Ніколі не забыць

Память

Успаміны Лідзіі Канстанцінаўны Калмычэўскай , былой жыхаркі спаленай вёскі Рэвуты.

У нашай прыгожай вёсцы было 20 дамоў. Хадзілі на калгасную працу дружна, з песнямі. Жылі мы каля ракі Свольна, лавілі рыбу, каталіся на лодцы — і ўсё з песнямі. Да вёскі падступалі вялікія сасновыя лясы, куды хадзілі па ягады, грыбы. У сям’і было сямёра дзяцей: тры сястры і чатыры браты.
У час вайны немцы знішчалі нас шмат разоў. Спалілі частку дамоў, калі ішоў першы фронт. Нават карова згарэла, якая прыйшла ў абед на дойку. Наш дом таксама згарэў. Затым у вёсцы абгрунтаваўся атрад партызан. Мы дапамагалі ім: хадзілі на кухню, бульбу чысцілі. Па рацэ партызаны трымалі абарону. Дзяўчаты хадзілі ў каравул, а партызаны — на заданні. Яны нам казалі спецыяльны пароль, з дапамогай якога можна было прайсці ў лагер.
А ў другую ваенную зіму пачалося «паляванне» на партызан. У лесе было забіта шмат людзей. Мы жылі ў зямлянцы, там, дзе старажытныя курганы. Я моцна хварэла на тыф, а бацька ў зямлянцы памёр. Падчас набегаў карнікаў мы ўцякалі далей у лес. Узімку было холадна, мароз, уся вопратка замярзала на целе. Жанчыны нават нараджалі ў лесе каля вогнішча, абклаўшыся елкамі. Ежы не было. Сабраліся аднойчы вярнуцца ў вёску за ежай, але раптам, перад тым як выйсці ў поле, пачулі гул самалётаў. Пачалася бамбёжка і абстрэл вёскі. Тады былі забіты тыя, што засталіся дома, загінула шмат людзей. З усёй вёскі ацалела толькі лазня, якая стаяла каля ракі. Пасля ў ёй партызаны варылі есці.
Усяго было пяць блакад. Немцы рухаліся ланцугом, прачэсваючы лясы. На наш бок ракі іх спачатку не прапускалі партызаны, і фашысты ішлі праз Чарнавокі. Мая сястра з шасцігадовай дачкой Тамарай, свёкрам і свякрухай сядзелі ў кургане, бачылі, як ішлі немцы, трымаючы аўтаматы напагатоў. Дзяўчынка закрычала: «Мамачка, немцы!». Карнікі пачалі страчыць з кулямёта. Тамару паранілі, яна плакала, і немцы распарадзіліся на сваёй мове забіць «кіндэр», пусцілі чаргу — у дзіцяці было 19 ран. Свёкра паранілі, але ён уцёк, потым вярнуўся. Свякроў ляжала забітая. Сястра папрасіла свёкра ўзяць Тамару на рукі, бо яна не магла яе трымаць — рукі былі пасечаны. Дзяўчынку паклалі побач з бабуляй. Але карнікі ўсё роўна прыйшлі назад , каб праверыць, ці застаўся хто ў жывых. Сястра пачала прасіць, каб яе яны прыстрэлілі, але немцы сказалі: «Сама здохнеш». Сухары, што былі ў пакуначку, яны затапталі ў балота і сышлі. Усё гэта было ля балота Саханаў Мох. Там ёсць магілкі.
А нас падчас няўдалай разведкі злавілі каля рэвутаўскіх курганоў. Сяброўку маю застрэлілі, маму забралі ў палон, мне ж удалося ўцячы. Мама выжыла, памерла ўжо пасля вайны. Брат Міша загінуў на фронце.
Пасля вайны я жыла ў Чарнавоках. Працавала ў калгасе, нарадзіла пецярых сыноў. Зараз жыву ў Асвеі. Ёсць у мяне пара даваенных фотаздымкаў, у тым ліку фота малой Тамарачкі.
У Рэвутах нам не дазволілі пасяліцца. Няма каму там палюбавацца прыгажосцю. Доўга яшчэ на полі сеялі жыта, а цяпер усё засадзілі лесам. Толькі з другога берага бачны пагорак з могілкамі. На іх пад хвоямі стаіць старажытны каменны крыж, які ўсё памятае. Ды ёсць яшчэ магіла ў Хатыні.
Успаміны Л. Калмычэўскай запісаны настаўніцай Асвейскай СШ
Л. ПЯТРОЎСКАЙ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *