для ўдзелу ў фестывалі з імі прыехаў Дагдскі вакальны ансамбль «Гамма». З п. Ідрыца Себежскага раёна Расіі прыбыў вакальны ансамбль «Сударушка», з Міёр — гурт «Перабродскія дзяўчаты».
Гасцей сардэчна вітала старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ф.Козел, якая з’яўляецца надзейным сябрам і, свайго роду, куратарам фестывалю. Разам з ёй афіцыйную дэлегацыю раёна прадстаўлялі намеснік старшыні райвыканкама Т.В.Севалкіна, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.А.Масквічова, намеснік начальніка Н.Г.Кісялевіч, дырэктар РДК В.Д.Хадорчанка. Удзел ва ўрачыстасці прымалі старшыня Валынецкага сельскага Савета Н.П.Ліпоўская і кіраўнікі мясцовых працоўных калектываў: дырэктар Валынецкага ПМС Н.А.Халанская і дырэктар ААТ «Антонава-Агра» А.Л.Шацер, якія разам з дырэктарам ААТ «Прудзінкі» В. А. Краснікам выступалі і асноўнымі спонсарамі свята.

Удзельнікі свята разам выканалі фінальную песню.

Тэма сёлетняга фестывалю — «Беларусь запрашае гасцей» — прысвячалася Году гасціннасці і была напоўнена пачуццём гордасці за нашу мірную і добразычлівую краіну, яе адкрытых і шчырых людзей, любоўю да роднай старонкі і ўсіх, хто хоча сябраваць з ёй. Нацыянальным каларытам і патрыятычнымі матывамі былі прасякнуты выступленні творчых калектываў нашага раёна. Свае таленты гледачам дарылі вакальныя групы сельскіх Дамоў культуры: «Натхненне» Запруддзеўскага, «Вяснянка» Антонаўскага, «Калінушка» Шайцераўскага, «Вясёлы настрой» Асвейскага, «Натхненне» Боркавіцкага, «Зорны дождж» Бігосаўскага, «Спадчына» Валынецкага. Горача прымалі гледачы выступленні салістаў Таццяны Літвінавай, Наталлі Аўзін, Эдуарда Вайніловіча, Паўла Юхновіча, Таццяны Аўчыннікавай.
Адметна, што песні суправаджаліся цудоўным відэарадам, дзякуючы якому гледачы маглі больш эмацыянальна ўспрымаць іх і пазнаёміцца з нашым Прыдзвінскім краем.
Сапраўдным адкрыццём фестывалю стаў вакальны ансамбль «Сударушка» — таленавітыя расійскія выканаўцы «завялі» публіку і «сарвалі» гром апладысментаў. Цёпла прымалі валынчане выступленні артыстаў з Латвіі і Міёр.
Можна зразумець рашэнне арганізатараў свята не вылучаць пераможцаў, бо немагчыма вылучыць лепшых сярод лепшых. Н.А. Масквічова ўручыла дыпломы і падарункі ўсім выканаўцам.
Узнагароды на свяце атрымалі і жыхары аграгарадка, якія ўносяць у яго развіццё свой адметны ўклад. Н.П. Ліпоўская адзначыла, што напярэдадні ўрачыстасці камісія аб’ехала падвор’і і вызначыла лепшых гаспадароў. У намінацыі «Лепшая сядзіба» імі прызнаны Галіна Паўлаўна і Васіль Ігнатавіч Якілюнасы, Вольга Іванаўна і Мікалай Мікалаевіч Ткачэнкі, Наталля Васільеўна і Леанід Францавіч Цэханы. Непераўзыдзенымі кветкаводамі ў Валынцах з’яўляюцца Марыя Фёдараўна Рышкевіч і сям’я Якілюнасаў. А ў намінацыі «Лепшая падсобная гаспадарка» перамаглі Алена Міхайлаўна Казырыцкая і Андрэй Леанідавіч Машынскі. Асобна віталі землякі моцную сям’ю Надзеі Анатольеўны і Віталя Славаміравіча Рымшаў, у якой гадуецца чацвёра дзяцей. Лепшай спартыўнай сям’ёй на свяце прызнана сям’я Уладзіміра Уладзіміравіча і Галіны Віктараўны Харчанка, дзе спортам займаюцца і самі бацькі, і дзеці. У ліку пераможцаў аказалася і цэлая валынецкая вуліца з лірычнай назвай «Чаромушкі». Яе жыхары, большая частка якіх — пенсіянеры Валынецкага ПМС, нястомна добраўпарадкоўваюць сядзібы і зрабілі вуліцу самай дагледжанай і прыгожай у аграгарадку. За найбольш багатую кулінарную выставу адзначаны калектыў філіяла ТЦСАН.
Намеснік старшыні райвыканкама Т.В.Севалкіна шчыра падзякавала ўсім, хто прыняў удзел у арганізацыі і правядзенні свята, і пажадала «Зорнаму карагоду» ярка ззяць на культурным небасхіле раёна.

На выставе майстроў народнай творчасці з Латвіі.

Гэты фестываль становіцца сапраўдным культурным брэндам раёна,- пракаменціравала падзею І.Ф.Козел.- Такія водгукі аб ім і ў нашых калег з замежжа. Яны пакораны высокай патрыятычнасцю і любоўю да Айчыны, нацыянальнай самасвядомасцю, якія адчуваюцца ў творчасці беларускіх сяброў. Такім чынам, мы не толькі ўзнімаем культуру нашага народа, але і ствараем пазітыўны імідж краіны сярод суседніх дзяржаў.
Свята доўжылася народным гуляннем і пакінула ў яго гасцей самыя прыемныя ўражанні. А мясцовыя жыхары атрымалі сапраўдны падарунак для душы і імпульс для далейшага творчага развіцця.
С. Дзвінская.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *