Льноводы заготовили достаточно качественного сырья

Актуально Общество

На льнозаводзе — гарачая пара. Чакаецца паступленне тысячы тон валакна, або 3,5 тысячы тон у пераліку на трасту. Пачаўся сезон перапрацоўкі. А выспеў даўгунец як мае быць. Дырэктар прадпрыемства С. М. Скавародка якасцю сыравіны задаволены.


-Прымаем не ніжэй, чым першым нумарам. Земляробы СП «Боркавічы» і ААТ «Антонава-Агра», дзе вырошчваецца лён, своечасова выканалі ўсе агратэхнічныя аперацыі, таму і вынік радуе.
Не падвялі і заводскія льнаводы. Дзякуючы ім, даўгунец выдатна ўрадзіў на ўсіх 750-ці гектарах, замацаваных за прадпрыемствам.


Праўда, давялося прыкласці нямала сіл і сродкаў. Толькі на закупку элітнага насення выдаткавалі каля 400 мільёнаў рублёў. Лічы, месячны фонд зарплаты.
Падрыхтоўку глебы, унясенне ўгнаенняў, сяўбу, праполку пасеваў, церабленне, прасаванне забяспечыў наш мехатрад.
-Значыць, тэхнікі хапае?
-Мяркуйце самі: дзесяць трактараў МТЗ-82, пяць «Беларусаў» іншых мадыфікацый з прычапным інвентаром, сем камбайнаў ЛК-4, чатыры абарачальнікі, тры самаходныя церабілкі ТСЛ. Не пашкадавалі грошай і на два самаходныя агрэгаты «Дэхонд» французскай вытворчасці. Узялі ў лізінг абарачальнік-ачосвацель СООЛ-5 і абарачальнікі стужак лёну ОЛЛ-1.
А вось для ўборкі і транспарціроўкі ўраджаю звярнуліся за дапамогай да гарадскіх прадпрыемстваў. І сёння мы ўдзячны калектывам хлебазавода, райпо, жылкамунгаса, лясгаса, масласырзавода, якія «падзяліліся» тэхнікай, выдзелілі механізатараў.
-Сяргей Міхайлавіч, тэхніка без людзей — проста жалеза. Хто яе «ажыўляе»?
— Усіх пералічыць цяжка. Але нельга не назваць лідараў. Гэта — Дзмітрый Падольскі, Аляксандр Філіпенка, Дзмітрый Харомскі, Міхаіл Сахонька, Аляксандр Махонька.
-Думаецца, правільна будзе нагадаць і тых, хто забяспечвае тэхналагічны працэс, непасрэдна ўдзельнічае ў выпуску канчатковай прадукцыі.
-Гэта, у першую чаргу, вядучы аграном Надзея Алегаўна Мядзведзева, майстар змены Наталля Мікалаеўна Варславан, сартыроўшчыца Любоў Мікалаеўна Камагурава, аператар паточнай лініі па выпрацоўцы валакна Ірына Іосіфаўна Ярышкіна, манцёр па рамонту і абслугоўванню абсталявання Ігар Раманавіч Варановіч.
-Вышэй Вы без вялікага энтузіязму адзначылі, што давялося значна патраціцца на насенне для сяўбы. Але ж прадпрыемства вядзе яго нарыхтоўку…
-Сёлета трэба нарыхтаваць 90 тон насення даўгунцу. Засыпана ўжо 88 тон. Так што вясну сустрэнем ва ўсеўзбраенні.
-Жадаем поспеху.
М. КАТКОЎ.
НА ЗДЫМКАХ: сартыроўшчыца валакна Л. М. Камагурава; вядучы аграном Н. А. Мядзведзева сярод лепшых механізатараў (злева направа) А. А. Філіпенка, Д. М. Падольскі і М. В. Сахонька.
Фота Ларысы ЗАЙЦАВАЙ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *