Гандаль павінен адпавядаць сучасным патрабаванням

Актуально Общество

На чарговым выязным пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў разгледжана пытанне «Аб якасці гандлёвага абслугоўвання насельніцтва Верхнядзвінскага раёна».

Удзельнікі работы прэзідыума наведалі асвейскія магазіны. (Злева направа) В. Е. Гладкова, І. Ф. Козел, І. А. Тамашэвіч.

 

Аналіз работы раённага гандлю праходзіў у Асвейскім сельскім Савеце, дзе ён прадстаўлены найбольш поўна — прадпрыемствамі розных форм уласнасці і сучаснымі спосабамі абслугоўвання. Як адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І.Ф.Козел, актуальнасць тэмы ўзрастае ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Перад гандлёвымі работнікамі стаіць задача не проста рэалізоўваць тавар, але актыўна ўздзейнічаць на фарміраванне спажывецкага попыту. Рабіць гэта магчыма толькі за кошт павышэння якасці абслугоўвання, укаранення сучасных метадаў гандлю, пашырэння асартыменту, выкарыстання выгаднага для пакупніка цэнавога фактару, прэферэнцый і бонусаў.
Намеснік старшыні райвыканкама А.А.Барздыка паведаміла, што гандлёвае абслугоўванне ў раёне забяспечваюць 32 арганізацыі розных форм уласнасці і звыш 80 індывідуальных прадпрымальнікаў. Са 174 аб’ектаў рознічнага гандлю 87 належаць райспажыўтаварыству. Дзейнічаюць рынак на 300 месц і 23 аб’екты грамхарчгандлю на 641 пасадачнае месца. Сацыяльныя стандарты па гандлёваму абслугоўванню выконваюцца: на тысячу насельніцтва прыходзіцца 489 кв метраў гандлёвых плошчаў, што больш, чым у сярэднім па вобласці і рэспубліцы. Рознічны тавараабарот за 7 месяцаў склаў 252 млрд рублёў або 115,4 % да ўзроўню папярэдняга года. На кожнага жыхара рэалізавана тавараў на 11 млн рублёў, у тым ліку на 7 млн — харчовых.
Гандлёвыя прадпрыемствы пастаянна ўдасканальваюцца, набываюць прывабны знешні выгляд, тут укараняюцца сучаснае абсталяванне, метад самаабслугоўвання, плацёжныя тэрміналы. Папулярнымі з’яўляюцца такія формы работы, як продаж тавараў у крэдыт, вынасны і выязны гандаль, кірмашы, акцыі, скідкі малазабяспечаным грамадзянам і іншыя. Праведзены 152 кірмашы выхаднога дня і 10 — сельскагаспадарчых. Ад актыўных форм гандлю атрымана звыш 5 млрд рублёў выручкі.
На пытанні жыхароў раёна аб адкрыцці магазіна «Еўраопт» А.А.Барздыка адказала, што рынак для інвестараў адкрыты. На сайце райвыканкама ў свабодным доступе ёсць інфармацыя аб наяўнасці ўчасткаў для будаўніцтва гандлёвых аб’ектаў. Любы жадаючы можа ўдзельнічаць у аукцыёне і перамагчы. Але інвестары неахвотна ідуць у глыбінку, дзе акупнасць сродкаў невысокая. Да таго ж, умовай знаходжання на раённым гандлёвым рынку з’яўляецца абслугоўванне сельскіх жыхароў, якое не ўсіх прываблівае.
А вось спажывецкая кааперацыя, якая забяспечвае ў раёне больш паловы тавараабароту, трымае ў вёсцы 72% наяўных гандлёвых аб’ектаў. Восем аўтамагазінаў абслугоўваюць 171 малы населены пункт, дзе пражывае 2,7 тысячы чалавек. Як расказала старшыня райспажыўтаварыства І.А.Тамашэвіч, райпо абслугоўвае 183 вёскі з насельніцтвам да 50 чалавек, у тым ліку 30 — да трох чалавек. Каб прывезці патрэбны тавар нават 1-2 жыхарам, іншы раз даводзіцца адольваць да сотні кіламетраў. Зразумела, гэта надзвычай стратна, але арганізацыя выконвае важную для людзей сацыяльную місію.
Каб вытрымаць пры гэтым канкурэнцыю на гандлёвым рынку, райпо актыўна дзейнічае ў розных напрамках. Аб’екты гандлю набываюць сучасны выгляд. Укладанне на працягу пяці гадоў 11 млрд рублёў інвестыцый прынесла 510 млн рублёў чыстага прыбытку. Вялікую ролю кааператары надаюць цэнавой канкурэнцыі. І.А. Тамашэвіч прывяла прыклады кошту тавараў у райпо і магазінах іншых уладальнікаў — мяса курэй, крупы, мука, рыба, кава, садавіна і іншыя групы тавараў у кааператараў дзешавей. А калі ўступіць у рады пайшчыкаў, то скідкі будуць складаць яшчэ ад 10 да 20 працэнтаў кошту пакупкі. Многія жыхары раёна ацанілі ўжо гэтыя перавагі: паямі карыстаюцца 8 тысяч пакупнікоў. Менавіта ў райпо можна набыць тавар у крэдыт на самых выгадных умовах. Гэта арганізацыя займае першае месца ў вобласці па ўкараненні плацёжных тэрміналаў і безнаяўнай формы разлікаў.
Прыкладам эфектыўнай работы гандлю ў малых населеных пунктах з’яўляецца Асвейскі сельскі Савет. Тут дзейнічаюць 10 магазінаў, у тым ліку 8 — райпо, кафэ «Жамчужына», якое працуе па заяўках кліентаў. Тавараабарот складае 11 млрд рублёў. Штотыдзень праводзяцца кірмашы, практыкуецца выязны гандаль. Звыш 20 пастаўшчыкоў дастаўляюць тавар напрамую да прылаўка.
Старшыня сельвыканкама В.Е. Гладкова расказала, што гандлёвыя работнікі дабіраюцца да самых аддаленых вёсак, выконваюць заяўкі сялян, ажыццяўляюць закупкі сельгаспрадукцыі з падсобных гаспадарак.
Удзельнікі пасяджэння наведалі гандлёвыя пункты сельсавета і ўпэўніліся ў тым, што станам гандлю вяскоўцы задаволены.
Аднак магчымасцей паляпшэння якасці абслугоўвання і ў райпо, і ў іншых удзельнікаў рынку яшчэ нямала. Перад імі пастаўлены задачы забяспечыць выкананне прагнозных паказчыкаў тавараабароту і прыбытковую дзейнасць, функцыянаванне сацыяльных стандартаў, захаванне рэжымаў работы,навядзенне парадку на тэрыторыях, своечасовыя разлікі з пастаўшчыкамі. Неабходна весці пастаянны кантроль за ўзроўнем цэн на сацыяльна-значымыя тавары, працягваць работу па ўкараненні сучасных відаў і форм гандлю, тэхнічна ўмацоўваць аб’екты, паляпшаць культуру абслугоўвання, эфектыўней займацца падборам кадраў, шырэй выкарыстоўваць рэкламу і інфармаванне насельніцтва аб гандлёвых паслугах.
На пасяджэнні ўзнята таксама праб лема незаконнага гандлю. Дэпутат райсавета, начальнік раённай падатковай інспекцыі А.М.Ушакова прывяла прыклады нелегальнага гандлю на тэрыторыі раёна таварамі, завозімымі з Расіі. Прычым гэта не адзінкавыя выпадкі, а бадай што раскручаны ценявы бізнес. Аб тым гаворыць факт распаўсюджвання сярод патэнцыяльных пакупнікоў прайс-лістоў і каталогаў з прадукцыяй, у тым ліку харчовай. Нелегальны бізнес — не толькі ўрон мясцоваму бюджэту з-за няўплаты падаткаў, але і адцягненне выручкі ў правамоцных удзельнікаў рынку і, што немалаважна, распаўсюджанне небяспечнай прадукцыі. Падаткавікі, супрацоўнікі міліцыі, работнікі іншых адказных структур выкрываюць шляхі незаконнага гандлю, але актыўна процідзейнічаць яму можна толькі з дапамогай сельскай улады, дэпутатаў і самога насельніцтва.
-Процістаяць незаконнаму бізнесу трэба ўсім мірам,- адзначыла І.Ф. Козел.- Нашы людзі павінны разумець, што пагоня за ўяўнай выгадай абарочваецца вялікімі праблемамі. Гандаль павінен быць цывілізаваным, якасным, адпавядаць усім нормам і правілам, прыносіць людзям задавальненне і карысць.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *