У Росіцы адбыліся традыцыйныя духоўныя урачыстасці

Актуально Духовность

У Росіцкім касцёле Святой Троіцы адбыліся традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Благаслаўлёных Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры.


У жніўні ў Росіцы адзначаюцца ўгодкі кананізацыі пакутнікаў Антонія Ляшчэвіча і Юрыя Кашыры. І хаця духоўныя сустрэчы штогод маюць адну тэму, яны заўсёды непаўторныя. Як новымі фарбамі ззяюць ля касцёла каскады кветак, так людзі, што збіраюцца ў Росіцу з розных куткоў свету, па-новаму адкрываюць для сябе каштоўнасці веры. У малітоўным роздуме, у словах пастыраў, у асэнсаванні росіцкіх падзей, у самой атмасферы гэтага святога месца крыецца бездань духоўнага пажытку для чалавека.
Сёлета Росіца зноў сустракала сотні гасцей і пілігрымаў з Беларусі і замежжа. Каля 250 чалавек прыйшлі сюды пешшу з Барысава, Друі і Полацка. Прыбыла таксама веласіпедная пілігрымка з 40 чалавек. На аўтобусах прыехалі вернікі з Мінска, Барысава, Жодзіна, Полацка, Наваполацка, Глыбокага, Верхнядзвінска, іншых мясцін. Сярод замежных пілігрымаў былі госці з Расіі, Польшчы і Германіі.


Удзел ва ўрачыстасцях прымалі Апостальскі адміністратар Віцебскай дыяцэзіі біскуп Францішак Кісель, дэлегат ордэна Марыянаў Польскай правінцыі Тадэвуш Бычкоўскі, візітатар Апостальскі грэка-католікаў Сяргей Гаек, іншыя духоўныя асобы.Свецкую ўладу на ўрачыстасцях прадстаўлялі супрацоўнікі райвыканкама на чале з намеснікам старшыні Т.В.Сявалкінай.
Святыня як заўсёды сустракала гасцей прыгожым і велічным выглядам. Пробашч касцёла Часлаў Курэчка стараецца, каб усё на гэтым асобым месцы было адметным і запамінальным. Навокал Храма добраўпарадкавана тэрыторыя, пераліваецца вясёлкавымі фарбамі мора кветак, зелянее і іскрыцца барвянымі кропелькамі барбарысу жывая Алея Памяці, у возеры і штучных сажалках уражваюць незвычайныя белыя, ружовыя і чырвоныя гарлачыкі. Святар з падтрымкай раённай і сельскай улады атрымлівае дапамогу працоўных калектываў, у Росіцу прыязджаюць валанцёры, школьнікі і моладзь.
На працягу двух дзён доўжылася праграма ўрачыстасці. Вернікі маліліся за ўмацаванне духоўнасці на роднай зямлі і ва ўсім свеце; сцвярджэнне высокіх маральных каштоўнасцей — любові, дабрыні, ахвярнасці, міласэрнасці, чысціні; усталяванне міру і ўзаемаразумення паміж людзьмі. Усе, хто прыходзіць у святыню, маюць і свае просьбы і маленні да Бога — аб здароўі, цвярозасці, згодзе ў сем’ях і многія іншыя. І як сцвярджаюць наведвальнікі Храма, Росіца чыніць цуды! Шматпакутнае і намоленае месца мае сілу пазбаўляць ад злога, рассейваць расчараванні і дарыць надзею. Для гэтага трэба толькі адкрыць сэрца да Бога і даверыць Яму свае шчырыя памкненні.


Аб гэтым гаварыў у звароце да вернікаў айцец Тадэвуш Бычкоўскі. Ён нагадаў вялікі сэнс подзвігу росіцкіх святароў, якія добраахвотна прынялі пакутніцкую смерць, не пакінуўшы сваю паству ў час выпрабаванняў. Тым самым яны паказалі прыклад вернасці свайму святарскаму абавязку, трываласці ў вызнаванні веры, вялікай ахвярнасці і любові.
Пасля начной Літургіі ўдзельнікі ўрачыстасці прайшлі ў Працэсіі святла да месца пакутніцкай смерці ахвяр вайны.
Упрыгажэннем малітоўнай праграмы стаў канцэрт духоўнай і класічнай музыкі Беларускай філармоніі.
Айцец Часлаў запрасіў усіх, хто прагне духоўнага ўзбагачэння і падтрымкі, часцей наведваць Росіцкі Храм і маліцца да Благаслаўлёных пакутнікаў, якія з’яўляюцца моцнымі заступнікамі нашай зямлі.
С.Аляксандрава.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *