Забыць не маем права

Память

На канферэнцыі ў Верхнядзвінску кнігу прэзентавалі яе стваральнікі Н.В.Кірылава і В.Дз.Селяменеў, якія расказалі аб мэтах праекта, шырока прадстаўленага дагэтуль у эфіры па радыё і тэлеканалах, у рэспубліканскім, абласным і раённым друку, у тым ліку і ў «Дзвінскай праўдзе». Прадстаўнікі ўлады і грамадскіх арганізацый нашага раёна горача падтрымалі ідэі акцыі.


Улетку 2012 г. да нас прыехала група гісторыкаў з Масквы, якой мы дапамагалі ствараць дакументальны фільм, ладзячы сустрэчы з людзьмі, што перажылі вайну. Ідэалагічным аддзелам райвыканкама ў супрацы са звёнамі аддзелаў адукацыі і культуры быў дадзены старт акцыі Памяці, галоўнай мэтай якой стала анкетаванне і збор успамінаў сведкаў фашысцкіх злачынстваў.
З ініцыятывы і пры непасрэднай арганізатарскай працы каардынатара праекта Наталлі Віктараўны Кірылавай былі актывізаваны кантакты з грамадскімі дабрачыннымі структурамі Германіі з мэтай надаць акцыі і такі практычны напрамак, як аказанне матэрыяльнай дапамогі былым жыхарам Асвейшчыны, што перажылі карныя экспедыцыі.
Нямецкая грамадская арганізацыя «Кантакты» прыняла рашэнне аб выдзяленні аднаразовай грашовай дапамогі ўратаваным жыхарам спаленых вёсак былога Асвейскага раёна, найбольш пацярпелага ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Галоўным крытэрыем адбору адрасатаў на выплаты паслужыў менавіта той факт, што ў гэтым раёне былі знішчаны дашчэнту ўсе пабудовы, з-за чаго нават уцалелыя ад расправы жыхары не маглі пасля знайсці ніякага прытулку на сваёй спапялёнай малой радзіме.
Нямецкі бок жадаў ведаць колькасны склад былых жыхароў «вогненных» вёсак. Да пачатку акцыі на зварот, які быў апублікаваны ў газетах, у тым ліку ў нашай «раёнцы», на адрас у Віцебску паступіла толькі 29 анкет-успамінаў. Нават без дакладнага падліку было зразумела, што гэты лік у дзясяткі разоў меншы за рэальны, аб чым мы і паведамілі нямецкім дабрачынцам. Мы атрымалі адказ, што нямецкі бок можа выплаціць па 300 еўра 90 нашым грамадзянам.
Было вырашана аказаць практычную падтрымку дабрачыннай акцыі ў складанні спісаў на кампенсацыі. Абмежаваны партнёрскі рэсурс вымусіў пасля абмеркавання ўсіх варыянтаў выбраць з іх найбольш абгрунтаваны і таму справядлівы.
Выплаты прадугледжаны толькі для ўцалелых жыхароў спаленых вёсак былога Асвейскага раёна, якія падчас карных экспедыцый былі вымушаны ўцякаць ад смерці ў пошуках прытулку, зараз жывуць у межах Верхнядзвінскага раёна, не мелі раней і не маюць зараз ніякіх ільгот або кампенсацыйных выплат, звязаных з абставінамі ваеннага часу.
У спісы не ўключаюцца жыхары спаленых вёсак іншых раёнаў Беларусі, якія зараз жывуць у Верхнядзвінскім раёне, а таксама асобы, якія яшчэ да пачатку карных экспедыцый памянялі месца жыхарства, перасяліўшыся за межы Асвейскага раёна, а пасля вярнуліся на свае папялішчы.
Спіс быў складзены па ўзроставым прынцыпе: у яго ўвайшлі жыхары былога Асвейскага раёна ад 1928 года нараджэння і старэйшыя. Тэрмін на складанне і апрацоўку дакументаў быў абмежаваны, і ў выніку некалькі грамадзянаў не былі занесены ў спіс своечасова.
Аўтару гэтага артыкула каардынатарам праекта было прапанавана прыняць удзел у міжнародным кангрэсе ў Мінску «Знішчэнне гарадоў і вёсак у Еўропе ў гады Другой сусветнай вайны», а таксама ў міжнародных канферэнцыях у Мінску і Віцебску. У нашай сталіцы выступалі дакладчыкі з чэшскай Лідзіцэ і французскага Арадура, з менш вядомых мясцін Еўропы, пацярпелых ад фашызму. Мой ілюстраваны выступ пра Асвейскую трагедыю для большасці замежнай часткі аўдыторыі быў адкрыццём. У Віцебску па эмацыйнасці і ўражальнай ілюстраванасці не было роўных выступу нашай вядомай краязнаўцы Алены Іванаўны Мінчанка, якая расказала пра трагедыю Расіцы. Іншым разам на міжнароднай сустрэчы ў Мінску зладзілі фотавыставу і паказалі свой фільм маскоўскія гісторыкі. Успаміны нашых землякоў і зямлячак з Расіцы і Маразоў, Сар’і і Асвеі перакладаліся на розныя мовы, але і без слоў было заўважна, як агаломшваюць замежных гасцей вочы, што глядзелі ў залу з экрана,- вочы тых, што перажылі жахі вайны.
Як сведчылі пасля ў кулуарах і на працоўных сустрэчах прадстаўнікі нямецкага боку, у дабрабытнай Еўропе тэма апошняй сусветнай вайны паступова страціла актуальнасць, і дзеля таго, каб грамадства Германіі адгукнулася на нашы звароты, вельмі важна актыўна прабівацца да свядомасці людзей. Гэта прагучала і ў лісце, які суправаджаў паведамленне аб выплатах нашым грамадзянам, дзе гаворыцца:.
«…Вы до сих пор не услышали официальных слов извинения от немецкого парламента и правительства ФРГ за те страдания, которые были причинены Вам в годы войны. В 1999 г. Бундестаг принял закон о компенсационных выплатах пострадавшим от фашистской тирании в Восточной Европе, включая и бывший СССР. Это не только деньги, это еще и знак признания ответственности за события прошлого. В законе ни слова не говорится о пострадавших в сожжённых белорусских деревнях. Немецкие политики не думали о Вас. Нам стыдно за это.
Мы склоняем голову в память о Ваших родных, близких и соседях, ставших жертвами этого преступления. Мы просим у Вас, выживших, от имени многих прогрессивных немцев о прощении. В качестве жеста примирения и солидарности мы хотели бы передать Вам гуманитарную помощь в размере 300 евро. Эта сумма — частичка добровольных пожертвований простых немецких граждан, которые искренне хотят дружить с Вашей страной и с Вашим народом, которые помнят прошлое».
Антон Бубала,
навуковы супрацоўнік рабочай групы раённага музея.
(Працяг будзе).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *